Чэргі на мяжы: пасьпець да 1-га ліпеня

Чарга зь легкавых аўта на пагранічным пераходзе "Брузгі — Кузьніца Беластоцкая"

На памежных пераходах у гэтыя дні вялікія чэргі. Ажыятаж ахапіў і мясцовыя аўтарынкі. Застаецца дзесяць дзён да таго, калі мыты на патрыманыя іншамаркі ў Беларусі шматкроць узрастуць, бо будуць узьняты да ўзроўню расейскіх. Беларускія грамадзяне сьпяшаюцца выкарыстаць момант, каб пасьпець у апошні вагон. Сытуацыю дасьледуюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".


БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЕ ПАМЕЖЖА


Значную частку аўтамабільных чэргаў складаюць легкавікі з транзытнымі нумарамі

На беларуска-літоўскім памежжы — па-ранейшаму аўтамабільныя чэргі, і значную частку іх складаюць легкавікі з транзытнымі нумарамі.

Жыхар Віцебску Павал Левінаў дзеліцца ўражаньнямі:


"Перагоншчыкі ствараюць небясьпеку для свайго жыцьця, і для тых, хто навокал"

"У асноўным у чэргах стаяць перагоншчыкі ці пакупнікі машын. Яны распавядаюць, што даводзіцца эканоміць на ўсім: не сьпяць нармальна, не ядуць, бо няма часу. Віза выдаецца на тры дні, і за гэтыя тры дні трэба пасьпець даехаць, выбраць машыну, якая падабаецца, ці браць тую, што не падабаецца, і вярнуцца назад. Таму на мяжу яны прыяжджаюць увечары, стаяць яшчэ ноччу, а потым едуць у такім стане, што ствараюць небясьпеку і для свайго жыцьця, і для тых, хто навокал".

"На ПП "Каменны лог" — 150 аўтамабіляў, на пераходзе "Котлаўка" — 50".

У выходныя дні чэргі большыя, бо да "транзытнікаў" дадаюцца тыя, хто езьдзіць у Літву па прадукты ці тавары — за мяжой нешта можна набыць таньней, і людзі гэтым карыстаюцца. Увечары ў нядзелю 19 чэрвеня на пераходзе "Каменны лог" было каля 150 аўтамабіляў, а гэта 5—6 гадзін чаканьня.

У будні таксама даводзіцца чакаць, працягвае Павал Левінаў:

"На пераходзе "Катлоўка", бліжэйшым да Віцебску, цяпер 50 машын. А гэта зноў-такі 2—3 гадзіны чаканьня, бо ўсе машыны стаяць у адной чарзе — і замежныя, і аўто грамадзян Рэспублікі Беларусь, і машыны з транзытнымі нумарамі… Толькі на самім пераходзе яны разьяжджаюцца па розных калідорах, і бывае, што твой калідор вольны, але ты мусіш стаяць пяцідзясятым, каб трапіць на памежны пераход".

Пакуты аўтамабілістаў

Усе аўтамабілісты цярпяць на мяжы пэўныя нязручнасьці, але тыя, хто пераганяе ў Беларусь іншамаркі, пакуль мытнае афармленьне не падаражэла, пэўныя, што пакуты таго вартыя. Тлумачыць перагоншчык спадар Анатоль:

"З 1 ліпеня ўводзяцца новыя мытныя стаўкі — аднолькавыя для Беларусі, Расеі і Казахстану. Да 1 ліпеня ў Беларусі мыта ўдвая меншае. Што я бачу рэальна: да 1 ліпеня машын навязуць у Беларусь столькі, колькі за ўвесь мінулы год! Бо тыя, што будуць прыгнаныя пасьля 1 ліпеня, дужа падаражэюць".

У якіх межах можа адбыцца падаражэньне, спадар Анатоль прагназаваць не бярэцца. Ён мяркуе, што ўсе ахвотныя неяк знойдуць грошы, каб набыць машыну да 1 ліпеня. Але й пасьля гэтай даты істотнае падаражэньне бессэнсоўнае — у людзей проста няма вялікіх грошай.

"Мой аўтамабіль — ня сродак перасоўваньня, а ўжо прадмет раскошы…"

А вось спадарыня Людміла атрымае правы кіроўцы якраз у ліпені:

"Праз два тыдні я скончу аўташколу. Яшчэ ў лютым я мела вялікія пляны — купіць недарагую машыну. Патрабавалася б ад яе толькі адно — каб яна езьдзіла і вазіла мяне на працу… Але ў цяперашняй сытуацыі з мытнымі стаўкамі, з падаражэньнем паліва, з ростам даляра (бо 3 тысячы даляраў раней і 3 тысячы даляраў цяпер — гэта розныя грошы) аўтамабіль зноўку перастае быць сродкам перасоўваньня і робіцца прадметам раскошы".

БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКАЕ ПАМЕЖЖА


"Зарабляючы на прыгоне аўтамабіля 500 даляраў, аўтагоншчык прыносіў у дзяржаўную казну 1000 эўра…"

Гарадзенцы, якія больш за дзясятак гадоў займаліся перагонкай аўта на продаж, кажуць, што 1 ліпеня скончыцца цэлая эпоха і ім давядзецца зьмяніць лад жыцьця.

У гарадзенцаў, якія пераганяюць аўта на продаж з-за мяжы, гэтымі днямі надта завозна. Прыкметна падрасьлі чэргі на ўвоз аўта. Як яны самі кажуць: цяпер няма калі есьці і спаць.

"Адзін мой аўтамабіль ужо купляюць, за іншым памчу ў Нямеччыну"

Размаўляю са спадарамі, якія ў ДАІ сьпяшаюцца ставіць ці здымаць прыгнаныя аўта. Адзін зь іх распавядае, што з раніцы знайшоўся пакупнік на ягонае аўта, а ўвечары ён ізноў едзе ў Нямеччыну — там яго чакае яшчэ адно аўта на перагонку.

Пытаюся: якая сытуацыя зараз на мяжы, ці доўга стаяць у чарзе?

"Зараз ажыятаж ізноў узрос"

Спадар: "Вядома, зараз ажыятаж ізноў узрос за апошнія два тыдні, значна больш увозіцца аўта ў Беларусь, і на мяжы чэргі ўтварыліся. Праўда, на розных граніцах гэта па-рознаму: дзе 4 гадзіны стаяць, дзе 8, але гэта залежна ад дня, часу…".

Другі спадар дадае, што апошнімі днямі стаяць і болей:

Спадар: "Мой знаёмы стаяў літаральна паўтара сутак".

Пытаюся спадароў: што яны зьбіраюцца цяпер рабіць, бо практычна страчваюць асноўны заробак?

Спадар: "Нічога страшнага — адпачнем. Потым ізноў працаваць. Я — перавозчык, вось надзену тэнт і паеду далей…".

"Цалкам гэты бізнэс не зачыніцца…"

Другі спадар: "Ня ведаю, пакуль цяжка нешта знайсьці. Тут з гэтымі курсамі валют пакуль не ўсталюецца, то нічога пэўнага ня знойдзеш".

Спадары з жалем зазначаюць, што скончылася цэлая эпоха іхняга бізнэсу. Распавядаюць, што гэты хлеб даваўся няпроста. Яны лічаць, што цалкам бізнэс не закрыецца — беларусы ўсё роўна не захочуць перасядаць на расейскія аўта.

"Наш нібыта "лёгкі хлеб" спраўна папаўняў дзяржаўную казну"

А яшчэ спадар з жалем зазначае, што за ўсе гады гэтай нялёгкай працы неаднойчы з вуснаў дзяржаўных чыноўнікаў яму даводзілася чуць папрок у свой бок наконт таго, што зарабляе "лёгкі хлеб". Праўда, спадар зазначае, што гэты ягоны "лёгкі хлеб" спраўна папаўняў дзяржаўную казну.

"Гоншчыкі" не разбазарвалі краіну і не наносілі эканамічных стратаў"

Спадар: "Разумееце, гэты бізнэс быў не такі, што мы нешта проста вывозілі з краіны і зараблялі толькі сабе. Кожны "гоншчык" кожны тыдзень прыносіў у эканоміку краіны 1 тысячу эўра. Мы зараблялі сабе 500 даляраў, а дзяржаве плацілі 1 тысячу эўра падатку. Вядома, у гэтай краіне ня ўсё можа быць легальна, сама гэтая краіна вымушае людзей парушаць законы. Але ў прынцыпе "гоншчыкі" не разаралі краіну і не наносілі эканамічных стратаў".


На пляцоўцы гарадзенскай ДАІ кожны дзень яшчэ дагэтуль рэгіструюцца і здымаюцца з уліку сотні аўта.


Заканчваецца эпоха танных машын


На якіх аўтамабілях будуць езьдзіць беларусы, калі мытнае афармленьне шматкроць падаражэе? Апытаньне жыхароў Горадні.

