Падтрымка Ліхавіда й арыштантаў маўклівай рэвалюцыі

Актывісты руху «За свабоду» цягам апошніх дзён зладзілі інфармацыйную акцыю ў падтрымку палітвязьня Мікіты Ліхавіда, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёнія № 17 у Наваполацку.

Рэгіянальны кіраўнік руху «За свабоду» Пятро Кузьняцоў апавёў, што актывісты вырабілі 15 тысяч улётак у падтрымку Мікіты й распаўсюдзілі іх у Гомелі, Ветцы, Рэчыцы, Сьветлагорску, Жыткавічах:

«Мы лічым, што такая падтрымка вельмі патрэбная, і асабліва зараз, калі паднялася новая хваля пратэсту, і пратэстуе ў асноўным моладзь. Мікіта — звычайны хлопец, яму 21 год. Ён хацеў аднаго: сумленных выбараў, але яго кінулі за краты. Аднак Мікіта й за кратамі працягвае змагацца, не прызнае сябе асуджаным. Начальства калёніі ўжо чатыры разы адпраўляла хлопца ў турэмны карцар. Грамадзтва мусіць ведаць пра такіх мужных людзей і маральна іх падтрымліваць».
Грамадзтва мусіць ведаць пра такіх мужных людзей і маральна іх падтрымліваць.

Ва ўлётках апавядаецца, што Мікіта Ліхавід асуджаны за Плошчу на 3,5 году пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Зьмешчаныя камэнтары ягонай маці Алены Ліхавід, лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. Прыводзіцца адрас, каб можна было напісаць Мікіту ў калёнію, патэлефанаваць у адміністрацыю і папярэдзіць пра недапушчальнасьць беспадстаўна жорсткага стаўленьня да маладога хлапца.

І сёньня ж актывісты руху «За свабоду» і грамадзкага камітэту «Салідарнасьць» пачалі збор сокаў, мінеральнай вады й сродкаў гігіены «сядзельцам» гомельскага ізалятара, асуджаным на 5-15 сутак за ўдзел у «маўклівай рэвалюцыі» 3 ліпеня, у афіцыйны Дзень незалежнасьці.