"Па трое сутак у чарзе стаім, каб купіць 150 даляраў"

Каб набыць нават невялікую суму валюты ў банкаўскіх абменьніках, многія жыхары Беларусі стаяць у чэргах дзень і ноч.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У Магілёве самая вялікая чарга па валюту — у абменны пункт на чыгуначным вакзале. У ёй 249 чалавек.

Працуе абменны пункт кругласутачна. Ля акенца — сьпісаны больш як напалову канцылярскі журнал з імёнамі чакальнікаў. Людзі стомленыя і негаваркія. На просьбу журналіста пагаварыць пра самаарганізацыю чаргі адгукнуліся малады спадар і спадарыня сталага веку.

Спадар: "Прыходзім а сёмай гадзіне раніцы, адзначаемся. Аб адзінаццатай вечара таксама адзначаемся. Не прыйшоў нехта — адразу выкрэсьліваем".

Спадарыня: "Па тры дні стаім, каб купіць 150 даляраў. Вось мы зь першага чысла стаім і яшчэ не купілі нічога".

За ноч толькі 8 чалавек здалі даляры, а па валюту ў чарзе — 250 чалавек
Спадар: "Сёньня за ноч прайшлі толькі восем чалавек, а стаіць дзьвесьце пяцьдзясят. Усе ўжо згодныя, каб курс быў 3800—3900, абы толькі было ўсё свабодна. Мы вось сёньня заяжджалі да валютчыкаў — у іх курс быў 4200, і то ня ўзяць".

Спадарыня: "Чорны рынак", выходзіць, у нас працуе, а дзяржава не працуе".

Карэспандэнт: "Вы тут і начуеце?".

Спадарыня: "Вядома".

Увечары ў нас тут раскладанкі, зэдлікі і ўсё астатняе
Спадар: "Увечары ў нас тут раскладанкі, зэдлікі і ўсё астатняе"

Спадарыня: "Во так працуюць нашы прадпрымальнікі. Людзі, якія хочуць адпачыць, паехаць на поўдзень. Аздаравіць сваіх дзяцей".

За пятнаццаць мэтраў ад чаргі пільнуюць парадак два міліцыянты. Пытаю, ці бываюць канфлікты:

Спадар: "Бывае шмат. Бываюць і бойкі. Прыходзяць некаторыя й заяўляюць, што першыя тут стаім".

Спадарыня: "Нехта некага абразіць, штурхане. Гэта ж народ, і народ дужа розны".

У суразмоўцаў пытаюся, колькі яшчэ, на іх думку, працягнецца валютны крызіс.

Спадарыня: "Гэтае пытаньне не да нас".

Спадар: "Хутчэй, відаць, цяпер скончыцца дзяржава, чым разыдуцца чэргі. Гэта хутчэй будзе".