Кэтрын Эштан: «Мы застаемся адданымі беларускаму народу»

Кэтрын Эштан

20 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі пасьля пасяджэньня міністраў замежных справаў Эўразьвязу Кэтрын Эштан, вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі, яшчэ раз заклікала Менск вызваліць палітычных вязьняў ды абгрунтавала новыя санкцыі супраць беларускага рэжыму.

«Мы хочам бачыць неадкладнае вызваленьне і рэабілітацыю ўсіх палітычных вязьняў, і мы рашуча асуджаем працяг рэпрэсій беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і апазыцыі» -- сказала Эштан.

Пра дадатковыя санкцыі яна сказала:

«Мы рашыліся на дадатковыя меры ў адказ на штораз горшую сытуацыю, уводзячы эмбарга на зброю і рыштунак для здушэньня вулічных пратэстаў ды, упершыню, кропкавыя санкцыі супраць некаторых бізнэсовых інтарэсаў, зьвязаных з рэжымам».

Эштан таксама пацьвердзіла ранейшую пазыцыю Брусэлю наконт працягваньня кантактаў зь беларускім грамадзтвам:

«Мы застаемся адданымі беларускаму народу, і мы будзем выходзіць яму насустрач, напрыклад, праз запрашэньне да перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму».