Аўстрыя пакрыўдзіла Літву і пацешыла Маскву

Пратэст каля пасольства Аўстрыі ў Вільні

Аўстрыйскі суд вызваліў былога камандзіра групы спэцназу КДБ «Альфа» Міхаіла Галаватава, які быў затрыманы ў Аўстрыі на патрабаваньне літоўскіх уладаў. Літва патрабуе выдачы Галаватава паводле абвінавачваньня ў гібелі людзей пры штурме тэлевежы ў Вільні ў 1991 годзе.

Інтэрнэт-выданьне Gazeta.ru паведамляе са спасылкай на асацыяцыю вэтэранаў «Альфы», што Галаватаў адразу пасьля прыляцеў у Маскву. У асацыяцыі патлумачылі, што палкоўнік знаходзіўся ў Аўстрыі на адпачынку, прычым яго папярэджвалі аб магчымым арышце на тэрыторыі Эўразьвязу, што і адбылося ў чацьвер, 14 ліпеня.

Аўстрыйскі суд прыняў рашэньне на карысьць спэцназаўца ноччу зь пятніцы на суботу, піша Gazeta.ru, бо ў справу ўмяшалася кіраўніцтва МЗС і Генпракуратуры Расеі.

Адразу пасьля таго як Літва даведалася аб рашэньні на карысьць Масквы, пасол Аўстрыі ў Літве быў выкліканы на панядзелак у літоўскае Міністэрства замежных спраў для тлумачэньняў. Адначасова Літва адклікала свайго пасла з Аўстрыі. Літоўскія палітыкі загаварылі пра магчымасьць разрыву дыпляматычных дачыненьняў з Аўстрыяй, паведамляе партал DELFI.

У ноч на 13 студзеня 1991 году падчас штурму савецкімі войскамі тэлецэнтру ў Вільні загінулі 14 чалавек, больш за 600 былі параненыя. У сувязі з гэтымі падзеямі Віленскі акруговы суд у 1999 годзе асудзіў шэсьць чалавек, яшчэ 23 застаюцца падазраванымі ў гэтай справе. У ліку 23 падазраваных 21 грамадзянін Расеі і двое грамадзян Беларусі – былы камандуючы Віленскага вайсковага гарнізону Ўладзімер Усхопчык і тагачачны другі сакратар літоўскай кампартыі Ўладзіслаў Швед.