Ці сапраўды Расея хоча далучыць Беларусь?

Расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін назваў "магчыма, вельмі пажаданым" аб'яднаньне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву. Чым патлумачыць вяртаньне да інтэграцыйнай рыторыкі? Ці папулярная ў Расеі ідэя аб'яднаньня зь Беларусьсю? Ці зможа Аляксандар Лукашэнка выкарыстаць расейскія выбары на сваю карысьць?

Удзельнікі: намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Чым патлумачыць вяртаньне да інтэграцыйнай рыторыкі?


Валер Карбалевіч: "Зусім нядаўна амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў у інтэрвію агенцтву БелаПАН запэўніваў беларускую публіку, што Расея не замахваецца на сувэрэнітэт Беларусі, Маскве гэта непатрэбна, у Расеі хапае сваёй тэрыторыі. І большасьць экспэртаў аднадушна сьцьвярджалі, што ідэя аб’яднаньня дзьвюх дзяржаў згінула сьмерцю храбрых.

І вось Пуцін усё гэта абверг і заявіў, што аб'яднаньне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву "магчыма, вельмі пажадана". А прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка ўжо ня здраднік, ня "хросны бацька", а паважаны палітык, "які пасьлядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расеяй". Чым патлумачыць вяртаньне да інтэграцыйнай рыторыкі?".

Андрэй Суздальцаў: "Нейкай асаблівай інтэграцыйнай рыторыкі адносна Беларусі цяпер у Расеі няма. Ідэя інтэграцыі сканцэнтраваная на праекце Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы, які прывязаны да выбараў.

У дадзеным выпадку Пуцін паўтарыў старую вэрсію, якую ён агучыў яшчэ ў 2002 годзе: аб’яднаньне магчымае, калі будзе жаданьне беларускага народу. Зразумела, што ніякага аднадушша па гэтым пытаньні ў беларускім грамадзтве няма. Таму тут мы бачым пытаньні і адказ. І ня больш за тое".

Андрэй Фёдараў: "Для мяне заява Пуціна не падаецца дзіўнай. У адрозьненьне ад тых экспэртаў, пра якіх вы гаварылі, я не лічу, што тэма аб’яднаньня Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву вычарпаная. У Масквы існуе ідэя спачатку падпарадкаваць сабе Беларусь эканамічна, а потым, калі будзе зручны момант, і палітычна. Дарэчы, той самы амбасадар Сурыкаў, якога вы ўзгадалі, у сваім "абвяржэньні" ідэі інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі сказаў, што калі вы захочаце аб’яднацца ў адну дзяржаву, то мы супраць ня будзем.

Але беларускае грамадзтва ставіцца да гэтай ідэі нэгатыўна. Сам Лукашэнка на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што большасьць беларускага народe не жадае далучацца ані да Расеі, ані да ЭЗ.

Гэтая заява Пуціна тлумачыцца тым, што ў Расеі набліжаюцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. Выбары ў Дзярждуму мала каго цікавяць у самой Расеі. Усё сканцэнтравана на прэзыдэнцкіх выбарах. Пуцін зьбіраецца ў іх удзельнічаць. У мяне не выклікае сумненьня, што ў расейскім грамадзтве захоўваецца ідэя прырошчваньня тэрыторыі".


Ці папулярная ў Расеі ідэя аб'яднаньня зь Беларусьсю?


Карбалевіч: "Калі зыходзіць з таго, што заява Пуціна — гэта перадвыбарчы піяр, то з гэтага вынікае, што ідэя інтэграцыі Беларусі і Расеі папулярная ў Расеі. Бо любы піяр арыентуецца на грамадзкую думку".