Спадар: "Што я думаю? Што лепей купіць старую іншамарку, чым новую расейскую, гэта мая думка. Ну, а ёсьць надзея на тое, што зробяць хаця б бяз права продажу машыны на два, на тры гады, каб чалавек мог маламаёмны для сябе купіць аўтамабіль. На сёньняшні дзень які ў нас заробак, скажыце? А калі яшчэ падвысяць кватэрную плату? А заробак на сёньняшні дзень — шэсьцьсот-сямсот тысяч. Гэта толькі па тэлевізары ўсё прыгожа, што мы атрымліваем пяцьсот даляраў. А ў рэальнасьці ведаеце, што мы атрымліваем. І што мы будзем? На роварах толькі езьдзіць".

Малады спадар: "Я ня ведаю, я з машынай. Думаю, што і кітайскія будуць купляць аўтамабілі, і расейскія таксама. Ну, і некаторыя людзі, думаю, будуць на старых езьдзіць машынах. Я буду на старых, новыя мне не падабаюцца, яны дрэнныя, няякасныя. У мяне "Пэжо-205", дваццаць год машыне, яна ідэальная".

"Ня вернемся да расейскіх машын, нейкую шчыліну знойдзем"

Спадар: "Цяжка адказаць. Але я думаю, што да расейскіх машын мы больш ня вернемся. Таму што замежная машына ёсьць замежная. Чуў, што там і "нісан", здаецца, зьбіраюць, але зборка расейская і зборка заходняя — гэта зусім розныя зборкі. Таму ня вернемся мы да расейскіх машын. Усё ж блізка мяжа, усё-ткі мы народ такі, што нешта знойдзем, нейкі пралаз знойдзем".

Спадарыня: "Нават ня ведаю, хацелася б сабе набыць машыну і, натуральна, буду шукаць, дзе таньней. Напэўна, нават у Расеі. Калі яна добрая — то чаму не? Можа быць нават расейская. Але плаціць такія грошы вялікія, напэўна, беларусы ня змогуць".

Малады спадар: "Людзі на якіх езьдзілі, на такіх і будуць езьдзіць. Хто пасьпеў купіць, той купіў, а хто не — той ужо не пасьпее. Таму што калі будзе растаможка, як у Расеі і Казахстане, то нерэальна. У нас ёсьць, 2006 году, пасьпелі купіць".

Спадар: "А якія варыянты? Толькі расейскія, давядзецца браць. З новым мытам набываць машыну проста няма сэнсу. Мэтазгодней купляць новую, адзінае — пытаньне крэдытаў. Я пасьпеў памяняць, спадзяюся, гадоў пяць паежджу, а там будзем бачыць. 2005 году машына, дастаткова новая, гадоў на пяць хопіць. З маіх знаёмых усе памянялі, па сваіх грашах, але стараліся набыць, а ў астатніх — як выйдзе".

МЕНСК


Памежны камітэт: "У Беларусь штодня цяпер увозіцца больш за 2000 легкавых аўтамабіляў"

Карысную інфармацыю пра чэргі на беларускай мяжы можна цяпер штодзень даведацца па тэлефоне "гарачай лініі" Дзяржаўнага памежнага камітэту ў Менску: +375 (12) 216-26-12. У аўторак я скарыстаў такую магчымасьць і распытваў пра сытуацыю на памежным пераходзе "Варшаўскі мост".

Дзяжурная: "Зараз (на 13 гадзіну) на "Варшаўскім мосьце" няма аўтамабіляў на ўезд у Беларусь, а на выезд — 40 легкавых аўтамабіляў. Верагодна, што існуе чарга на сумежнай тэрыторыі ў Польшчы. Але ж мы там палічыць ня можам", — паведаміла дзяжурная памежнага камітэту ў Менску і ўдакладніла, што ў будні праз польска-беларускую мяжу ўвозіцца больш за дзьве тысячы легкавых аўтамабіляў, — гэта празь міжнародныя прапускныя пункты, такія, як "Варшаўскі мост", "Брузгі" ды іншыя. Але ж вы разумееце, што такі наплыў легкавога транспарту будзе да 1-га ліпеня. Лічаныя дні засталіся. Хутка скончыцца…".

Паводле падлікаў і прагнозу Дзяржаўнага памежнага камітэту, за першае паўгодзьдзе будзе ўвезена ня менш за 200 тысяч аўтамабіляў на 1,5 мільярда даляраў. Гэта столькі ж, колькі іншамарак было ўвезена за ўвесь мінулы год.