Колькі грошай прывёз Уладзімер Пуцін?

У Менску прайшлі перамовы наконт умоваў і памераў крэдытаў, якія выдзяляюцца Беларусі. Якія фінансавыя рэсурсы атрымае Беларусь? На якіх умовах? Што Беларусь будзе вымушаная прадаць расейскім кампаніям?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі «БелаПАН» Аляксандар Класкоўскі зь Менску і намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы.

Аляксандар Класкоўскі
Андрэй Суздальцаў
Валер Карбалевіч

Хто мае рацыю?


Валер Карбалевіч: «У аўторак Лукашэнка заявіў, што Расея выдзяляе Беларусі 6 млрд. даляраў крэдыту. Аднак расейскі бок вуснамі міністра фінансаў РФ Кудрына фактычна дэзавуіраваў гэтую інфармацыю. Ён растлумачыў, што Беларусь атрымае 3 млрд. з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Прычым сёлета — толькі 1 млрд. даляраў. А астатнія 3 млрд. Беларусь павінна атрымаць за кошт продажу дзяржаўных прадпрыемстваў. Чыя вэрсія праўдзівая?».

Аляксандар Класкоўскі: «Тут без варыянтаў. Хто дае грошы, той і кажа праўду. А беларускае кіраўніцтва выдала жаданае за існае. З самага пачатку заява Лукашэнкі выклікала сумнеў. Бо выглядала так, нібыта прэзыдэнт РФ Мядзьведзеў сам патэлефанаваў і амаль што ўгаворваў узяць гэтыя грошы.

Кудрын усё растлумачыў. Згадваецца, як два гады таму той жа Кудрын тут у Менску спрабаваў давесьці тыя самыя ісьціны да беларускага кіраўніцтва. Але атрымаў ад Лукашэнкі па поўнай праграме. Прэзыдэнт заявіў, што ён «кансалідаваўся з нашымі „адмарозкамі“. Гэтым разам Кудрын таксама вучыў беларускае кіраўніцтва, што трэба рабіць. А тое амаль што брала пад казырок».

Андрэй Суздальцаў: «Усе гэтыя танцы беларускага кіраўніцтва вакол фінансаў Маскве надакучылі. Бо існуе вялікі недавер да гэтага кіраўніцтва. Пад гэты крэдыт беларускі бок прапанаваў антыкрызісную праграму. Але гэтая праграма невыканальная пры цяперашнім кіраўніцтве. Таму Расея збагрыла гэтую крэдытную дапамогу ў Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС. Няхай будзе калектыўная адказнасьць і іншых краін ЭўрАзЭС.

Пуцін узгадніў у Менску, што гэты 1 млрд. даляраў крэдыту прыйдзе ў першай дэкадзе чэрвеня. Таму цяпер прытармазілася падзеньне беларускага рубля».

Якія ўмовы выдзяленьня крэдыту?


Карбалевіч: «І гэты 1 млрд. даляраў з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС выдзяляецца ня проста так, а на пэўных умовах. Мусіць, акрамя антыкрызіснай праграмы, ёсьць яшчэ ўмовы, прычым больш важныя?».

Класкоўскі: «Наконт антыкрызіснай праграмы. Няма ўпэўненасьці, што беларускі бок сапраўды наважыўся яе выконваць. З МВФ такі нумар „пракаціў“, праграму прынялі, але ня выканалі.
Невыпадкова няма ніякай інфармацыі пра вынікі начных перамоваў Лукашэнкі і Пуціна.

Але больш важныя іншыя ўмовы. Гэта продаж найбольш прывабных беларускіх актываў расейскім кампаніям. Невыпадкова няма ніякай інфармацыі пра вынікі начных перамоваў Лукашэнкі і Пуціна. Бо беларускаму кіраўніцтву тут няма чым хваліцца. Расея даціскае, і Беларусі давядзецца саступаць на нявыгадных умовах».

Суздальцаў: «Ня думаю, што гэта надта цікавіць Расею. Галоўнае пытаньне — у кошце. Бо Лукашэнка ж і дасюль не адмаўляўся прадаваць. Я цяпер у якасьці экспэрта ўдзельнічаю ў абмеркаваньні гэтых пытаньняў. Калі паўстала пытаньне, як вяртаць гэтыя крэдыты, што можна купіць у беларусаў, то ўзьнікла праблема.

Памятаеце, калі Лукашэнка казаў пра гэтыя 6 млрд., то адзначыў, што 3 млрд. Беларусь аплаціць пастаўкамі тавараў. Гэтае пытаньне сапраўды абмяркоўвалася. Праблема ў тым, якімі таварамі аплачваць. Аказалася, што амаль нічога ня трэба.

Сьпіс прадпрыемстваў для прыватызацыі прадставіў беларускі бок. Але ці купяць? Шмат прадпрыемстваў, якія здаюцца беларусам апэтытнымі, патрабуюць вялікай мадэрнізацыі, капіталаўкладаньняў. Напрыклад, „Белтрансгаз“. Ці варта гэта рабіць на тле таго, што запускаецца газаправод „Паўночная плынь“?».

Што Беларусь будзе вымушаная прадаць расейскім кампаніям?


Карбалевіч: «Якія прадпрыемствы хоча купіць Расея? Па якіх цэнах?».

Класкоўскі: «Калі ідзе торг, то кожны з бакоў падвышае стаўкі. Таму Расея, якая адчувае сябе гаспадаром становішча, паводзіць сябе вальяжна. Маўляў, ня надта і трэба, але давайце паглядзім, што вы прапануеце.

Гаворка ідзе пра „Белтрансгаз“, МАЗ, НПЗ, малочныя прадпрыемствы, гарадзенскі „Азот“, „Беларуськалій“, банкі. Доўгі час Лукашэнка гаварыў пра 25 умоваў прыватызацыі, якія ўключалі ўсю „сацыялку“. Зразумела, расейскія кампаніі будуць імкнуцца скінуць гэтую „сацыялку“. Такім чынам, адбываецца ціхая, лятэнтная акупацыя камандных вышынь у эканоміцы. А потым можна будзе павесьці рэй і ў палітыцы».

Суздальцаў:
Трэба зразумець, што Беларусь — краіна-банкрут.

«Такія пытаньні заўсёды ўзьнікаюць, калі прыватызацыяй займаецца замежны інвэстар: „Нас акупіруюць, захопліваюць“ і інш. Цікава, што калі прыватызацыяй у Беларусі займаюцца немцы, палякі ці туркі, то такіх размоваў няма. А вось калі сюды прыходзіць расейскі капітал, то гэта акупацыя. Таму асабліва і ня рвуцца расейскія кампаніі ў Беларусь. Згадайце, як не ўдаліся прыватызацыйныя аўкцыёны. Вядома, можна яшчэ пачакаць гадоў дзесяць, тады за гэтыя прадпрыемствы ўвогуле ломанага гроша не дадуць.

Вось нядаўна абмяркоўвалася пытаньне прыватызацыі „Гродна-Азоту“. Былі меркаваньні: навошта трэба яго купляць? Бяз таннага газу прадпрыемства неэфэктыўнае.

Трэба зразумець, што Беларусь — краіна-банкрут. 600 тысяч беларусаў працуюць у Расеі, увогуле каля 1 млн. — за мяжой. І 1,5 млн. апынуліся беспрацоўнымі.

Вось у Расеі пад Калугай немцы сабралі аўтазавод за 13 месяцаў, які будзе вырабляць 100 тысяч „Фольксвагенаў“. Калі трэба, то зьбяруць і адвязуць назад. Гэта ж не ХІХ стагодзьдзе».

Класкоўскі: «Сапраўды, час цяпер працуе на Расею. Але я не выключаю, што калі ў гэтым торгу Масква перагне палку, то ў блізкай пэрспэктыве магчымае абвастрэньне дачыненьняў».

Карбалевіч: «Сапраўды, магчыма, мы хутка даведаемся, што казлы жывуць ня толькі на захадзе Эўропы, але і на ўсходзе».

Суздальцаў: «Ды ніякага торгу няма».