Андрэй Пачобут. Партрэт на фоне кратаў



Аднойчы дзеяч Саюзу палякаў даваў характарыстыкі сваім паплечнікам: у каго ёсьць патрэбны стрыжань, а хто — “не баец”, казаў ён. Я сядзеў побач. Дык вось: Андрэй Пачобут — якраз “баец”, з тых, на кім трымаецца арганізацыя, якую ўлады адмаўляюцца прызнаваць. Але судзіць яго зьбіраюцца за імкненьне да свабоды слова, а таксама за Плошчу.

На сьцяне гарадзенскай турмы нядаўна зьявілася саматужная шыльда: гісторыка-культурная каштоўнасьць, ансамбаль былога кляштару езуітаў, “жылыя карпусы”, ХVI-XVIII-ХІХ стагодзьдзяў. Наконт “жылых” сказана занадта гучна: унутры камэры з вязьнямі. За высозным мурам у сьледчым ізалятары трымаюць журналіста Андрэя Пачобута, яму выставілі абвінавачаньне — “абраза прэзыдэнта” і “паклёп” на яго. Цяпер Андрэй чытае аркушы крымінальнай справы. Яе зрабілі з васьмі публікацый у “Газэце выборчэй”, карэспандэнтам якой журналіст зьяўляецца. Але гэта яшчэ ня ўсё: у КДБ пашукалі ў сеціве і далучылі да справы два тэксты Пачобута — з “Беларускага партызана” і зь яго блогу ў livejournal. Прэзыдэнта крытыкаваў, але ў думках не было абражаць, прызнаўся мне калега, калі быў яшчэ на волі.

Уласна кажучы, судзіць Андрэя Пачобута хочуць за асьвятленьне беларускіх рэалій буйной газэтай суседняй дзяржавы. Паслаць у Варшаву свайго цэнзара рэжым ня мог, выставіць “Газэце выборчэй” папярэджаньне, прыпыніць яе выпуск, як практыкуе Мінінфармацыі, таксама зусім нерэальна. Тады што?!



Забараніць друкаваць, як гэта робіцца часам? Але ж польскія друкары не баяцца беларускай улады, як баяцца мясцовыя. Галаваломку задаў Пачобут рэжыму! Даўшы раз акрэдытацыю, перасталі яе даваць, папярэджваць пачалі, што працуе, маўляў, “нелегальна”, словам усяляк спрабавалі заторкнуць рот журналісту. Ігнаруючы, што публікацыі у “Выборчэй” наконт падзеяў у Беларусі былі ня толькі яго асабістым пунктам гледжаньня, але і пазыцыяй самой рэдакцыі. Наважуся сказаць, яна супадала і з поглядам астатняй Эўропы на беларускі рэжым. Нездарма ж дэпутаты ад розных краінаў патрабуюць выпусьціць Андрэя Пачобута з-за кратаў.

Ня ведаю, як лічыць сёньня ён сам, але пачатак судовай справы бачыцца мне менавіта 19 сьнежня, калі яго арыштавалі на Плошчы ў сталіцы. Пасьпеў паведаміць у рэдакцыю, расказваў ён мне пазьней. Ноч пратрымалі ў замерзлым аўтазаку, але назаўтра нечакана выпусьцілі ў судзе. Абышлося. Дапамагла рэдакцыя, сказаў ён мне тады, зрабіла захады. Але за Плошчу пачалі дапытваць у КДБ, прычым стараліся зрабіць гэта раптоўна: спынілі ля дому, пасадзілі ў машыну. Тое, што Андрэй Пачобут выконваў заданьне рэдакцыі, калі яго арыштавалі, вядома ж органы не цікавіла. Пасьля допыту ён зьвяртаецца ў пракуратуру: пагражалі, стукнулі па галаве. Лёгкая траўма на галаве пацьвярджаецца… А далей у сталіцы раптам вырашаюць, што незаслужана адпусьцілі журналіста Пачобута 20 сьнежня, не пакараўшы. Выклікаюць на суд і штрафуюць за Плошчу. Аднак кагосьці гэта раздражніла: замала! Новы суд. Пачобуту замяняюць штраф на арышт, і ён апынаецца на Акрэсьціна. А тым часам нехта перакладаў з польскай мовы напісаныя ім тэксты з думкай пра крымінальную справу…

