Дрэва паэзіі зьявілася на турыстычнай мапе Беларусі

САМ-НАСАМ З ЧАСАМ


МАРЫЯ МАРТЫСЕВІЧ: “МЫ ХОЧАМ, КАБ ПА ЎСЁЙ БЕЛАРУСІ РОС САД ПАЭЗІІ”

У мястэчку Крэва на прыватнай сядзібе (вуліца Смаргоньская, 61) зьявілася Дрэва паэзіі, прысьвечанае знакамітаму нараджэнцу гэтай зямлі Ўладзімеру Някляеву. Арганізатары акцыі маюць на мэце стварыць у Беларусі новыя знакавыя месцы, дзе будзе дарэчным гаварыць пра літаратуру. Госьця ДЛ – ініцыятарка праекту, пісьменьніца, намесьніца старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру Марыя Мартысевіч.

Міхась Скобла: “Марыя, у нашым фальклёры, у міталёгіі беларускай з дрэвамі зьвязана безьліч розных гісторый і паданьняў. І вось на нашых вачах у Беларусі зьявілася яшчэ адно мітычнае дрэва – Дрэва паэзіі. Памятаю, на паўдарозе паміж Нясьвіжам і Гарадзеяй стаялі, абняўшыся, дуб і бяроза. Дык яны былі абгароджаныя, а на шыльдачцы напісана было – Дрэва закаханых. А вы ахоўную шыльдачку да Дрэва паэзіі прымацавалі?”

Марыя Мартысевіч
Марыя Мартысевіч: “Так. Праўда не да самога дрэва, а да каменя. Дрэва стаіць на краі поля, якое належыць Магерам – гэта сваякі Някляева. Поле прымыкае да дому, дзе Ўладзімер Някляеў правёў першыя гады жыцьця. І калі мы прыйшлі на падворак, гаспадары паказалі нам каменьне, якое яны пасьцягалі з царквы ХVII стагодзьдзя, якая была ў Крэве раней. Яны ўзялі тое каменьне, каб яно захавалася, бо яго расьцягнулі б па падворках. Так што камень пад шыльдай асьвечаны. Сам камень мы тачкай (у прамым сэнсе, ня ў слэнгавым) зацягнулі на гару, цягнулі некалькі пісьменьнікаў па чарзе, упрэгшыся. На ім напісана: "Дрэва паэзіі. 2011 год".

Скобла: “Адзін сур’ёзны прафэсар падлічыў, што самае частаўжывальнае дрэва ў беларускіх вершах – вярба. А чаму на Дрэва паэзіі вы выбралі грушу-дзічку?”

Мартысевіч: “Наконт пароды дрэва былі розныя ідэі. Разглядалася і вэрсія вярбы. Паколькі Дрэва паэзіі найперш прысьвячалі Някляеву, то хацелі сымбалічна зьвязаць яго з паэмай “Вялікдзень”, якая была прысьвечаная гаспадыні сядзібы Алене Магер. Калі мы з Валярынай Куставай і Іванам Магерам прыйшлі на тое поле, то адразу пабачылі грушу. І краявід там маляўнічы. З узвышша адкрываецца фантастычны від на Крэва. Гаспадар сказаў, што Някляеў любіць сюды хадзіць. Мы падлічылі, што груша прыкладна равесьніца яго творчага шляху, таму яна нас і выбрала. Груша, дарэчы, таксама ёсьць у літаратуры”.

Скобла: “Груша цьвіла апошні год…” – пачатак “Каласоў пад сярпом тваім” Караткевіча”.

Мартысевіч: “Наша груша, думаю, будзе яшчэ шмат гадоў цьвісьці. Разглядалася і вэрсія дуба. Мы яго не змаглі пасадзіць, бо ёсьць павер’е: дуб забірае сілу ў таго, хто яго садзіць…"

Скобла: "Шкада, што ніхто не забірае сілу ў таго, хто садзіць паэта".

Мартысевіч: "Ясень, між іншым, таксама вельмі паэтычнае дрэва. Можна было яго пасадзіць. Але тады мы мусілі б абавязаць кагосьці з крэўскіх цягаць ваду на тую гару – для паліўкі. Мы не хацелі гэтага рабіць”.

