Ва Ўроцлаве — фотавыстава "Вольнасьць па-беларуску"

У польскім Уроцлаве на галоўнай плошчы гораду — Рынку — ля ратушы разгорнутая фотавыстава "Вольнасьць па-беларуску". Яна аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 2006 і 2011 гадоў. Польская фундацыя "За вашу й нашу вольнасьць" анансуе ёю Дні беларускай культуры ва Ўроцлаве.

Паводле аднаго з арганізатараў Дзён Арцёма Дубскага, ініцыятарамі Дзён выступілі беларускія студэнты, якія вымушаныя вучыцца ў Польшчы з-за апазыцыйнай грамадзкай дзейнасьці на радзіме. Фундацыя "За вашу й нашу вольнасьць" ініцыятыву беларускай моладзі падтрымала.
Выстава на галоўнай плошчы Ўроцлава

"Днямі беларускай культуры ва Ўроцлаве мы хочам сказаць, што, нягледзячы на жыцьцёвыя складанасьці, беларусы, якія вымушаныя жыць і навучацца за межамі нашай цудоўнай краіны, будуць працаваць на яе карысьць. Адна з формаў гэтае працы — фотавыстава й самі Дні беларускай культуры. Чакаецца, што нашы мерапрыемствы наведаюць зь Беларусі Аляксандар Мілінкевіч ды Станіслаў Шушкевіч. Наведае іх і старшыня Зьвязу беларускіх палякаў Анжаліка Арэхва. Будзе паказаны спэктакль "Пінская шляхта". Будуць канцэрты й вечары салідарнасьці", - паведаміў "Свабодзе" Арцём Дубскі.

Паводле Арцёма Дубскага, акрамя польскай фундацыі "За вашу й нашу вольнасьць", падтрымаў Дні беларускай культуры мясцовы ўрад Уроцлава.

Дні беларускай культуры будуць праходзіць ва Ўроцлаве на працягу шасьці дзён. Распачнуцца яны 31 траўня адкрыцьцём выставы сучаснага жывапісу Беларусі.