Андрэй Пачобут: мяне перасьледуюць з палітычных матываў

Судовае сьледзтва па крымінальнай справе супраць журналіста Андрэя Пачобута было скончана 23 чэрвеня. Адвакаты папрасілі даць час, каб падрыхтавацца да судовых спрэчак, і адкласьці працэс да 28 чэрвеня. Аднак спрэчкі былі прызначаныя на 24 чэрвеня.

Працэс над журналістам Андрэем Пачобутам па-ранейшаму праходзіць у закрытым рэжыме. У суд, напрыклад, сёньня не пусьцілі генэральнага консула Рэспублікі Польшча ў Горадні Анджэя Хадкевіча.

Адвакаты журналіста Аляксандар Бірылаў (зьлева) і Уладзімір Кісялевіч.

Адвакат журналіста Аляксандар Бірылаў паведаміў пасьля заканчэньня судовага паседжаньня, што заўтра на працэсе пачнуцца спрэчкі:

"І потым прысуд — усё. Ну, наконт заўтра — ня ведаю, як там судзьдзя будзе вырашаць. Але мы заўтра выступаем у спрэчках — вось сытуацыя такая".

Другі адвакат, Уладзімір Кісялевіч, распавёў пра падрабязнасьці сёньняшняга пасяджэньня:

"У ходзе працэсу Пачобут заявіў пяць хадайніцтваў, было заяўлена хадайніцтва аб тым, каб дапусьцілі ў якасьці экспэртаў палітолягаў, грамадзкіх дзеячаў, вядомых у Беларусі, і — у якасьці сьведак. Напрыклад, ён заявіў, што трэба запрасіць у суд Ярмошыну — гэта вы ведаеце хто, Лазавіка, Дарафееву, Гары Паганяйлу, Карбалевіча — палітоляга, Бяляцкага Аляксандра, які працуе праваабаронцам, Аляксандра Казуліна, Мілінкевіча, Саньнікава, Статкевіча, Някляева, Лябедзьку, Станіслава Шушкевіча, Сяргея Калякіна, Мечыслава Грыба, Уладзіміра Гайсёнка, Шчукіна, Пастухова. Шчукін, Шушкевіч і Пастухоў могуць пацьвердзіць, як быў разагнаны парлямэнт. Усе хадайніцтвы судзьдзём былі адхілены. Адвакат Бірылаў заявіў некалькі хадайніцтваў: узяць з інтэрнэт-сайтаў матэрыялы, дзе Лукашэнка сам называе сябе дыктатарам".

Адвакат Кісялевіч таксама паведаміў:

"Андрэй Пачобут адмовіўся даваць нейкія паказаньні суду, заявіў, што калі скончыцца судовае сьледзтва, то ён пра гэта падумае. Потым, калі хадайніцтвы былі не задаволеныя, Андрэй Пачобут зачытаў свае тлумачэньні па ходу справы. Сказаў суду, што гэта і ёсьць "мае паказаньні". Пачобут заявіў, што ўлады Беларусі чыняць адносна яго перасьлед з палітычных матываў за яго грамадзкую і палітычную дзейнасьць".

Сёньня ў судзе дапытвалі экспэртаў па справе Андрэя Пачобута.

Адвакат Кісялевіч: "Адразу было відаць, што экспэрты дастаткова
экспэрты ня могуць адрозьніць паняцьці "гонар" і "годнасьць" ...

бязграматныя. Напрыклад, яны ня могуць адрозьніць паняцьці "гонар" і "годнасьць". Я задаю пытаньне: слова "дыктатар" — што прыніжаецца: гонар ці годнасьць? Гэта паняцьці, якія экспэрты павінны ведаць і, у рэшце рэшт, тлумачыць у сваім заключэньні".

Апроч двух супрацоўнікаў аблвыканкаму, экспэртам у справе Пачобута выступае прафэсар Нікіцевіч з Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту. Кажа адвакат Кісялевіч:

"Прафэсар Нікіцевіч паводзіўся больш стрымана, казаў: менавіта экспэртам не зьяўляюся, мне першы раз даручылі гэта зрабіць, я не набіваўся… Ён сказаў, што я зрабіў, як умеў… Справа даволі складаная, доказаў мала, экспэрты зьяўляюцца сьведкамі. Базы, якую трэба заўтра аналізаваць, практычна няма".

А вось што кажуць актывісткі Саюзу палякаў, якія знаходзіліся каля Ленінскага суду, каб маральна падтрымаць Андрэя Пачобута:

Першая спадарыня: "Поўнае бязладзьдзе, свабодай нават ня пахне ў нас. Саджаюць нашых хлопцаў і выклікаюць, зьдзекуюцца. Жах, што робіцца. Ня ведаю, да чаго мы прыйдзем. Таму што, калі не памяняецца ўлада наша "родная" ў двукосьсі, то ніякай свабоды ў нас ня будзе, а дэмакратыі няма і ў паміне. Вось так і жывем: стаім тут пад судом, хварэем душой за нашага таварыша, за Пачобута. Што яго чакае — невядома, але калі яму дадуць тэрмін, ён будзе вязьнем сумленьня. Прыкра".

Другая спадарыня: "Судзяць за праўду, больш нічога не скажу. Праўда ў нас караецца… Але ж гэтага замала, каб Лукашэнка зразумеў, што Саюз палякаў — гэта Саюз палякаў. Яны ня лічаць, што гэта наша арганізацыя, не прызнаюць".

Трэцяя спадарыня: "Мы на гэтай зямлі палякі, чаму да нас такое
Я хачу пачуць ад сваёй дзяржавы: чаму злачынцы на свабодзе, а гэты чалавек, якога я характарызую станоўча і ўсе мы тут, — зьняволены? ...

стаўленьне? Чаму мы сёньня не адчуваем свабоды слова? Чаму мы сёньня тут сабраліся, за што яго судзяць? Я знаю яго з малога дзяцінства, я знаю ягоных бацькоў. Гэта вельмі сьціплы, добрасумленны чалавек як бацька, як сем’янін, як муж і як сын — для сваіх бацькоў. Я ня ведаю — чаму ён сёньня ў зьняволеньні, за што? Ён што — злачынец?! Я хачу пачуць ад сваёй дзяржавы: чаму злачынцы на свабодзе, а гэты чалавек, якога я характарызую станоўча і ўсе мы тут, — зьняволены? Свабоду і толькі свабоду! І свабоду слова — для нас!".

Your browser doesn’t support HTML5

Падчас працэсу над Пачобутам




Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай "Газэты выборчай". У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з "Газэты выборчай" і дзьве з інтэрнэту — зь "Беларускага партызана" і "Жывога журналу". Журналісту прад’яўлена абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ — 368 (частка 1) — "абраза" і 367 (частка 1) — "паклёп" у адносінах да прэзыдэнта. Па першым зь іх прадугледжана пакараньне да двух гадоў зьняволеньня, па другім — ад двух да чатырох гадоў.