Калійная зьдзелка не абмяркоўваецца. Беларуськалій не прадаецца

Ні расейскі, ні беларускі бок не пацьвярджаюць намераў зьдзелкі аб продажы акцый “Беларуськалію”.

Пра тое што Сулейман Керымаў пакуль ня мае намеру купляць “Беларуськалій”, паведаміў агенцтву Ройтэрс адзін з буйных акцыянэраў “Уралкалію” на ўмовах ананімнасьці. “Перамовы не вядуцца, і наогул я ня ўпэўнены, што зьдзелка магчымая”, сказаў ён.

Раней паведамлялася, што бізнэсовец Сулейман Керымаў зьвярнуўся ў «Ашчадбанк» Расеі па фінансаваньне зьдзелкі аб набыцьці кантрольнага пакета акцый "Беларуськалію". Аляксандар Лукашэнка ацаніў прадпрыемства на 30 млрд. даляраў і не выключае, што з 1 ліпеня гэтая сума будзе індэксавацца з улікам інфляцыі даляра.

“Гэтая зьдзелка ніколі не абмяркоўвалася з “Уралкаліем”, заявіў журналістам у пятніцу першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Уладзімір Сямашка ў кулюарах эканамічнага форуму ў Санкт-Пецярбургу. Паводле яго словаў, гэта ўсё прыдумалі журналісты і самі ж абвяргаюць. “Не прадаецца “Беларуськалій”, заявіў Сямашка.

Кіраўнічы дырэктар кампаніі Керымава «Нафта Москва» Антон Аверын сказаў карэспандэнту «Свабоды», што інфармацыю адносна таго, што акцыянэры "Уралкалію" адмовіліся ад куплі "Беларуськалію", яны пакідаюць без камэнтароў.

“Уралкалій” пасьля зьліцьця з “Сільвінітам” стаў найбуйнейшым і адзіным вытворцам калійных угнаеньняў у Расеі. Калі б сюды далучыўся і “Беларуськалій”, кампанія б стала найбуйнейшым вытворцам у сьвеце.