Соўсь: Марына, якая была ваша першая рэакцыя пасьля прысуду?
Марына Адамовіч: Гэта цяжка сказаць. Ён, безумоўна, быў чаканы, і спадзяваньняў, тых, якія зьявіліся ў некаторых пасьля ўчарашняга выступу, у мяне не было. Але пры любым раскладзе надзея памірае апошняй, і гэта было вельмі балюча. Гэта, безумоўна, шок.
Соўсь: Як трымаўся Мікола? Ці пасьпелі вы хаця б каротка перагаварыць?
Марына Адамовіч: Мікола трымаўся як заўсёды цудоўна. Ён быў упэўнены ў сабе. Ён добра выглядае. Мне здаецца, што ён сваёй энэргіяй заражае і тых людзей, якія побач зь ім. Але перагаварыць мы здолелі літаральна толькі жэстамі.
Соўсь: Як вы лічыце, якая сапраўдная прычына пераносу даты абвяшчэньня прысуду? Што адбывалася ў гэты тыдзень, пакуль усе вязьні чакалі прысуду?
Марына Адамовіч: Ведаеце, мы зараз можам гадаць усё, што заўгодна. Безумоўна, учарашняя заява сьведчыць аб тым, што спроба гандлю пачалася. Скажам так: пробны шар закінуты. Я так разумею, што менавіта дзеля гэтага прысуд і быў адкладзены.
Соўсь: Мікола Статкевіч у сваім апошнім слове зьвярнуўся да эўрапейскіх дыпляматаў з заклікам: «Ня трэба прапаноўваць рэжыму грошы за нашу свабоду. Калі вы зробіце гэта, у нас будуць новыя закладнікі». Я гатовы ахвяраваць сабой. Як вы мяркуеце, да яго закліку прыслухаюцца?
Марына Адамовіч: Я вельмі спадзяюся на гэта. Я спадзяюся, што на гэты раз Эўропа – ды ня толькі Эўропа, але і Расея – вытрымае прынцыповую пазыцыю, і першай умоваў перамоваў аб узаемадзеяньні будзе вызваленьне ўсіх палітвязьняў і зьняцьце зь іх абвінавачваньняў. Мне здаецца, што нейкіх ілюзіяў наконт таго, што адсутнасьць кантактаў пагоршыць стан беларускага народу, ужо няма, бо ўсё навідавоку. Без усялякіх санкцый, без усялякага ціску нашае эканамічнае дзіва ляснулася.
Соўсь: Як вы мяркуеце – чаму ўчора Аляксандар Лукашэнка загаварыў пра палітвязьняў?
Марына Адамовіч: У мяне такое адчуваньне, што гэта быў крык SOS беларускай эканомікі. Я інакш не магу гэта патлумачыць.
Соўсь: Ці ведае ўжо бацька Міколы пра прысуд? Як ён сябе адчувае?
Марына Адамовіч: Як можа адчуваць сябе чалавек, якому 84 гады? Так, ён ведае пра прысуд. Я адразу патэлефанавала яму, як толькі мы выйшлі з залі суду. Безумоўна, гэта самае балючае, што магло адбыцца ў яго жыцьці на сёньняшні дзень.
Соўсь: Гэты працэс стаў трагедыяй для вашай сям’і. Як вы мяркуеце, чым ён быў для судзьдзі Людмілы Грачовай?
Марына Адамовіч: Я думаю, што ёй таксама было нялёгка, бо чалавек добра разумее, што пераходзіць нейкі Рубікон, нейкую мяжу, якая пераводзіць яе ў іншы статус, скажам так – у іншы чалавечы статус. І гэтага ўжо нельга нічым зьмяніць, ні пераадолець. Я думаю, што ёй не было лёгка, тым больш, што гэта, як кажуць, яе першы прысуд такога кшталту.
Соўсь: Калі Мікола Статкевіч выйдзе на свабоду, як вы мяркуеце?
Марына Адамовіч: Я думаю, што хутка. Я толькі гэтым і жыву, я думаю, што гэтыя тэрміны – гэта яшчэ і нейкае такое шаманства, якім рэжым спрабуе даказаць самому сабе, што ён моцны і што ў яго яшчэ ёсьць час. Я ў гэта ня веру і, больш таго, я абсалютна ўпэўненая, што такога часу ў іх ужо няма.