Статкевіч — суду: «Хацелася б яшчэ раз паслухаць пра кактэйлі Молатава»

Судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова цягам амаль трох гадзінаў чытала прысуд, а пасьля моўчкі выслухала з залі нэгатыўныя заявы адносна свайго вэрдыкту. Прысуды:

Міколу Статкевічу — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Дзьмітрыю Вусу — 5 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Аляксандру Класкоўскаму — 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Арцёму Грыбкову — 4 гады пазбаўленьня волі з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму.

Аляксандру Квяткевічу — 3 з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Дзьмітрыю Буланаву — 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Андрэю Пазьняку — 2 гады абмежаваньня волі, яго вызвалілі ў залі суду.

Сваякі асуджаных пасьля суду заявілі, што ня згодныя з прысудам і будуць дамагацца яго адмены і вызваленьня вязьняў.

Чытаць прысуд цалкам судзьдзі Людміле Грачовай давялося на просьбу Мікалая Статкевіча:
Хацелася б яшчэ раз пачуць пра нябачную зброю, кактэйлі Молатава і незамярзаючую на марозе ваду.

«Шаноўны суд, хацелася б яшчэ раз пачуць пра нябачную зброю, кактэйлі Молатава і незамярзаючую на марозе ваду. Таму, калі ласка, калі вам здароўе дазваляе, хацелася б цалкам».

Судзьдзя Людміла Грачова: «Імем Рэспублікі Беларусь. 26 траўня 2011 году...»

Чытаньне прысуду цягнулася каля трох гадзінаў. Некалькі разоў публіка ў голас абуралася тым, што нічога было не чуваць. Судзьдзя прамаўляла прысуд вельмі ціха, а мікрафоны, хоць яны былі ў залі, гэтак і не ўключылі. Аднаго разу судзьдзя Грачова папярэдзіла публіку, што выдаліць усіх з залі, калі яшчэ пачуе абурэньне. Але гэта мела адваротны вынік. Людзі абураліся яшчэ грамчэй і ў выніку судзьдзя проста не зьвяртала ўвагі на пратэсты. Калі Людміла Грачова закончыла, Уладізмер Някляеў гучна сказаў, што спадзяецца на хуткае вызваленьне усіх, хто быў пакараны зьняволеньнем. Сваякі пачалі выкрыкваць словы падтрымкі і абурэньня.

— Трымайцеся!

— Мы ўсе будзем за вас змагацца

— Што вы мяне не пускаеце?! — міліцыянты спынілі спробу маці Дзьмітрыя Вуса, якога ўзялі пад варту ў залі суду, наблізіцца да яго, каб разьвітацца. У калідоры суду Соф’я Вус працягвала абурацца судовым рашэньнем:

У нас няма ані канстытуцыі, ані закону. Толькі адзін усё вырашае.
«У нас няма ані канстытуцыі, ані закону. Толькі адзін усё вырашае. А мой бацька, дзед Дзімы, вызваляў Асьвенцым. А я хворая, мне 70 гадоў, я не магу за сваю пэнсію, 37 гадоў прапрацаваўшы, купіць сапраўдныя лекі. А ён змагаўся, каб былі справядлівыя выбары. Яго вельмі паважалі людзі, ён быў дэпутатам».

Інтэрвію і камэнтары ў калідоры суду дазволілі выказваць ня доўга: супрацоўнікі суду і міліцыянты ў цывільным настойліва пачалі запрашаць людзей пакінуць будынак. Імправізаваная прэсавая канфэрэнцыя сваякоў асуджыных адбылася на пляцоўцы каля суду. Бацька Аляксандра Класкоўскага, які асуджаны на 5 гадоў, Аляксандр Класкоўскі-старэйшы:

«Паставілі ім у віну тое, што абменьнік нейкі зачыніўся... Нібыта паралізавалі. А тое, што паралізавалі зараз усю валютную сыстэму, што ўсе абменьнікі пазачыняліся — гэта хто, апазыцыя вінавата? Дык давайце разьбірацца з гэтымі праблемамі. А то знаходзяць скрайніх, людзей, якія хочуць пачуваць сябе грамадзянамі, беларусамі ў гэтай краіне».

Маці Дзьмітрыя Буланава, які атрымаў 3 гады зьняволеньня, Клаўдзія Буланава:

«Бачу, што сын трымаецца прыстойна, ганаруся сваім сынам. Ён вынес гэтыя несправядлівыя абвінавачаньні мужна. Хачу, каб гэта ўсё хутчэй закончылася і каб сын выйшаў на волю».