Уладзімер Халіп: Чаму «мастацкі твор» ОНТ стаў доказам у крымінальнай справе?

У судзе Заводзкага раёну Менску ў другі дзень крымінальнага працэсу супраць удзельнікаў Плошчы Сяргея Марцалева, Паўла Севярынца, Ірыны Халіп, якіх абвінавачваюць у «групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак», былі прадстаўленыя доказы абвінавачаньня.

У якасьці сьведкаў супраць Сяргея Марцалева, Паўла Севярынца і Ірыны Халіп выступалі тыя самыя супрацоўнікі інфармацыйна-прапагандысцкай групы ГУУС Менску і менскай ДАІ, якія нядаўна сьведчылі ў працэсе над Андрэем Саньнікавым. Нічога новага яны не сказалі, а толькі распавялі, як 19 сьнежня дэманстранты абышлі іх ланцуг на Кастрычніцкай плошчы і рушылі на праезную частку праспэкту Незалежнасьці. Ніякіх іншых правапарушэньняў яны не зафіксавалі.

У другой палове дня суд прыступіў да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы і відэазапісаў. Цікава, што ў матэрыялы крымінальнай справы трапіла пасьведчаньне даверанай асобы кандыдата на прэзыдэнта, выпісанае на імя Паўла Севярынца, перадвыбарчыя ўлёткі, відэазапісы з сустрэч з выбарцамі спадара Севярынца, на якіх той заклікаў на Плошчу.

Найбольшай нечаканасьцю сталася далучэньне да матэрыялаў справы рэпартажу аб падзеях на Плошчы тэлеканалу ОНТ — прапагандысцкага сюжэту з эмацыйным закадравым голасам і са зьвесткамі, якія ўжо былі зьняпраўджаныя на іншых судовых працэсах, — напрыклад, пра тое, што ў «машыне Някляева» была знойдзеная выбухоўка і заточаная арматура, хоць было даведзена, што там была толькі гукаўзмацняльная апаратура. Або што дэманстранты паламалі спэцназаўцам рукі ды ногі — у судах гэтыя пацярпелыя заявілі пра гематомы плячэй і клубоў — ня болей.

Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: «Гэта проста хлусьня. І чаму гэта аглядаецца ў судовым працэсе, цяжка сказаць. Што да іншага відэа, то заўважна, што гэта мантаж з розных камэраў, якія здымалі з розных кропак. Хранамэтражу няма. І дарэчы, чамусьці дэманстравалі кадры з плошчы Незалежнасьці, хаця ў гэтым судзе нікому не інкрымінуюць эпізоды на гэтай плошчы».

Валянцін Стэфановіч мяркуе, што «відэанарэзку» таксама нельга ўспрымаць як доказы — на ёй толькі адзін раз зафіксавана, як Ірына Халіп размаўляе з начальнікам ДАІ, і як Павал Севярынец выгуквае ў мэгафон «Верым! Можам! Пераможам!». А на зафіксаваным КДБ і паказаным у судзе відэазапісе перадвыбарчага сходу ў Бабруйску спадар Севярынец заклікае выключна да мірнай акцыі на Плошчы, на якую грамадзяне маюць права.

Абурэньне відэарэпартажам ОНТ як доказам па крымінальнай справе выказалі і родныя падсудных.

Уладзімер Халіп
Бацька Ірыны Халіп спадар Уладзімер: «Як гэта можна — браць мастацкі твор — а гэта мастацкі твор, бо там настолькі ўсё зьлеплена і настолькі бурныя фантазіі — і прад’яўляць гэта ў якасьці нейкага дакумэнту і доказу? Гэта ўсё сьведчыць пра тое, што гэта элемэнты адной і той жа правакацыі, якую падрыхтавала ўлада».

Уладзімер Халіп з усіх крымінальных працэсаў за Плошчу вынес перакананьне, што 19 сьнежня міліцыя магла лёгка арыштаваць правакатараў, якія білі шкло ў Доме ўраду:

«Улада гэта ўсё ўчыніла, а цяпер спрабуе ўсё зваліць на апазыцыю. Не, яны вінаватыя. І яны сядуць на лаву падсудных. А тыя людзі, якіх яны зараз судзяць, ні ў чым не вінаватыя».

Аляксей Шэін
Сустаршыня БХД Аляксей Шэін, які сочыць за працэсам над сваім паплечнікам Паўлам Севярынцам, кажа, што адмова апошняга ад паказаньняў у судзе зьяўляецца мужным учынкам, які надае сьмеласьці іншым:

«Суд нагадвае нейкае касьцюмаванае прадстаўленьне. На жаль, ніякага ўплыву на рашэньне сам судовы працэс, думаю, ня будзе мець — ці даеш ты паказаньні ці не даеш. Што кажуць сьведкі з аднаго і другога боку — гэта таксама не ўплывае на рашэньне, якое будзе судзьдзёю агучана».

Аляксей Шэін выказвае абурэньне і ўмовамі, у якіх праходзіць суд, у тым ліку тым, што ў залю наганяюць дзясяткі актывістаў БРСМ, што зьяўляецца паўтарэньнем горшых савецкіх традыцый:

«Мне распавядалі людзі, якіх судзілі ў 60-я, 70-я гады за антысавецкую хрысьціянскую агітацыю, што ўлады тады наганялі камсамольцаў, наганялі партыйных, а яны не маглі трапіць у суд, каб выказаць сваю салідарнасьць. Тое самае мы бачым тут. Гэта старая савецкая практыка, якая працягваецца сёньня».

Аляксей Шэін мяркуе, што самым эфэктыўным сродкам падтрымкі палітвязьняў зьяўляецца распаўсюд інфармацыі пра іх лёс у краіне і ў сьвеце.