Менск можа застацца без Чэмпіянату сьвету 2014

Прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк, разам зь іншымі вядучымі дэпутатамі Эўрапарлямэнту, зьвярнуўся да старшыні Міжнароднай фэдэрацыі хакею з заклікам абумовіць правядзеньне Чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску 2014 году вызваленьнем у Беларусі ўсіх палітычных вязьняў.

У сваім лісьце Ежы Бузэк піша:

"Паводзіны беларускіх уладаў выразна дыскваліфікуюць, пазбаўляючы прывілеяў праводзіць асноўных спартовыя мерапрыемствы, такія як чэмпіянат сьвету 2014 году па хакеі.

Мы настойліва заклікаем Міжнародную фэдэрацыю хакею прыняць адпаведныя меры для забесьпячэньня таго, каб Лукашэнка не атрымаў міжнароднага прэстыжу або легітымнасьці, якія дае арганізацыя чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году, пакуль ён ня вызваліць усіх палітычных зьняволеных. На працягу амаль двух дзесяцігодзьдзяў Беларусьсю кіруе жорсткі і недэмакратычны рэжым Лукашэнкі. Эўразьвяз і ЗША рэзка асудзілі ягоныя дзеяньні. Ягоны рэжым арыштаваў сотні мірных дэманстрантаў, у тым ліку кандыдатаў у прэзыдэнты, лідэраў апазыцыі, журналістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, а таксама простых беларусаў. Чэмпіянат па хакеі 2014 году ня можа быць праведзены ў Беларусі ў гэтых жудасных умовах".

У красавіку з падобным жа заклікам да Міжнароднай фэдэрацыі хакею з шайбай зьвярнуўся амэрыканскі сэнатар-дэмакрат Дык Дэрбін. У лісьце, які ён накіраваў кіраўніцтву Фэдэрацыі, Дэрбін назваў рэжым Лукашэнкі «таталітарным кашмарам» і падкрэсьліў, што чэмпіянат ня можа праводзіцца ў краіне, дзе за кратамі знаходзяцца людзі, якія паспрабавалі скарыстацца з асноўных дэмакратычных свабодаў.

Ліст Дэрбіна таксама падпісаў Пэтэр Шцястны, славацкі хакеіст, увекавечаны ў Залі Славы Нацыянальнай Хакейнай Лігі, які цяпер зьяўляецца дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту.