Кантрольны пакет "Беларуськалія" гатовы забраць за 15 мільярдаў даляраў

Кампанія Сулеймана Керымава "Нафта Масква" блізкая да дасягненьня дамоўленасьці з беларускімі ўладамі аб набыцьці 50% + 1 акцыя "Беларуськалія".

Сума зьдзелкі зыходзіць з ацэнкі ўсёй кампаніі ў 30 мільярдаў даляраў і можа скласьці 15 мільярдаў даляраў, перадае Інтэрфакс.

Керымаў зьяўляецца саўладальнікам "Уралкалію", які ў 2005 годзе стварыў з "Беларуськаліем" сумеснага трэйдара (ЗАТ "Беларуская калійная кампанія", БКК). Праз БКК "Уралкалій" і "Беларуськалій" сумесна забясьпечваюць 30% паставак хлорыстага калію на сусьветны рынак.

Як паведаміла нядаўна дзелавое выданьне The Wall Street Journal, Беларусь абмяркоўвае магчымы продаж ААТ "Беларуськалій" як з кітайскай кампаніяй, так і з расейскім прадпрымальнікам, акцыянэрам "Уралкалія" Сулейманам Керымавым.

Керымаў правёў у апошнія тыдні сустрэчу з беларускімі афіцыйнымі асобамі для абмеркаваньня магчымай куплі кантрольнага пакета акцый кампаніі, аднак пазыцыі бакоў наконт кошту пакуль разыходзяцца.

"Беларуськалій" ацэньваецца да $ 20 млрд. Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што лічыць магчымым продаж да 25% акцый "Беларуськалія". Першы намесьнік прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка казаў, што Менск гатовы прадаць мінарытарную долю ў "Беларуськаліі" за $ 6-7 млрд.

"Беларуськалій" зьяўляецца адным з трох найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаеньняў на сусьветным рынку. Доля прадпрыемства ў сусьветнай вытворчасьці калійных угнаеньняў складае каля 15%, у сусьветным экспарце калію – звыш 16%.

Цікавасьць да прыватызацыі прадпрыемства летась выказалі Індыя і Кітай.

Міхал Залескі
"Беларуськалій" нельга нікому аддаваць, бо ёсьць рэчы, якія нікому не аддаюць. Няма чаго цацкацца з "Беларуськаліем". У нас ёсьць свая нафта, здабываем больш за мільён, "Беларуськалій", мазырская соль, вапняк, бурыя вуглі і сланцы – усё гэта аддаваць нельга. З гэтым трэба вельмі асьцярожна распараджацца, бо гэта народнае дабро. Калі нам завод нехта можа зрабіць, то новае радовічша ніхто ня зробіць", - лічыць эканаміст Міхась Залескі.