Скобла: “А як прайшло само сьвята? Як успрынялі зьяўленьне Дрэва паэзіі ў Крэве самі крэўцы?”

Мартысевіч: “Насамрэч мы нават не спрабавалі нейкім чынам заангажаваць мясцовых, паводле свайго досьведу я ведаю, што гэта вельмі цяжка. Але прыйшоў Аляксандар Камінскі – крэўскі краязнаўца, настаўнік, паэт. Ён акурат перад нашай акцыяй працаваў над першым буклецікам “Крэўскія памятныя мясьціны”. І ён там ужо Дрэва паэзіі пазначыў на мапе. Было шмат менчукоў, якія паходзяць са Смаргоні, з Крэва, было шмат журналістаў. Крэва – багатая на таленты зямля. Сваякі Някляева – вельмі годныя людзі, гэта іх сядзіба, яны не пакідаюць сваёй зямлі, трыма пакаленьнямі яе апрацоўваюць. І яны вельмі ўзрадаваліся, што Дрэва паэзіі зьявілася на іх зямлі”.

Скобла: “Каб пра Дрэва паэзіі не забыліся і не расьпілавалі яго на дровы, каля яго хоць зрэдку павінна нешта адбывацца. Якія абавязкі на тую грушу-дзічку ўскладаюцца ад імя беларускай літаратуры?”

Мартысевіч: “Сядзіба Магераў даволі гасьцінная для паэзіі. Наколькі я
Калі Дрэва стане прыкметным, калі пра яго стануць расказваць краязнаўцы, то ніхто яго не спілуе ...

ведаю, раней туды прыяжджалі сябры Някляева, паэты – на нейкія бяседы, на ўрачыстасьці. Але напраўду мы ня ставілі мэты неяк “акультурваць” тую мясьціну. У прынцыпе, далей усё будзе залежаць ад таго, як людзі паставяцца да яго. Калі Дрэва стане прыкметным, калі пра яго стануць расказваць краязнаўцы, то ніхто яго не спілуе. Але ў прынцыпе, абтоптваць тую паляну, тое поле, як аўтарка ідэі, я не заклікаю”.

Скобла: “Ці зьявяцца яшчэ ў Беларусі Дрэвы паэзіі? І каму з паэтаў яны будуць прысьвечаныя?”

Мартысевіч: “Увогуле, традыцыя саджаць дрэвы – красавіцкая. 22 красавіка ў сьвеце адзначаецца Дзень зямлі (супаў зь днём народзінаў
Чаму б у Воршы не зьявіцца каштану Караткевіча, а дзесьці яшчэ – вішні Багдановіча? ...

Леніна, так іранічна атрымалася). У гэты дзень, звычайна, людзі па ўсёй плянэце дораць зямлі падарункі. І лягічна, што ад паэтаў такім падарункам былі б дрэвы паэзіі, дрэвы паэтаў. Калі ўсё будзе добра, мы паспрабуем зладзіць наступную акцыю ў красавіку наступнага году. Імя паэта я пакуль не магу назваць. Мне здаецца, трэба гэты момант абмеркаваць, можа быць, публічна. Гэта па-першае. Па-другое, у Беларусі ўжо ёсьць “літаратурныя дрэвы”. Напрыклад, Алесь Аркуш расказаў мне пра Дрэва Вацлава Ластоўскага ў Полацку. Чаму б у Воршы не зьявіцца каштану Караткевіча, а дзесьці яшчэ – вішні Багдановіча? Гэта створыць такі віртуальны, раскіданы па ўсёй Беларусі, сад дрэваў паэзіі. Нядаўна мне ўдалося зацікавіць гэтай ідэяй ляндшафтных дызайнэраў, і я ведаю, што студэнты БНТУ працавалі над праектам “Дрэва паэзіі як элемэнт ляндшафтнага дызайну”.

КНІГАРНЯ СВАБОДЫ


ЮРАСЬ ПАЦЮПА: “БАЙКАРЫ Ў НАС БЫЛІ ЗАДОЎГА ДА ЛАМАНОСАВА”

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыла сьвет першая ў гісторыі анталёгія беларускай байкі, у якой прадстаўленая творчасьць 22 айчынных байкароў, пачынаючы ад XVII стагодзьдзя. Хто можа лічыцца першым беларускім байкапісцам, а хто і зь якой прычыны ў анталёгію ня трапіў, – нам патлумачыць яе складальнік Юрась Пацюпа.

Міхась Скобла: “Юрась, родапачынальнікам байкі традыцыйна лічыцца старажытны грэк Эзоп, нават ёсьць такі выраз – эзопава мова. Ведаю, што рыхтуючы сваю анталёгію, ты сур’ёзна вывучаў гісторыю сусьветнага байкапісаньня. А ці можаш сказаць, колькі гадоў байцы?”

Юрась Пацюпа
Юрась Пацюпа: “Дакладна сказаць, колькі гадоў байцы, я не магу. Прынамсі – некалькі тысячагодзьдзяў. Колькі існуе цывілізацыя, колькі існуе пісьменства, столькі існуе і байка. Першыя байкі знойдзеныя яшчэ на шумэрскіх таблічках. Яны вельмі адрозьніваюцца ад сучасных баек – у шумэраў гэта сьціслыя гісторыі, прыпавесьці, часамі на мяжы з байкай і прыказкай. Але і там прысутнічаюць тыя самыя сюжэты, якія потым зьявіліся ў Эзопа, а ад Эзопа перайшлі ў творы іншых байкароў”.

Скобла: “А каго можна лічыць першым беларускім байкаром?”

Пацюпа: “Зноў жа, пытаньне вельмі няпростае. У кніжцы, якую я падрыхтаваў, першай падаецца байка Дамініка Рудніцкага. Дамінік Рудніцкі – гэта ўнікальная зьява. Ён нарадзіўся ў 1676-м, а памёр ў 1730 годзе. Гэта значыць, што ён на 30 гадоў быў старэйшы за Ламаносава. А пісаў Рудніцкі амаль той беларускай мовай, якой мы гаворым. Яна нямоцна адрозьніваецца ад сучаснай. Гэта наогул мяняе ўсе ўяўленьні пра разьвіцьцё беларускай мовы, беларускай літартуры. Калі беларускі пісьменьнік, на 30 гадоў старэйшы за Ламаносава, пісаў сучаснай мовай, то як можна гаварыць, што беларуская літаратурная мова стварылася толькі ў ХІХ-ХХ стагодзьдзях?! Каб ня быць галаслоўным, я пакажу, як гучыць у Рудніцкага беларуская мова: “Паслухайце, малайцы, скажу вам уцеху, што ад праўды бяз жарту, бяз жаднага сьмеху. Ехаў тэж поп дарогаю, спаткаўся тэж ся з сабакаю. Сабака ліхая, на папа брахае. І брытанскім голасам, і, як выжляняты, на час блеець, як каза, вішчыць, як шчаняты”.

Скобла: “Гэта ХVII стагодзьдзе?”

Пацюпа: “Так, і ў сваёй кнізе я ніякай адаптацыі моўнай не рабіў”.

Скобла: “Неверагодна... Юрась, самым знакамітым айчынным байкаром лічыцца Кандрат Крапіва. І сапраўды, ягоныя байкі шырока разышліся ў народзе. Хто, прыкладам, ня ведае яго “Дыплямаванага Барана” ці радкоў: “Каб сонца засланіць, вушэй асьліных мала”. Але ў тваёй анталёгіі Крапіва займае даволі сьціплае месца ў параўнаньні зь іншымі. Чаму так?”

