Чарлз Танак: Беларускі рэжым заслугоўвае пагарды

Чарлз Танак

Чарлз Танак (Charles Tannock), прадстаўнік Вялікабрытаніі ў Эўрапарлямэнце, зьяўляецца адным з аўтараў праекту рэзалюцыі, якую сёньня Эўрапарлямэнт мае прыняць па Беларусі.

Перад галасаваньнем Танак выказаў карэспандэнту нашага радыё ў Брусэлі сваю ацэнку разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі:

«Мушу прызнаць, што асабіста я вельмі расчараваны, таму што перад выбарамі я прыводзіў аргумэнты на карысьць таго, каб Беларусь спакойна і паціху прыняць у Эўранэст [парлямэнцкую асамблею «Ўсходняга партнэрства» – РС]. Я бачыў, што ізаляцыя і самаізаляцыя Беларусі ад Захаду і Эўразьвязу азначае паразу для гэтай краіны. Я атрымаў вельмі моцныя запэўніваньні ад беларускага амбасадара, што гэтым разам усё будзе іначай. Але, на жаль, Лукашэнка, які заставаўся homo sovieticus на працягу шматлікіх гадоў, адвярнуў хаду падзеяў і павёў сябе так, як некаторыя прадказвалі. Ён павёў сябе брутальным чынам і пачаў перасьлед усёй апазыцыі, што недапушчальна для эўрапейскіх кіраўнікоў. Цяпер я поўнасьцю падтрымліваю санкцыі і лічу, што да рэжыму трэба ставіцца зь вялікай доляй пагарды. Рэжым зрабіў пэўныя станоўчыя зьмены, але цяпер ён адступіў некалькі крокаў назад».