Аляксеева турбуецца за стан правоў чалавека ў Беларусі

Людміла Аляксеева

Кіраўніца Маскоўскай хэльсынскай групы, сябра рады пры прэзідэнце РФ па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека Людміла Аляксеева занепакоеная тым, што зь Беларусі высылаюць расейскіх і ўкраінскіх праваабаронцаў, што ціснуць на адвакатаў і што ў краіне ёсьць палітвязьні.

«Расейскіх праваабаронцаў вельмі непакоіць тое, што супрацоўнікаў Міжнароднай назіральнай місіі высылаюць зь Беларусі», — заявіла Аляксеева.

Яна ўдакладніла, што гаворка ідзе пра семярых расейцаў і трох украінцаў.

Кіраўніца Маскоўскай хэльсынскай групы прызналася, што сама баялася дэпартацыі зь Беларусі: «Я нікому не казала, што я сюды еду, таму што я не была ўпэўнена, што мне скажуць: вяртайся тым жа цягніком назад».

Гаворачы пра наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў, Людміла Аляксеева адзначыла: «Краіна, дзе ёсьць палітычныя зьняволеныя, ужо ня можа лічыцца дэмакратычнай краінай і павінна знаходзіцца пад асабліва пільнай увагай усіх цывілізаваных краін».