Пуцін: «Лукашэнка пасьлядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расеяй»

Форум "Селігер-2011"

Аляксандр Лукашэнка пасьлядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расеяй, заявіў расейскі прэм'ер-міністар Уладзімір Пуцін 1 жніўня, сустракаючыся з моладзьдзю на форуме "Селігер-2011", арганізаваным у Цьвярской вобласьці праўрадавым рухам "Наши".

Як паведамляе расейскае агенцтва «Новости», прэм'ер-міністру задали пытаньне пра тое, ці могуць Расея і Беларусь стаць адным цэлым, так як гэта было ў часы Савецкага Саюза.

"Гэта магчыма, вельмі пажадана і цалкам залежыць - на 100% залежыць - ад волевыяўленьня беларускага народу", - сказаў Пуцін.

"Гэта магчыма, вельмі пажадана і цалкам залежыць - на 100% залежыць - ад волевыяўленьня беларускага народу"

У адказ малады чалавек, прадстаўнік Беларусі, запэўніў, што народ гэтага хоча, паведамляе агенцтва «Новости». "Тады змагайцеся за гэта", - сказаў Пуцін.

Ён адзначыў, што ў Беларусі ёсьць розныя падыходы да інтэграцыйных працэсаў, і важна, каб голас у абарону інтэграцыі быў пачуты.

"Але пры ўсіх складанасьцях, якія ўзьнікаюць час ад часу, скажам, у сфэры эканомікі, у энэргетыцы, з газам мы спрачаемся, трэба аддаць належнае сёньняшняму кіраўніцтву рэспублікі і Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу, які пасьлядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расеяй", - сказаў расейcкі прэм'ер.