У красавіку 2010 году ў эфіры і на сайце Беларускай службы Радыё Свабода вядомы рок-музыка Лявон Вольскі распачаў праект "Саўка ды Грышка".
28 чэрвеня ў сталічным клюбе "Loft" адбылася прэзэнтацыя мультымэдыйнага дыску "Саўка і Грышка. Песьні праўды. Год першы".
СПАМПАВАЦЬ ДЫСК
"Саўка ды Грышка. Год першы". Мікрасайт
Саўка ды Грышка едуць у Магілёў і Горадню
ПРЭЗЭНТАЦЫЯ Ў МАГІЛЁВЕ
Your browser doesn’t support HTML5
Атрымаць дыск можна будзе бясплатна таксама:
* 30 чэрвеня а 18-й гадзіне на творчай сустрэчы зь Лявонам Вольскім ў Магілёве (завулак Чкалава, 16, грамадзкі цэнтар “Кола”)
* 1 ліпеня а 18-й гадзіне на творчай сустрэчы зь Лявонам Вольскім ў Горадні (вуліца Будзёнага, 48а, заля ва ўнутраным двары)
Саўка, ці Савелій Пятровіч Пстрычка, прадстаўнік дробнай намэнклятуры, і Грышка, ці Рыгор Браніслававіч Глык, апазыцыянэр са стажам, — па жыцьці сябры, разам ходзяць у лазьню, але ў іх ідэйныя разыходжаньні. Яны спрачаюцца, сварацца, але працягваюць сябраваць і пераконваць адзін аднаго — зьявілася на сьвет ужо больш за 50 "Песень праўды".
Саўка ды Грышка: Гадавіна
Your browser doesn’t support HTML5
Інтэрвію зь Лявонам Вольскім
Іна Студзінская: “Лявон, вось у каго і калі ўзьнікла такая думка — адрадзіць Саўку ды Грышку?”
Вольскі: "Такім працаздольным і пладавітым я аказаўся! Я прапанаваў дырэктару Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандру Лукашуку зрабіць штосьці ў стылі кабарэ, толькі кабарэ ў сэнсе ў нямецкім ці польскім (ня блытаць з так званым рускім шансонам). Бэртольд Брэхт працаваў у такім жанры.
Спачатку я напісаў некалькі песень на тэму дня без герояў: "Ідэалёгія", "Вэнэсуэла", "Дзень Волі", Піва". А тут добрую ідэю падказаў Аляксандар Лукашук — можа, варта з двух бакоў неяк? І я напачатку думаў зрабіць героямі Казіка і Юзіка. А Лукашук кажа: можа, лепш Саўка ды Грышка? Я пагадзіўся: нармальна, будуць Саўка ды Грышка...
Студзінская: "Але 50 песень — даволі шмат. Я разумею, што бывае шмат падзеяў: то "чорныя сьпісы", то суды за 19 сьнежня, а бывае такое зацішша... Як у цябе хапае фантазіі?".
Вольскі: "Я, як і ўсе, досыць лянівы чалавек. Раблю ўсё ў апошні момант. Калі падыходзіць тэрмін дэдлайну ці часу "Ч", я праглядаю інтэрнэт і пішу. Бываюць і нарыхтоўкі, але рэдка, там такая мінімальная аранжыроўка, усё робіцца на кампутары. Але стараюся ўнесьці хоць нейкую разнастайнасьць, зьбіваюся раз-пораз у нейкі данс, альбо ў хімічную музычку, рэп, калі хочацца. А наконт пытаньня "надзённыя тэмы", што нічога істотнага не адбываецца... Да прыкладу, нядаўна была сьпёка. Можна было пра сьпёку размаўляць. Быў футбол, Можна было пра футбол. Саўка ды Грышка вядуць размовы ня толькі палітычныя, але і пра стаўленьне да жыцьця, напрыклад. У нас хапае ўсяго, тэмы ў нас ляжаць пад нагамі".
Студзінская: "А як удаецца пісаць і выконваць так, што абодва героі выклікаюць сымпатыю? Здавалася б, адзін — апазыцыянэр, другі — дробны намэнклятуршчык, чыноўнік. Але калі слухаеш, яны абодва сымпатычныя і пацешныя".
Вольскі:" Напачатку большую сымпатыю ў мяне выклікаў гэты адмоўны пэрсанаж, Саўка. Дробны намэнклятуршчык, бо ён такі больш душэўны, адкрыты да дыялёгу. Хоць ясна, што ў яго памылковыя перакананьні, ён можа быць такім дурнаватым, і ў той жа час — сымпатычным. А другі, Грышка, наадварот, выклікаў антыпатыю, таму што ён такі зашораны апазыцыянэр з КХП-БНФ, усё яму не падабаецца. Некаторы час было так, але пасьля пэўных падзеяў яны зьмяніліся. Апазыцыянэр Грышка набыў столькі цікавых рысаў характару! А дробны намэнклятуршчык Саўка нядаўна здаў свайго сябра ў мянтоўку...".
Студзінская: "Карацей, не ўдаецца апазыцыянэру перавыхаваць свайго сябра?".
А гумар заўсёды робіць такую своеасаблівую заслону гэтай рэчаіснасьці. Можа, у гэтай рэчаіснасьці пэўнаму адсотку народу і камфортна, але ня нам з вамі
Вольскі: "Мы паглядзім, як будуць разьвівацца падзеі ў краіне. Можа, праз пэўны час ён і перакуецца. Доўгатэрміновага сцэнару, чым усё скончыцца, хто ў які колер перафарбуецца — няма. Усё ад разьвіцьця падзеяў будзе залежаць. Як Ленін пісаў: "Жыць у грамадзтве і быць свабодным ад грамадзтва нельга...". Мо творца і можа быць свабодным ад грамадзтва, насуперак Леніну, але з такім жанрам, як палітычнае кабарэ — проста немагчыма".
Студзінская: "Вось у вас на шмат якіх радыёстанцыях былі гумарыстычныя праекты — "Квадракола", "Куплеты і прыпеўкі", "Радыё Гамон". Што тычыцца гумару, сатыры, іроніі, сарказму — ці выратуюць яны нас?".
Вольскі: "Нас як грамадзянаў і як людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, у пэўным атачэньні пэўных падзеяў і кіраўнікоў, апроч гумару, іроніі і сарказму наўрад ці што выратуе. Таму што ўвесь час крычаць "ШОС" — і што? Хаця ШОС — ініцыятыва досыць саркастычная. Ня трэба праблемы падпускаць блізка да сабе — бо могуць пачацца незваротныя працэсы. А гумар заўсёды робіць такую своеасаблівую заслону гэтай рэчаіснасьці. Можа, у гэтай рэчаіснасьці пэўнаму адсотку народу і камфортна, але ня нам з вамі. Гэты пэўны адсотак альбо працуе на нейкіх высокіх пасадах, дзе яму камфортна, альбо ён слаба адукаваны і нізкай духоўнай арганізацыі".