Васьковіча адправілі ў калёнію, дзе сядзеў грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр

Яўген Васьковіч

Актывіст незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя", журналіст Яўген Васьковіч, якога Бабруйскі суд прызнаў вінаватым у падпале мясцовага будынка КДБ, этапаваны ў папраўчую калёнію № 15 Магілёва.

Як стала вядома ад сваякоў, туды яго перавялі з бабруйскага сьледчага ізалятара 28 траўня. У ізалятары ён пасьпеў яшчэ напісаць абскарджаньне на вырак судзьдзі Паўла Карцініна. Яўгена Васьковіча асудзілі на сем гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніях узмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым па двух артыкулах крымінальнага кодэксу: "Злоснае хуліганства" і "Наўмыснае нанясеньне шкоды ў асабліва буйных памерах".

У судзе Яўген Васьковіч прызнаў факт таго, што ён удзельнічаў у падпале будынка КДБ 16 кастрычніка 2010 году. Суду, які праходзіў сёлета 17 і 18 траўня, ён заявіў, што напад на КДБ рабіў сьвядома й не шкадуе пра гэта. У сваім апошнім слове Васьковіч назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго сьвяты абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: "Жыве Беларусь!".

Яшчэ двое ўдзельнікаў падпалу КДБ, Павал Сырамалотаў і Арцём Пракапенка, у сваіх апошніх словах казалі пра раскаяньне і прасілі ў суду палёгкі ў пакараньні. Іх таксама асудзілі на сем гадоў пазбаўленьня волі паводле тых жа артыкулаў, што і Васьковіча.

Папраўчая калёнія № 15 вядомая тым, што там адбываў пакараньне грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр. Яго арыштавалі ў сакавіку 2008 году і асудзілі на 3 гады за нібыта камэрцыйны шпіянаж і падробку дакумэнтаў. 30 чэрвеня 2009 году Аляксандар Лукашэнка памілаваў Зэльцэра. У той жа дзень яго вызвалілі.