Кудрын назваў спрэчнымі крокі беларускага ўраду

Аляксей Кудрын

Кіраўнік Міністэрства фінансаў Расеі Аляксей Кудрын назваў спрэчнымі некаторыя крокі беларускага ўраду ў сфэры эканомікі.

"Абмежаваньне росту цэнаў ва ўмовах крызісу, калі цэны таксама зьяўляюцца пэўным індыкатарам рэальнай сытуацыі, можа прывесьці да нарастаньня дэфіцыту", – заявіў Кудрын журналістам 16 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу, перадае Інтэрфакс.

Паводле Кудрына, вытворцам нявыгадна будзе "працаваць па
заніжаных цэнах". Ён адзначыў, што кошты адлюстроўваюць рэальныя выдаткі:

"Напрыклад, калі ўжо праведзена дэвальвацыя беларускага рубля на
55 адсоткаў, то значыць, усе імпартныя тавары на ўнутраным рынку
павінны падаражэць на 55 адсоткаў, калі прыніжаць цэны, тавараў проста ня будзе".

Паводле Кудрына, рынкавыя сыгналы, асабліва ў пэрыяд крызісу, абмяжоўваць нельга:

"Тым ня менш мы спадзяемся, што ў найбліжэйшыя месяцы, у найбліжэйшыя тыдні будуць прыняты дадатковыя меры для стабілізацыі – наш крэдыт паслужыць таксама базай для стабілізацыі".

Першы транш антыкрызіснага крэдыту Беларусі ў памеры 800 мільёнаў даляраў можа быць пералічаны ў чэрвені, сказаў Аляксей Кудрын.

Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС 4 чэрвеня прыняў рашэньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту ў памеры 3 мільярдаў даляраў цягам трох гадоў.

Кіраўнік расейскага Мінфіну адзначыў, што, згодна з умовамі крэдыту, вызначаны індыкатары ажыцьцяўленьня мераў для стабілізацыі беларускай эканомікі, якія дазволяць выдзяляць наступныя траншы:

"Яшчэ адзін транш сёлета можа пайсьці ў памеры 440 мільёнаў даляраў, недзе ўжо ў лістападзе-сьнежні".

Сярод умоваў выдзяленьня крэдыту – прыватызацыя для атрыманьня сродкаў у мэтах паляпшэньня аплатнага балянсу, а таксама паляпшэньне стану валютнага рынку.

Паводле Кудрына, яшчэ адной умовай зьяўляецца ўдакладненьне функцыяў Нацбанку Беларусі, каб не дапускалася залішняя эмісія грашовых сродкаў.

Умовы, на якіх выдзяляецца крэдыт, будуць апублікаваныя найбліжэйшым часам, сказаў Кудрын.