Магілёў: Гарвыканкам будзе спрыяць разьвіцьцю адзінай беларускамоўнай клясы

Ялінка Салаўёва, вучаніца беларускамоўнай клясы

Аддзел адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму заяўляе, што створыць усе ўмовы для навучаньня дзяцей у школе на беларускай мове, але выбар мовы навучаньня залежыць ад жаданьня бацькоў.

У Магілёве толькі адна беларускамоўная кляса. Яе сфармавалі год таму ў першай гарадзкой школе. Першы месяц у клясе была толькі адна вучаніца. Пазьней далучыліся яшчэ двое. У гарвыканкаме цьвердзяць, што для павелічэньня колькасьці вучняў праводзіцца інфармацыйная праца:

"Гэтая інфармацыя ўжо даўно разьмешчаная на сайце гарвыканкаму, а таксама на сайце аддзелу адукацыі Ленінскага райвыканкаму, у чыім падпарадкаваньні знаходзіцца першая школа. Такая інфармацыя разьмяшчалася і ў гарадзкой прэсе. Мы праводзілі шырокую інфармацыйную кампанію. Акрамя таго, даведзена да бацькоў на бацькоўскіх сходах. У красавіку і траўні праходзілі гэтыя сходы", паведаміла супрацоўніца гарадзкога аддзелу адукацыі.

Ці дастатковыя такія дзеяньні для павелічэньня колькасьці вучняў у беларускай моўнай клясе? Ці падахвоцяць яны бацькоў аддаць сваіх дзяцей у кляс зь цяперашнімі трыма вучнямі, якія разам адвучыліся год?

"Я не магу адказваць за бацькоў. Захочуць яны ці не — гэта ж выбар кожнага. Наша задача — стварыць умовы для рэалізацыі запатрабаваньняў, і мы гэта робім. Мы гатовыя адгукнуцца й стварыць умовы і даць магчымасьць вывучаць усе прадметы на беларускай мове", зазначае супрацоўніца аддзелу.

1 чэрвеня на агітацыйнай акцыі за беларускамоўнае школьніцтва бацькі, чые дзеці адвучыліся па-беларуску год, назвалі дзеяньні гарвыканкаму недастатковымі. Паводле Надзеі Салаўёвай, чыя дачка Ялінка першай прыйшла ў кляс вучыцца па-беларуску, чыноўнікі гарвыканкаму не дазволілі бацькам самастойна праводзіць публічную інфармацыйную кампанію:

"19 траўня мы былі ў аддзеле адукацыі й прасіліся на бацькоўскія сходы, каб самім паінфармаваць бацькоў пра клясу. Нам адмовілі — сказалі, што на сходах могуць быць бацькі. Не дазволілі нам распаўсюдзіць у школах абвесткі. Пагадзіліся толькі вывесіць абвестку на сайце гарвыканкаму. Я яе пакуль там не пабачыла. Буду цяпер шукаць".