Андрэя Пачобута нейк зацікавіла кніга пра гісторыю мясцовай турмы, яе напісаў турэмны бібліятэкар. Журналіст набыў кнігу і цяпер ведае ў падрабязнасьцях дзе яго трымаюць, і як з гарадзенскай “альма матэр” — вядомага ў Вялікім княстве Літоўскім езуіцкага калегіюма царская ўлада зрабіла астрог. Калегіюм існаваў пры кляштары, іх абнесьлі вялікім мурам з боку вуліцы. За турэмнай сьцяной сёньня камяніцы каталіцкай курыі і Катэдральны касьцёл, разам з турмой яны займаюць квартал. Касьцёл высокі і вялікі, там пастаянна моляцца, ксяндзы і вернікі. На яго званіцы, якая блізка ад турэмных камэр, вежавы гадзіньнік, яму пяцьсот гадоў, час адмярае звон, які павінны чуць вязьні, Андрэй Пачобут таксама. Ня думаю, што праз гэта яму лягчэй, але адчуваць побач касьцёл — усё ж лепей, чымсьці чуцца зусім у глухім каменным мяшку. Думаецца, журналіст напіша яшчэ пра гарадзенскую турму: погляд знутры.

Мне імпануе пазыцыя Андрэя Пачобута, які не гаворыць: мы тут палякі, і ўсё. Не, ён карыстаецца беларускай мовай, вядзе свой блог у інтэрнэце па-беларуску. Аднойчы я яго спытаў: ты бываеш часта ў Польшчы, там прыгожыя гарады, захавалася архітэктура старая, палякі вядомыя майстры рэстаўрацыі, які горад для цябе ўзорны, куды табе хочацца вяртацца раз за разам? Ён засьмяяўся і сказаў, што Горадня — ягоны дом і любімы горад, свой, ня важна, што ён бачыў іншыя, якія ўражваюць, прыцягваюць плоймы турыстаў.

Акцыя памяці загінулых палякаў пасьля вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў 1939 годзе.


Мы яшчэ не былі знаёмыя, першы раз я ўбачыў Пачобута пры канцы 1990-х. Адміністрацыйна судзілі стваральніка Саюзу палякаў Тадэвуша Гавіна, наколькі памятаю, “за несанкцыянаваны пікет”. Андрэй Пачобут нядаўна закончыў юрфак. Аднакурсьнікі пасьпяшаліся ўладкавацца хто ў суд, хто ў пракуратуру, хто ў “органы”. Яго цікавіла іншае. Напярэдадні выбараў 2001 году ў Горадні стала на адно вострае журналісцкае пяро болей.

Андрэй Пачобут выглядае мажна, нават манумэнтальна, унутры, як можна здагадацца, моцная энэргія, ён любіць вострыя сытуацыі, не баіцца рызыкаваць. Яму ставяць пячаткі ў пашпарт, каб забараніць езьдзіць у Польшчу, ён кажа: гэта незаконна і ўсё роўна едзе. У якіх толькі камэрах, пастарунках ён не сядзеў: Ня толькі ў Горадні, Менску, але ў Шчучыне, Лідзе. У Горадні нават два “арышты” пры пастарунках разбураны цяпер, умовы ў іх былі самыя прымітыўныя, а там трымалі і Пачобута, і іншых, хто не жадае схіляць галаву перад рэжымам.

Ён мог застацца ў Польшчы, але вярнуўся, неўзабаве яго затрымалі, схавалі за краты. На апошняй сустрэчы з калегамі, мы сабраліся, каб выказаць сваю падтрымку (крымінальная справа стала фактам), ён стараўся быць спакойным, ураўнаважаным. Мне трэба было запісаць галасы людзей, самога Пачобута, не заўважыў, што на фотаапараце колца пераскочыла, здымкі Андрэя атрымаліся нярэзкія.

Сяргей Астраўцоў, пісьменьнік і журналіст







Усе партрэты на фоне кратаў