Пацюпа: “На гэта ёсьць дзьве прычыны. Па-першае, Крапіва напісаў ня так і шмат баек. Я падлічыў – каля 70. Па-другое, гэты зборнік меркаваўся як кніга, якая павінна паказаць беларускую байку як найшырэй. Мы прывыклі да таго, што Крапіва – ледзь не адзіны наш байкар. А калі да нас у “Мастацкую літаратуру” зайшоў дасьведчаны літаратуразнаўца Пятро Васючэнка, то адразу спытаўся: “А кароль байкі ў тваім зборніку ёсьць?”. “Які кароль?”. “Ну той, хто больш за ўсіх напісаў”. А больш за ўсіх баек напісаў Эдуард Валасевіч. У яго іх – непараўнальная з астатнімі аўтарамі колькасьць, толькі ў адным зборніку выбраных баек каля 300. Прытым, байкі вельмі высокай якасьці. Ва Ўладзімера Корбана байкі таксама вельмі цікавыя, абсалютна незаслужана забытыя і адсунутыя на пэрыфэрыю чытацкай сьвядомасьці”.

Скобла: “У тваёй анталёгіі прэзэнтаваная творчасьць 22 байкароў. Але чамусьці няма Вінцука Адважнага – сьвятара, вязьня Гулагу, які жыў на эміграцыі і выдаў два зборнікі баек. Чаму ты на яго забыўся?”

Пацюпа: “Напэўна, таму што ў сьпешцы неяк вылецела з памяці гэтае імя. Мне застаецца толькі павініцца перад асобаю Вінцука Адважнага”.

Скобла: “У анталёгіі адсутнічае і яшчэ адзін знаны паэт-сатырык – Ніл Гілевіч. Яго імя таксама вылецела?”

Пацюпа: “Рэч у тым, што гэтая кніга была заплянаваная да выпуску Міністэрствам адукацыі, і сьпіс аўтараў быў дадзены загадзя”.

Скобла: “Сьпіс аўтараў ты як укладальнік атрымаў зь міністэрства?”

Пацюпа: “Сьпіс аўтараў быў загадзя падрыхтаваны, але ён быў
Гілевіча не было ў міністэрскім сьпісе, а для ўкладальніка таксама ёсьць межы свабоды ...

падрыхтаваны вельмі добра. Там былі аўтары, якія напісалі ня дзесяць, а значна больш баек. Гілевіча не было ў міністэрскім сьпісе, а для ўкладальніка таксама ёсьць межы свабоды. Нельга сказаць, што Гілевіча я адумысна ня ставіў. Там не пастаўлена вельмі шмат абсалютна нэўтральных імёнаў. Затое ёсьць творы Вацлава Ластоўскага, Алеся Гаруна, Янкі Быліны…”

Скобла: “У свой час францускі мысьляр Вальтэр пісаў: “Свабодным людзям няма патрэбы кожны раз надзяваць маску на праўду, а з тыранамі даводзіцца размаўляць мовай прыпавесьцяў і баек”. Здавалася б, наш час дае столькі матэрыялу для гэтых жанраў! Чаму ж сёньня ў нас байкары амаль дарэшты перавяліся?”

Пацюпа: “Ну, не зусім перавяліся. Жыве, напрыклад, добры байкар Уладзімер Правасуд. Але крызіс жанру навідавоку. І тут дзьве прычыны. Першая прычына заняпаду байкі ў тым, што паэзія стала іранічнай, і на гэтым фоне іроніі байка з яе сатырай проста будзе губляцца. Ёсьць і другая прычына. Тое, што Вальтэр пісаў пра тыранаў, гэта так, і тыраны заўсёды рупіліся, каб літаратура пра іх чаго дрэннага не сказала, не зрабіла якога нядобрага намёку. Паступова тыраны знайшлі спосаб змагацца з літаратураю – проста ігнараваць яе. Расейскі крытык Чупрынін назваў гэта “стварожваньнем літаратуры”. Калі ўвесь час пяюцца байкі, даруйце за калямбур, пра белага бычка, пра тое, што літаратура памерла, што яна нікому не патрэбная, то натуральна, людзі пачынаюць думаць: “А можа, і сапраўды так?”. Паглядзіце і паслухайце – у наш час літаратуры ніхто ня чуе. Байкар можа пісаць што хоча, асабліва калі не называе канкрэтныя імёны. А калі і называе – яго не чуюць”.