Суздальцаў: "Гэта ня так. Інтэграцыйная тэма на ўсёй постсавецкай прасторы была заўсёды папулярная, таму актыўна выкарыстоўвалася элітамі. Але ў Расеі цяпер на парадку дня стаіць не праект аб’яднаньня Беларусі і Расеі, а праект Мытнага саюзу трох дзяржаваў (Беларусі, Расеі і Казахстану). Ня буду казаць пра народ, а ў расейскай эліце Лукашэнка цяпер не каціруецца. Пакуль ён ва ўладзе, няма сэнсу гаварыць пра інтэграцыю. Я лічу, што пры любой уладзе аб’яднаньне Беларусі і Расеі немагчымае. Беларускай тэмы падчас гэтых выбараў у Расеі няма.

Карбалевіч: "Тады чым жа вы патлумачыце гэтую заяву Пуціна? Думаю, і пытаньне, і адказ былі загадзя падрыхтаваныя".

Суздальцаў: "Ня факт, што пытаньне і адказ былі загадзя падрыхтаваныя. Таму што беларуская тэма заўсёды ўзьнікае падчас прамых эфіраў і Пуціна, і Мядзьведзева. Што тычыцца ацэнкі Лукашэнкі, то Беларусь ратыфікавала ўсе дакумэнты па ўваходжаньні ў Адзіную эканамічную прастору. І ў гэтым пытаньні прэтэнзій да яго з боку Масквы няма. А пра саюзную дзяржаву гаворка цяпер не ідзе".


Лукашэнка і расейскія выбары


Карбалевіч: "Беларускае кіраўніцтва імкнецца выкарыстаць выбарчую кампанію ў Расеі ў сваіх мэтах. Пэрыяд расейскіх выбараў яшчэ з часоў Ельцына — гэта спрыяльны час для інтэграцыйнай рыторыкі. На беларускіх тэлеканалах пачалося ганьбаваньне Мядзьведзева. Гэта значыць, што Лукашэнка зрабіў стаўку на Пуціна? І вось заява Пуціна ў адказ. Можа, гэта альянс? Ці зможа Аляксандар Лукашэнка скарыстаць расейскія выбары ў сваіх інтарэсах?"


Фёдараў: "Ня думаю, што беларускія ўлады ўскладаюць вялікія надзеі на гэтыя выбары. Тыя часы прайшлі. Гульня на баку Пуціна супраць Мядзьведзева нічога не дадасьць расейскаму прэм’еру. Бо ўсе рычагі кіраваньня і так у ягоных руках. А Мядзьведзеў — гэта "зіц-старшыня".

Што тычыцца апошняй заявы Пуціна, дык там быў ня толькі камплімэнт на адрас Лукашэнкі. Там быў пэўны зьдзек. Бо там гаворка ішла пра аб’яднаньне Расеі ня толькі зь Беларусьсю, але і з Паўднёвай Асэтыяй. Большую абразу для беларускага кіраўніцтва прыдумаць цяжка. І, дарэчы, прадстаўнік МЗС Беларусі нэгатыўна ацаніў гэтае выказваньне Пуціна".

Суздальцаў: "Лукашэнка ўдзельнічаў ва ўсіх расейскіх выбарах. Цяпер сапраўды Лукашэнка выступае супраць Мядзьведзева. Ён дасканала вывучае настроі, барацьбу груповак у Крамлі. Прэзыдэнт Беларусі імкнецца падтрымаць Пуціна. Каб, па-першае, потым заявіць, што толькі дзякуючы ягонай падтрымцы Пуцін перамог. Як ён казаў, што ў 2008 годзе Мядзьведзеў перамог дзякуючы ягонай дапамозе. Па-другое, потым, пасьля выбараў, Лукашэнка выставіць рахунак, які Пуцін мусіць аплаціць.

Але адначасова Лукашэнка вядзе і другую гульню — зь леваэкстрэмісцкім крылом расейскага палітычнага спэктру. У расейскіх мэдыях зьявіліся выступы ў падтрымку беларускага лідэра, нейкія пікеты. Гэтыя сілы выступаюць і супраць Пуціна, і супраць Мядзьведзева. У гэтай працы задзейнічаны немалыя грошы, важную ролю тут адыгрывае беларуская амбасада ў Расеі. Але надзеі Лукашэнкі ілюзорныя. Гэта рызыкоўная гульня, ён загуляўся".