Ці дасьць Міжнародны Валютны фонд крэдыт Беларусі?

Менск зьвярнуўся ў Міжнародны Валютны фонд па чарговы крэдыт. Ці дасьць МВФ крэдыт Беларусі?


ПРАГНОЗ ЭКСПЭРТАЎ


Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў, экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў: Не. Пры захаваньні тых умоваў, што ёсьць цяпер (мы тут не бярэм пад увагу нейкія экстраардынарныя падзеі), МВФ Беларусі крэдыт ня дасьць. Бо, па-першае, не выконваюцца тыя ўмовы, якія звычайна выстаўляе МВФ. Па-другое, палітычная сытуацыя настолькі складаная, вядома, напрыклад, што ЗША будуць галасаваць супраць, калі нічога ня зьменіцца.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН: Так, найхутчэй што дасьць. Але ня заўтра. Бо Менску трэба захаваць твар (як ён гэта разумее) у гандлі палітвязьнямі. Захаду таксама трэба захаваць твар у ягоным разуменьні. Таму працэс, магчыма, расьцягнецца.

Але, зь іншага боку, у Захаду няма іншага выйсьця, акрамя як браць рэжым на фінансавы кручок. Ну не бамбіць жа Дразды, як Трыпалі...

Калі ж ня даць грошай, то беларуская прапаганда атрымае допінг для антызаходняга шчыраваньня. Але гэта паўбяды, галоўнае ж, чаго засьцерагаюцца Эўразьвяз ды Вашынгтон, - тое, што сінявокую рэспубліку захапае Расея.

Так што будуць зноў спрабаваць падсаджваць рэжым на сваю іголку.

Аляксандар Кавалёў, эканаміст: Я мяркую, што МВФ дасьць Беларусі крэдыт. Дасьць на вельмі жорсткіх умовах структурных рэформаў. МВФ мае права даць, размова будзе ісьці пра невялікія і "кароткія" грошы.

ПРАГНОЗ КАМАРОЎКІ:


Карэспандэнтка: "Ці дасьць МВФ крэдыт Беларусі?"

Спадар: "Я думаю, што ня дасьць. Бо Міжнародны валютны фонд не паважае ўраду Беларусі, паколькі ўрад дрэнна ставіцца да ўсіх".

Юначка: "Мне падаецца, што не, бо ўводзяцца санкцыі ў дачыненьні Беларусі. І далей краіна гэтак разьвівацца ня можа, неабходна праводзіць рэформы. Браць у кагосьці грошы – іх усё роўна давядзецца чымсьці аддаваць. І так ужо амаль 20 гадоў краіна жыве коштам крэдытаў, а самога разьвіцьця ўнутры краіны мы так і ня бачым".

Спадар: "Я думаю, што крэдыт дадуць. Калі ўрад будзе весьці правільную палітыку. А правільная палітыка – гэта перадусім эканамічныя захады".

Спадарыня: "Я думаю, што можа даць – больш пра народ падумаюць. А не пра кіраўніцтва. Бо калі стаяць двое хлопцаў у "Радзівілаўскім" і зьдзіўляюцца, што два пачкі соку каштуюць 20 тысяч, што гэта жах, то дадуць".

Спадар: "Не дадуць – палітычная абстаноўка ня тая, не ляяльная да Захаду. Толькі таму".

Юначка: "Інтуіцыя падказвае, што не, прынамсі, вельмі на гэта спадзяюся. Бо наш "галоўны" – ён гэтак дэманстратыўна псуе з усімі адносіны. Я яшчэ думала, што, магчыма, Расея яшчэ дасьць, а цяпер бачна, што і адтуль чакаць няма чаго. Я вельмі на гэта спадзяюся, бо ў кожным разе гэтымі грашыма заплацяць людзям заробкі, падвысяць іх і ўсе скажуць – ай, як добра. А пасьля, празь некаторы час усё вернецца ў цяперашняе становішча і стане толькі горш. Таму нельга, каб нам давалі крэдыты, і я трымаю пальцы "крыжыкам", каб нам яго не далі".

Спадар: "Я думаю, што ўсё ж не. І так у сьвеце шмат клопатаў і праблем, каб думаць яшчэ і пра нашы ўнутраныя праблемы. А якія яны ў нас існуюць – самі ведаеце".

Юначка: "Мне падаецца, што ня дасьць. Бо ўсе ўжо зразумелі што гэта за чалавек і навошта яму гэты крэдыт. Я-то ў эканоміцы ня дужа добра разьбіраюся, але думаю, што ня дасьць".

Юнак: "Расея ўжо пад сумневам, а гэтыя яшчэ можа і дадуць – дурненькія такія. І пойдзе ўсё гэта на ўтрыманьне міліцыі і войска, бо грошы заканчваюцца і хутка яны таксама пачнуць выступаць".

Спадарыня: "Эўропа ня дасьць – не, не. Абазваўшы гэтак Эўропу і ўсіх суседзяў – я б не дала. Тым больш, што ўжо было такое – Эўропа ўжо давала крэдыт, і думаю, што больш яна яму ня верыць".

ПРАГНОЗ ЭКСПЭРТАЎ


Так – 2

Не – 1

ПРАГНОЗ КАМАРОЎКІ


Так - 3

Не - 7