Эўразьвяз патрабуе ад Менску апраўданьня палітвязьняў

Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, адрэагавала на чацьвярговую заяву Аляксандра Лукашэнкі пра гатовасьць дэпартаваць зь Беларусі вязьняў Плошчы.

“Мы бачылі самыя розныя заявы, якія прэзыдэнт Лукашэнка зрабіў за апошнія некалькі тыдняў, але пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу вельмі ясная: мы неаднаразова заклікалі ўлады ў Менску вызваліць усіх палітычных вязьняў, а таксама ўсіх, хто быў затрыманы з палітычных матываў. Мы таксама заяўлялі, напрыклад, у чэрвеньскім заключэньні Рады Эўропы, што беларускія ўлады павінны ня толькі вызваліць палітвязьняў, але і апраўдаць іх”, – сказала Мая Кацыянчыч.