20 траўня – дзень народзінаў Беларускай службы Радыё Свабода. Да гэтай даты выйшла ў сьвет юбілейная, 20-я кніга бібліятэкі Свабоды – успаміны вэтэрана Радыё Свабода Галіны Руднік “Птушкі пералётныя”. Ад сёньня яе можна чытаць і на нашым сайце.
Радыё Свабода яна аддала больш як сорак гадоў. А незадоўга да свайго васьмідзесяцігодзьдзя навучылася працаваць на кампутары і напісала ўспаміны свайго жыцьця. Жыцьця, якое заўсёды кідала ёй выклік, пачынаючы ад самага дзяцінства, якое прыйшлося пражыць з кляймом дачкі “ворага народу”. Вайна для яе пачалася ў адной эўрапейскай сталіцы – Менску, а закончылася ў іншай – Бэрліне, і тут і там – пад бомбамі.
У гэтым жыцьці ёй даводзілася спадзявацца толькі на свае сілы, будучы апорай іншым. Гэта яна выратавала жыцьцё паэтцы Натальлі Арсеньневай. Гэта ёй даверыў замест сябе кіраваць царкоўным хорам Мікола Равенскі. Гэта яна пазнаёміла ў Нью Ёрку бацькоў Данчыка – Юлю і Паўла. Гэта яе на працу ў беларускую Свабоду рэкамэндаваў прэзыдэнт БНР Мікола Абрамчык.
Мінулым летам Галіна Руднік чытала фрагмэнты кнігі ў "Чытальнай залі" на нашых радыёхвалях. Цяпер яе ўспаміны выйшлі асобнай кнігай ў "Бібліятэцы Свабоды".
Чытайце кнігу жыцьця Галіны Руднік – падзеі ХХ стагодзьдзя, зьнітаваныя лёсамі выдатных людзей:
Галіна Руднік. Птушкі пералётныя. (pdf, 3,87MB)
“Птушкі пералётныя – кніга палёту беларускай дзяўчыны з Бабруйску супраць урагану гісторыі над сталінскімі расстрэламі, нямецкай акупацыяй, лягерамі для перамешчаных асобаў у Амэрыку і вяртаньня на заклік Рады БНР у Эўропу, каб працаваць на Радыё Свабода ад пачатку Беларускай службы ў траўні 1954-га аж да краху савецкай імпэрыі, які яна назаве галоўным вынікам сваёй працы. І дачка самага крывавага тырана ў гісторыі чалавецтва ня знойдзе лепшага голасу, які б данёс яе словы да мільёнаў слухачоў за жалезнай заслонай, чым голас беларускай дзяўчыны з Бабруйску”.
Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода
“Галіну я кожны дзень слухала на Свабодзе і прачытала яе кнігу зь вялікім захапленьнем. Я, магчыма, ня першая гэта кажу, але сьведчаньні Галіны Руднік – гэта гісторыя беларускага народу ў дваццатым стагодзьдзі”.
Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР
“Кніжка чытаецца вельмі лёгка, напісаная такім жывым стылем, праўдзіва, калярытна, з вострым пачуцьцём гумару, хоць ёсьць там і вельмі змрочныя сцэны жыцьця Галіны і яе сям'і. Зь вялікай прыемнасьцю чытаем кніжку з жонкай Надзяй і цэлы шэраг сяброў ужо запісаліся ў чаргу”.
Янка Запруднік, вэтэран Радыё Вызваленьне/Радыё Свабода, гісторык, дзяяч беларускай эміграцыі
“Я кожную раніцу хаджу па вуліцы Пушкінскай, па той вуліцы, дзе жыла дзяўчынкай Галіна Руднік. Назва яе кніжкі "Птушкі пералётныя" для мяне вельмі сымбалічная. Для мяне гэта беларусы, раскіданыя па сьвеце, вымушаныя ратаваць сваё жыцьцё за межамі сваёй краіны”.
Алесь Чыгір, настаўнік, краязнаўца з Бабруйску
“Жаночых эміграцыйных успамінаў у нас ня так шмат. Гэтыя ўспаміны Галіны Ганчарэнкі-Руднік ці не найбольш цікавыя з усяго таго, што я перад тым чытала”.
Натальля Гардзіенка, кандыдат гістарычных навук, дасьледчыца беларускай эміграцыі
“Я думаю, што прыйдзе час, і ў Беларусі ці дзе-небудзь яшчэ адбудзецца Нюрнбэрскі працэс над расейскім бальшавізмам. Тады наўрад ці будуць жывымі сьведкі злачынстваў, але за іх будуць сьведчыць іх кнігі, іх успаміны. Таму такіх мэмуарных кніжак трэба мець як мага болей, натхняць, каб сьведкі гісторыі гэта рабілі так, як Галіна Руднік”.
Захар Шыбека, прафэсар, доктар гістарычных навук, дасьледчык гісторыі Менску
***
Інтэрвію з Галінай Руднік , запісанае ў часе падрыхтоўкі яе ўспамінаў да эфіру (ВІДЭА):
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5