…А яшчэ яны зьбілі 29 амапаўцаў

У судзе Маскоўскага раёну Менску распачаўся суд над шасьцю ўдзельнікамі падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году: Дзьмітрыем Дароніным, Сяргеем Казаковым, Уладзімерам Лобанам, Віталём Мацукевічам, Яўгенам Сакрэтам, Алегам Федаркевічам. Яны абвінавачваюцца па частцы 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу «Масавыя беспарадкі». Ніводзін з падсудных не прызнаў выстаўленых абвінавачаньняў цалкам.

Судзьдзя Алена Шылько адразу абвясьціла перапынак — не зьявіўся адвакат аднаго з абвінавачаных. Адноўлены працэс пачаўся з удакладненьня асобаў падсудных: высьветлілася, што чатыры з шасьці абвінавачаных маюць вышэйшую адукацыю, узрост ад 24 да 50 гадоў, усе — беларусы і ніводзін не належыць да палітычнай партыі. Затым пракурор Мельнік цягам амаль гадзіны зачытваў абвінавачаньні: удзел у масавых беспарадках, збройны супраціў супрацоўнікам дзяржаўных органаў, зьбіцьцё супрацоўнікаў АМАПу і матэрыяльная шкода ўрадаваму будынку. Вось як гэта пракамэнтаваў адзін са сваякоў абвінавачаных:

«Я вельмі ўважліва выслухаў абвінавачаньне — іх было шэсьць. І кожны блёк абвінавачаньня пачынаўся з таго, што ашалелы натоўп рабіў штосьці жахлівае, што шэсьць кустоў расьлін, тры замшавыя курткі і гэтак далей. Ён вельмі доўга гаварыў і не гаварыў пра чалавека, якога вінаваціў, а ўвогуле, што амапаўцу там нехта рыдлёўкай сіняк на задніцу пасадзіў — гэта проста ганьба. У беднага пракурора заплятаўся язык — ён зь цяжкасьцю прамаўляў напрыканцы, асабліва слова «недэмакратычна».

была ўпэўненая, што ў мяне самы цудоўны і спакойны сын на сьвеце. А калі пачула, колькі ён разграміў, колькі людзей ён пабіў…
Паводле абвінавачаньня, падсудныя зьбілі 29 амапаўцаў, але сьведкамі з боку пацярпелых у суд прыйшлі толькі трое. Сярод прысутных у судовай залі былі прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, у тым ліку Сяргей Остаф — назіральнік ад АБСЭ, журналісты, сваякі падсудных. Маці аднаго зь іх таксама перакананая, што выстаўленае сыну абвінавачаньне надуманае і беспадстаўнае:

«Я была ўпэўненая, што ў мяне самы цудоўны і спакойны сын на сьвеце. А калі пачула, колькі ён разграміў, колькі людзей ён пабіў… Ня ведаю… Мне падаецца, занадта ўсё тут усё строга. Так не павінна быць. Трэба кагосьці пакараць — вось і знайшлі кагосьці».

Допыт шасьці абвінавачаных доўжыўся больш за тры гадзіны, і ніводзін зь іх не прызнаў выстаўленых абвінавачаньняў цалкам. Часткова прызнаваліся ў тым, што некалькі разоў ударылі па шчытах міліцыянтаў і агароджах, але пасьля таго, як самі атрымалі дубінкамі. Што добраахвотна ішлі даведацца пра вынікі выбараў і выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю, што ня бачылі масавых непарадкаў і звар’яцелага натоўпу, а толькі мірных грамадзян. Чаму падсудным выставілі абвінавачаньні ў крымінальным злачынстве, мяркуе адзін са сваякоў падсудных:

«Каб сядзелі ўсе пад венікам, як мышы, каб ніхто нават не насьмеліўся паглядзець у бок Драздоў. Пакаюцца як мае быць — атрымаюць тры гады, а не пакаюцца — чатыры, прыкладна так».

Пасьля выступаў абвінавачаных у судзе абвешчаны перапынак да 10:00 6 траўня.