На межах імкліва растуць чэргі

Ад аўторка застаюцца тры дні да ўвядзеньня ў Беларусі новага, значна вышэйшага мыта на ўвезеныя з-за мяжы аўтамабілі. З 1-га ліпеня ў рамках Мытнага саюзу беларускія тарыфы падвысяцца да ўзроўню цяперашніх расейскіх, і таму агульны кошт увезенага аўтамабіля істотна вырасьце. З-за гэтага на заходняй мяжы краіны цяпер зноў утвараюцца шматкілямэтровыя чэргі, аўтамабілісты трацяць час і нэрвуюцца, узьнікаюць пратэстныя настроі.

Падрабязнасьці сытуацыі ўдакладнялі рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

ПОЛЬСКА-БЕЛАРУСКАЯ МЯЖА


У аўторак, паводле апэратыўных зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, чэргі з аўтамабіляў на ўезд у Беларусь былі практычна на ўсіх памежных пераходах — ад 50 аўтамабіляў у Дамачаве да 200 у Брузгах. Начальнік прэс-службы Берасьцейскай памежнай службы Аляксандар Кіслоў удакладніў, што ажыятаж на ўвоз аўтамабіляў не спадае, таму памежнікі й мытнікі ўзмацняюць сваю працу:

Усе каналы занятыя — зялёныя й чырвоныя, няма ніводнага пустога месца.
"Усе каналы занятыя — і зялёныя, і чырвоныя. Няма ніводнага пустога месца. Усе каналы працуюць на пашпартны кантроль і мытны дадгляд".

Беларуска-польскую мяжу на працягу сутак перасякае цяпер больш за 12 тысяч чалавек, хоць нядаўна было 9 тысяч. Афармленьня дакумэнтаў трэба чакаць 10—12 гадзінаў. Людзі моцна стамляюцца і таму нэрвуюцца, нават сварацца. Пра гэта расказвае, у прыватнасьці, Аляксей Апанасевіч з Клецку:

Людзі нібыта шалёныя — хапаюць, бяруць аўтамашыны спрэс, гоняць, каб хутчэй іх вывезьці.
"Людзі нібыта шалёныя — хапаюць, гоняць, бяруць усё спрэс, каб хутчэй вывезьці. А тут жа ежы няма, трэба стаяць у чарзе суткамі. Я ж тут быў тры тыдні таму — на мяжы такога яшчэ не было. А цяпер нашмат горш…".

Чым бліжэй да 1-га ліпеня, тым большыя чэргі

Берасьцейскі актывіст рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня "Пэрспэктыва" Ўладзімер Катрыч паведаміў "Свабодзе" пра вынікі маніторынгу сытуацыі. Ён заяўляе, што аўтамабілісты зноў могуць учыніць на мяжы страйк пратэсту, як гэта ўжо было 19 чэрвеня:

"На сёньня мытня працуе не апэратыўна. Чым бліжэй да 1-га ліпеня, тым растуць большыя чэргі. Мы правялі сваімі сіламі маніторынг сытуацыі на некалькіх памежных пераходах. У пункце пропуску "Пясчатка" ў зьмене разам з начальнікам было 3 чалавекі. Ясна, што яны не ўпраўляюцца. На ПП "Дамачава" — 4 чалавекі. Нам начальнік зьмены на ПП "Пясчатка" вельмі скардзіўся, што яму ніхто не дапамагае".

Пра вынікі маніторынгу на мяжы Ўладзімер Катрыч паведаміў у Дзяржаўны мытны камітэт, папярэдзіўшы пра магчымасьць чарговай акцыі пратэсту:

"На кожным пераходзе мы апыталі ад 20 да 30 чалавек. Пра сытуацыю я паведаміў апэратыўнаму дзяжурнаму й папрасіў паведаміць старшыні Памежнага камітэту Аляксандру Шпілеўскаму. Таксама я перадаў меркаваньне людзей, што калі сытуацыя не палепшыцца, то яны зноў могуць заблякаваць уезд і выезд на гэтых пастах".

Калі, ня дай Бог, здарыцца якая акцыя пратэсту, то мы будзем абавязаныя на гэта рэагаваць.
На чуткі пра магчымыя пратэсты ўжо адрэагавалі памежнікі. У прыватнасьці, Аляксандар Кіслоў патлумачыў:

"Усе зараз напружваюцца, ніхто не сядзіць і, як кажуць, бавіцца каваю. Таму, калі, ня дай Бог, здарыцца якая акцыя пратэсту, то мы будзем абавязаныя на гэта рэагаваць…"

ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАЯ МЯЖА


Чэргі на ўвоз аўта ў Беларусь не зьнікаюць увесь апошні тыдзень

З 10 чэрвеня па 1 ліпеня мытная служба Рэспублікі Беларусь працуе ва ўзмоцненым рэжыме. На Гарадзеншчыне ў мытных пунктах пропуску на мяжы з Польшчай чэргаў на ўвоз і афармленьне аўта няма, на мяжы зь Літвою чэргі не зьнікаюць увесь апошні тыдзень.

Каб паспрыяць афармленьню аўтамашын, набытых у іншых краінах, мытня з 28 чэрвеня афармляе іх непасрэдна на мяжы. Намесьнік начальніка Гарадзенскай рэгіянальнай мытні Віктар Гурэеў распавядае пра ўзмоцнены рэжым працы мытні:

Гурэеў: "На пунктах пропуску дадаткова выдзеленыя супрацоўнікі для афармленьня транспартных сродкаў, унутраныя пункты мытнага афармленьня ў горадзе пераведзеныя на кругласутачную працу. Транспартныя сродкі, якія перавозяцца для фізычных асобаў, якраз афармляюцца на гэтых пунктах, і новы рэжым працы вельмі зручны цяпер для людзей".

Спадар Гурэеў нават апавядае, што ўзрушаныя гаспадары новага аўта, якія аформілі дакумэнты а 4-й гадзіне раніцы, напісалі мытнікам падзяку.

Начальнік Гарадзенскай мытні не выключае, што чэргі могуць быць і заўтра

Спадар Гурэеў таксама кажа, што гэтымі днямі на пунктах пропуску на мяжы з Польшчай асаблівых чэргаў няма, мытнікі даюць рады. Але ён не выключае, што чэргі могуць зьявіцца нават заўтра.

Гурэеў: "На сёньняшні дзень абстаноўка спакойная, але я кажу, што гэта тэма пакуль ня сёньняшняга дня. Мытня працуе ва ўзмоцненым рэжыме, машыны афармляюцца. Але калі заўтра ў другой палове дня паглядзім, альбо яшчэ лепей — 30-га а 12-й, то карціна будзе цалкам яснай".

На памежным мытным пункце пропуску ў Катлоўцы, што на мяжы зь Літвой, ужо на сёньняшні дзень сытуацыя выглядае па-іншаму. Вось што распавядаў мне дзяжурны з мытнага пункту пропуску:

На літоўскім баку каля 80 аўтамашынаў на выезд

Спадар: "Ёсьць чарга, і яна ўжо тыдзень не зьнікае. Са слоў тых людзей, якія ўяжджаюць, на літоўскім баку каля 80 машынаў".

Карэспандэнт: "А людзі моцна нэрвуюцца?"

Спадар: "Ёсьць нават і бойкі на літоўскім баку. Праўда, ня ведаю, чым яны сканчаюцца. Але ваююць людзі, ваююць…".