У Магілёве зьявілася вуліца Грунвальдзкая

У новым мікрараёне Магілёва зьявіліся новыя вуліцы — Грунвальдзкая, Льва Сапегі, Мікалая Гартынскага і Цішкі Гартнага.

Гэтыя вуліцы атрымалі свае назвы па прапановах грамадзкіх арганізацый гораду. Адпаведнае рашэньне 14 ліпеня прынятае на сэсіі гарадзкога Савета дэпутатаў.

Паводле сябра БСДП Анатоля Сідарэвіча, ёсьць спадзяваньне, што ў хуткім часе ў Магілёве зьявяцца вуліцы імя братоў Гарэцкіх — Максіма і Гаўрылы, імя Аркадзя Смоліча, Міхася Ткачова і іншых выбітных дзеячаў, якія нарадзіліся на Магілёўшчыне.