Міхалевіч абвешчаны ў міжнародны вышук

Алесь Міхалевіч

Былога кандыдата на прэзыдэнта расшукваюць па лініі Інтэрпола.

Міхалевіч паведаміў, што чатыры дні таму ён атрымаў "афіцыйнае апавяшчэньне з пракуратуры горада Прагі" пра тое, што Генэральная пракуратура Беларусі падала запыт на яго экстрадыцыю і што ён абвешчаны ў міжнародны вышук.

"Цяпер праская пракуратура пачала афіцыйны працэс, каб вырашыць, выдаваць мяне Беларусі ці не. Гэты працэс можа заняць некалькі месяцаў, бо пракуратуры неабходна высьветліць усе акалічнасьці справы. Але паколькі я атрымаў палітычны прытулак, упэўнены, што мяне не экстрадуюць", — заявіў палітык БелаПАН.

Жонка Міхалевіча Мілана паведаміла: пра тое, што мужа абвясьцілі ў міжнародны вышук, даведалася яшчэ два тыдні таму, "але да мяне ў сувязі з гэтым ніхто не прыходзіў".

Алесь Міхалевіч — абвінавачаны па крымінальнай справе аб падзеях 19 сьнежня 2010 году. Ён быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня. 19 лютага яго адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе са сьледчага ізалятара КДБ.

28 лютага Міхалевіч прызнаўся, што быў вызвалены пасьля таго, як пагадзіўся стаць агентам КДБ. На такі крок, растлумачыў палітык, ён вымушаны быў пайсьці "з-за жудасных умоў утрыманьня ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаваньні".

14 сакавіка ў блогу Міхалевіча зьявілася паведамленьне пра тое, што ён знаходзіцца "па-за зонай дасягальнасьці беларускага КДБ". "Для мяне існуе адзіная прычына, якая апраўдвае такія мае крокі, —гэта рэальная фізычная пагроза", — паведаміў Міхалевіч. — "Усе бачаць, што гэтыя людзі гатовыя пайсьці на ўсё, у іх дзеяньнях няма законнасьці і адкрытасьці".

24 сакавіка Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі афіцыйна пацьвердзіла, што Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак у гэтай краіне.

Сям'я палітыка — жонка і дзьве дачкі — знаходзіцца ў Менску.