Памёр паэт, навуковец Эдуард Мазько

Эдуард Мазько

У Горадні 20 чэрвеня памёр Эдуард Мазько, які працаваў у Гарадзенскім дзяржунівэрсытэце імя Янкі Купалы. Ён выкладаў сацыялёгію культуры, культуралёгію. Абараніў кандыдацкую пра Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю ў міжваенны час, працаваў над доктарскай дысэртацыяй, прысьвечанай беларускай народнай культуры.

Паводле калегаў Эдуарда Мазько, ён памёр, калі вяртаўся з працы дахаты. Дакладнай прычыны яны пакуль ня ведаюць, але кажуць, што ў дзень сьмерці ён адчуваў сябе ва ўнівэрсытэце як звычайна.

Пасьля заканчэньня Гарадзенскага ўнівэрсытэту Эдуард Мазько працаваў у музэі Максіма Багдановіча, у 1990-я гады актыўна друкаваў вершы, уваходзіў у верш-гурт «Дыяген» — суполку гарадзенскіх паэтаў. Ён падрыхтаваў свой зборнік паэзіі, але каб яго выдаць, трэба было знайсьці грошы. Сваёй кніжкі паэт так і ня ўбачыў.

У канцы жніўня яму б споўніўся сорак адзін год.

У кнізе «Верш на Свабоду» ў 2002 годзе быў зьмешчаны твор бяз назвы, напісаны Эдуардам Мазько:

У катоўні маёй пазгнівалі ўсе сьцены
І разьбегліся вязьні ў чатыры бакі,
Толькі кат — сумны комік — забыты на сцэне,
У крывавым адзеньні стаіць ля ракі.
Сьмешна ўсё:
Столькі болю, пакуты і енку
Зьнікла ў марыве мокрай, дажджлівай зімы
І сплыло ціхім вечарам у сумную Лету,
Пакідаючы патлы іржавай травы.