"Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" заклікае да адстаўкі міністра Куляшова

Анатоль Куляшоў

Суполка "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" распаўсюдзіла адкрыты зварот да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з заклікам адправіць у адстаўку міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова.

У паведамленьні гаворыцца, што 22 чэрвеня 2011 года ў цэнтры Менску і шэрагу іншых гарадоў супраць беларускіх грамадзянаў былі кінутыя сілы міліцыі і спэцназу. Супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія павінны абараняць людзей і прадухіляць якія-небудзь канфліктныя сытуацыі, без усялякіх прычынаў затрымлівалі людзей і адвозілі іх у РУУС.

"Калі людзі спрабавалі што-небудзь растлумачыць або высьветліць прычыну свайго затрыманьня, да іх ужывалася фізычная сіла. Выйшаўшы супраць мірнага насельніцтва міліцыя і АМАП учынілі бязьмежжа", – гаворыцца ў заяве.

Таксама суполка "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" нагадвае, што кіраўнік краіны абяцаў у выпадку, калі акцыя паўторыцца, звольніць з пасады міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова.

"Дык, каб больш не паўтаралася падобнае бязьмежжа, звольніце Куляшова! Стрымайце сваё слова!", – заклікае кіраўніка краіны суполка "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі".