У Беларусі працягваюцца палітычныя працэсы над апазыцыйнымі лідэрамі і актывістамі. Многія ўдзельнікі сьнежаньскай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску ўжо асуджаныя на працяглыя турэмныя тэрміны. Іншыя яшчэ чакаюць сваёй чаргі. І ўсё гэта адбываецца на тле вострага эканамічнага і фінансавага крызісу, абцяжаранага міжнароднай ізаляцыяй, да якой прывяла палітыка цяперашняга беларускага рэжыму.
Пра новыя эканамічныя і палітычныя рэаліі, у якіх на працягу некалькіх апошніх месяцаў апынулася Беларусь, разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" Артур Пасяковіч з Наваполацку, з допісу якога пачну сёньняшнюю размову. Слухач піша:
"Да гэтага часу ўлада Лукашэнкі трымалася на танных расейскіх газе і нафце, а таксама на крэдытах з Расеі. Цяпер у рэжыму ўсе спадзяваньні на тое, што Расея дасьць яшчэ адзін буйны крэдыт. Але Масква больш ня хоча раздаваць грошы за абяцанкі. Там патрабуюць за новыя крэдыты "фамільнае срэбра" Лукашэнкі — найбольш апэтытныя кавалкі дзяржаўнай уласнасьці. Аддаць іх — значыла б для Лукашэнкі фактычна капітуляваць перад Расеяй, адмовіцца ад сваіх дыктатарскіх паўнамоцтваў.
Усё больш пераконваюся: мелі рацыю тыя палітыкі, якія яшчэ ў 2010-м годзе папярэджвалі, што ў Беларусі набліжаецца рэвалюцыя. Праўда, летась у сьнежні яна не перамагла. Але цяпер — зусім іншая сытуацыя. Думаю, калі Масква разьбярэцца з уласнымі выбарамі ў 2012-м, дык пачне вельмі моцна ціснуць на Лукашэнку", —
— напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Артур Пасяковіч з Наваполацку.
Наўрад ці беларускае пытаньне значыцца ў расейскага кіраўніцтва ў шэрагу першарадных. Падобная аргумэнтацыя — наконт таго, што, маўляў, вось разьбярэцца зараз Масква з уласнымі выбарамі — і тады ўжо возьмецца за Лукашэнку — гучала ў Беларусі за апошнія 16 год шматкроць. І ніколі гэты прагноз ня спраўджваўся.
Галоўная праблема для беларускай улады — ці пагодзяцца самі беларусы і далей цярпець тое, што адбываецца ў нацыянальнай гаспадарцы. А час наперадзе нялёгкі. На наступныя два гады прыпадаюць асноўныя выплаты па крэдытах, набраных уладай за папярэднюю пяцігодку. А залазіць у новыя пазыкі, каб пагасіць старыя, цяпер ужо не атрымаецца: Расея свае кішэні заціснула. Хіба што ўдасца распачаць гандаль палітвязьнямі з Захадам...
Аўтар наступнага ліста Алесь Скурко зь Менску быў моцна ўражаны нядаўнімі выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі на адрас эўрапейскага і ўкраінскага кіраўніцтва. Нагадаю, лідэр Беларусі абвінаваціў прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў "вашывасьці", а прэзыдэнта Эўрапейскай Камісіі Жазэ Мануэля Барозу назваў "казлом". Алесь Скурко з гэтай нагоды піша:
"Што гэта за краіна такая, кіраўнік якой дазваляе сабе ганьбіць ня толькі сваіх грамадзянаў, але і кіраўнікоў іншых дзяржаў? Няўжо гэта будзе спрыяць павазе да нас?
Куды ў сувязі з гэтым глядзяць і чаму не рэагуюць так званыя "дэпутаты парлямэнту", кіраўнікі пракуратуры, Канстытуцыйнага суду?
Урэшце, чаму маўчыць новы прэм'ер-міністар Мясьніковіч? Няўжо страх заглушыў сумленьне? Разумею, усе яны, хутчэй за ўсё, дзейнічаюць на прынцыпах чынавенскай супольнасьці, куды ўлада падбірае выключна адданых "усенародна абранаму". А там жа вядома якое правіла: "Рубель — уваход, два — выхад".
І яшчэ цікава: як з гэтага тупіку будзе выкручвацца наша Міністэрства замежных спраў? Там жа ведаюць, што ў дыпляматыі нельга паводзіць сябе, як на калгасным базары. І якой прыязнасьці і дапамогі чакаць ім ад дзяржаў, кіраўнікоў якіх наш лідэр назваў "казламі", "быкамі" і "вашывымі"?
Са зьдзіўленьнем назіраю за спрэчкамі некаторых палітолягаў пра тое, ці ёсьць у нас дзяржаўная ідэалёгія, а калі ёсьць, то якая. Як на маю думку, дык спрэчка тут ня мае сэнсу. Ідэалёгія ёсьць. Яе сутнасьць — пошук (а па сутнасьці — прызначэньне) вінаватых за неэфэктыўную дзяржаўную эканамічную і сацыяльную палітыку, неабмежаваную і вечную ўладу цяперашняга кіраўніка, ягоную лаянку і абразу ўсіх і ўсяго — апазыцыі, іншадумцаў, проста прыстойных людзей, якія ня хочуць ператварацца ў быдла.
Гэта было, ёсьць і будзе. І гэта — норма для дыктатарскай улады. Іншай дзяржаўнай ідэалёгіі пры такім рэжыме быць ня можа", —
— напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Алесь Скурко зь Менску.
Апэляваць да высокіх службовых асобаў у гэтым выпадку наўрад ці ёсьць сэнс, спадар Алесь. Самастойных, не залежных ад прэзыдэнта галінаў улады ва ўмовах цяперашняй беларускай сыстэмы няма і быць ня можа. Ні суды, ні пракуратура, ні Палата прадстаўнікоў, ні ўрад пярэчыць Аляксандру Лукашэнку ня здольныя: яны пастаўленыя ў поўную залежнасьць ад яго і выконваюць ролю псэўдадэмакратычнай дэкарацыі. Службовая асоба, якая адважылася б запярэчыць камандзе з Адміністрацыі прэзыдэнта — тут жа страціла б сваю пасаду.
Наколькі эфэктыўная такая сыстэма кіраваньня? Улада сьцьвярджае, што толькі яна забясьпечвае выдатную кіраванасьць і дысцыпліну, што да іншага беларусы не прывучаныя, што дэмакратычная сыстэма ім не патрэбная.
Ці так гэта? Вынікі 17-гадовага функцыянаваньня аўтарытарнага рэжыму ў сваёй краіне грамадзяне Беларусі бачаць на ўласныя вочы.
Аўтар наступнага ліста Генадзь Лібэрман з пасёлку Палескі Лунінецкага раёну разважае пра тое, у якім становішчы цяпер апынулася беларуская літаратура, якія творы ўлада распарадзілася выкрасьліць са школьных падручнікаў. Слухач піша:
"Зараз я на пэнсіі. А ў 90-я гады выкладаў у нашай школе беларускую літаратуру. Я і мае вучні з задавальненьнем знаёміліся з творамі аўтараў, якіх раней і блізка не было ў праграмах савецкай школы: Сыракомлі, Каратынскага, Гарэцкага... Нарэшце загучалі на ўроках рэпрэсаваныя творы — Дубоўкі, Мрыя, Зарэцкага, Жылкі, Геніюш, Сяднёва. Трэба адзначыць асаблівую цікавасьць вучняў да маштабных твораў — такіх, як "Птушкі і гнёзды" Брыля, "Каласы пад сярпом тваім" Караткевіча, аповесьцяў Быкава "Аблава", "Жоўты пясочак" ды іншых. Па словах многіх вучняў, яны з большай цікавасьцю чыталі творы беларускіх пісьменьнікаў, чым раманы Талстога і Шолахава.
Вельмі шкада, што зараз многія з твораў Васіля Быкава, Янкі Брыля ды іншых выдатных нашых пісьменьнікаў чамусьці ўвогуле выключаныя з праграмы. Не вывучаюць цяпер у школе і творы нашых лепшых сучасных паэтаў — Барадуліна, Гілевіча, Бураўкіна. Так мы ніколі ня выхаваем сапраўдных грамадзян Беларусі — калі зноў будзем дзяліць дзеячаў культуры на "нашых" і "ня нашых", —
— напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Генадзь Лібэрман з пасёлку Палескі Лунінецкага раёну.
Так, спадар Генадзь, імёны тых выдатных беларускіх паэтаў і празаікаў, якія адмовіліся запісвацца ў прыўладны саюз пісьменьнікаў, на працягу ўсіх апошніх год пасьлядоўна выкрэсьліваюць, выціскаюць са школьных праграмаў. Ім забараняюць сустракацца з чытачамі, іхныя кнігі не ўключаюць у выдавецкія пляны, ім не даюць месца ў эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё. Але ўсё роўна немінуча настане час, калі творы таленавітых аўтараў будуць вернутыя ў падручнікі нашых дзяцей — так, як гэта адбывалася і на пачатку 90-х гадоў. А каньюнктурныя пасрэднасьці — якімі б ганаровымі званьнямі, ордэнамі і прывілеямі яны цяпер ні цешыліся — зьнікнуць і сыдуць. Бо талент вымяраецца зусім ня колькасьцю ордэнаў на пінжаку і не ступеньню набліжанасьці да ўлады.
Станам беларускамоўнай адукацыі і ўвогуле крытычнай сытуацыяй, у якой апынулася нацыянальная мова ў беларускай дзяржаве, заклапочаны і наш слухач Алег Пяткевіч з Полацку. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:
"Працую ў школе настаўнікам. Дзеткі цягнуцца да ўсяго нашага, роднага. Пытаюцца: "А што? А як? А калі?". Але ж цяпер усё беларускамоўнае (і ўвогуле ўсё беларускае) вельмі звужана. Падручнікі — толькі на расейскай мове. Гавораць дзеці паміж сабой таксама толькі па-расейску.
Як на мой погляд, дык дзеля таго, каб пашырыць беларускамоўнае асяродзьдзе, трэба, каб нашы эмігранты патроху вярталіся на радзіму.
Напрыклад, наш славуты зямляк Сяржук Сокалаў-Воюш. Ён, праўда, кажа, што ў яго роднай вёсцы Астроўшчына Полацкага раёну няма ніякіх зьменаў і ён ня зможа ўладкавацца на працу. Я ў 2009—2010 гадах працаваў у будаўнічай фірме. І мы будавалі вялікі грамадзка-культурны цэнтар якраз у вёсцы Астроўшчына. І зараблялі няблага. У гэты цэнтар уваходзяць паліклініка, дзіцячы садок, лазьня. Лічу, нашым эмігрантам ня трэба баяцца сваёй Бацькаўшчыны. Чым болей нас будзе, тым хутчэй мы разам даможамся сапраўднай незалежнасьці. Мы павінны самі разам будаваць сваю краіну. А чынавенству да нас няма ніякай справы. Ім галоўнае — каб іх не чапалі, не заміналі займацца ўласнымі праблемамі", —
— напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Алег Пяткевіч з Полацку.
Людзі, якія эмігравалі на Захад, вельмі рэдка вяртаюцца на жыхарства назад у Беларусь. На тое ёсьць шмат прычын — і палітычных, і эканамічных, і ў кожнага — асабістых, сямейных. Наўрад ці варта за гэта дакараць эмігрантаў: кожны сам выбірае свой лёс. Беларуская нацыянальна арыентаваная эміграцыя чым можа — дапамагае сваёй радзіме ў моўных і культурных справах. Але разьлічваць у моўным адраджэньні толькі на яе сілы — прынамсі наіўна і бясплённа, спадар Алег. Лёс і беларускай мовы, і беларускамоўнай адукацыі вырашаецца тут, на беларускай зямлі, беларускімі ж грамадзянамі.
І на заканчэньне —ліст-падзяка, ліст-просьба ад Людмілы Барысавай з Магілёва. Слухачка піша:
"Слухаю вас кожны дзень. Падабаюцца абсалютна ўсе перадачы. Нецікавых асабіста для мяне няма. Асабліва падабаецца мова, на якой размаўляюць вашы вядучыя. Яна — сапраўдная, жывая.
Сорамна прасіць, але вельмі хочацца атрымаць вашы дыскі — "100 бардаў Свабоды" і сатырычныя песьні Лявона Вольскага. Калі слухаеш Саўку ды Грышку, то адчуваеш сябе то Саўкам, то Грышкам. Можа, што і з "Мудраслоўя" Вячаслава Ракіцкага будзеце выдаваць? Я вельмі люблю народныя прыказкі і прымаўкі. Калі слухала перадачы, дык спрабавала запісваць за вамі. Ды дзе там пасьпееш! Асабліва калі чуваць ня надта добра. (А такое здараецца.)
У кнігарнях Магілёва набыць нешта сучаснае беларускамоўнае не ўдаецца.
У праграме "Верш на Свабоду" пачула верш Тацяны Коласавай "Дождж". Супэр! Ёсьць жа такія здольныя людзі, якія могуць мае думкі так таленавіта ператварыць у словы. Увогуле, так ня раз бывае: толькі падумаю пра нешта — а на вашым радыё ўжо адгукнуліся", —
— напісала ў сваім лісьце на "Свабоду" Людміла Барысава з Магілёва.
Дзякуй, спадарыня Людміла, за добрыя словы. Вашу просьбу (як і такія ж просьбы многіх іншых нашых сталых слухачоў і аўтараў) будзем мець на ўвазе і пастараемся выканаць. "Свабода" працягвае свае выдавецкія праекты і заахвочвае кнігамі і дыскамі аўтараў найбольш цікавых допісаў.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.