Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам, Пратасенем. Чацьвёрты дзень

У Кастрычніцкім судзе працягваўся працэс над актывістам кампаніі «Гавары праўду!» Паўлам Вінаградавым, маладафронтаўцам Алесем Кіркевічам, сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава Дзьмітрыем Драздом, беспартыйным Андрэем Пратасенем і так званым «навушнікам» Уладзімерам Хамічэнкам.

Суды за Плошчу

19:28 У судзе аб’яўлены перапынак да 10-й раніцы 5 траўня.

18:52 — 19:25 Адвакатка Дразда Сьвятлана Гарбаток у сваім выступе таксама абвяргае наяўнасьць масавых беспарадкаў. Кажа, што ў краіне няма практыкі прымяненьня артыкулу пра масавыя беспарадкі. Прыводзіць аргумэнты, што не было масавых беспарадкаў, націску натоўпу на спэцназ. Пацярпелыя не апазналі канкрэтных абвінавачаных. Адвакатка зьвяртае ўвагу на асобу Дразда як навукоўца. У яго не было канфліктаў з законам. Ён не зьяўляецца небясьпечным для грамадзтва.

18:17 — 18:50 Выступае адвакатка Хамічэнкі спадарыня Мацкевіч. Адвакатка аналізуе пратаколы агляду плошчы пасьля мітынгу. Нічога істотнага на плошчы не было знойдзена. Арматура, палкі, ледасекі зьявіліся толькі ў трэцім пратаколе а 15-й гадзіне наступнага дня. Таму нельга давяраць пратаколу. Адвакатка аспрэчвае і відэазапіс. Яна адзначае, што не было экспэртызы дыскаў. На іх не пазначаныя дата і час. Настойвае на вынятку такіх дыскаў з матэрыялаў справы. Матэрыялы са стацыянарных камэраў відэаназіраньня не прадстаўленыя суду.

Адвакатка кажа, што невядома, хто канкрэтна нанёс пашкоджаньні пацярпелым амапаўцам.

Адвакатка адзначае, што мітынг пачаўся мірна. Распавядае, як у крымінальным кодэксе трактуецца паняцьце «масавых беспарадкаў». Лічыць, што ключавых прыкметаў масавых беспарадкаў у дзеяньнях абвінавачаных не было.

Адвакатка кажа, што не было падпалаў, пагромаў, гвалту над асобай, узброенага супраціву. Што да маёмасьці, то зьнішчана толькі шкло, трубы і ядловец. На ганку дзейнічаў не натоўп, а ізаляваная група людзей. У пацярпелых амапаўцаў мэдэкспэртыза сур’ёзныя пашкоджаньні не пацьвердзіла. Хамічэнка ня меў намеру трапіць у Дом ураду. Ён, дарэчы, сам атрымаў удар дубінкай па сьпіне. Амапаўцаў ён ня біў. Стукнуў некалькі разоў нагой і рукой па сталах, што загароджвалі ўваход у будынак.

Адвакатка зьвяртае ўвагу на асаблівасьці асобы Хамічэнкі, стан яго здароўя. Пра выбары ён меў даволі абстрактнае ўяўленьне. За сябе ён у поўнай меры не адказвае. Але стаў героем тэлеэкрану і інтэрнэту. Ён ня вельмі здаровы і шчасьлівы чалавек. Выхоўваўся ў дзіцячым доме, з асаблівасьцямі разьвіцьця. Ён не ўяўляе небясьпекі для грамадзтва. Наадварот, ніхто не забясьпечваў ахову парадку на плошчы. Сытуацыя яго справакавала. Віна Хамічэнкі не даказаная. Адвакатка просіць яго апраўдаць.

18:11 Адвакатка Пратасені кажа, што памкненьняў трапіць у Дом ураду ў яе падабароннага не было. Чаму абвінавачаньне цьвердзіць, што ён нанёс 15 удараў, для адвакаткі не зразумела. Змовы ў яго ні з кім не было. Яго дзеяньні не падпадаюць пад панятак «масавыя беспарадкі». Адвакатка падкрэсьлівае, якія добрыя характарыстыкі ў Пратасені. Што ён ніколі не прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці. Яна просіць апраўдаць Пратасеню.

18:06 Пачалі выступаць адвакаты.

18:05 Пракурор папрасіў Пратасеню і Хамічэнку 3 гады, Дразду — 3,5 году, Вінаградаву і Кіркевічу — 4 гады.

17:56 Пасьля акцыі на плошчы былі дымавыя шашкі, стрыжні, палкі, быў пашкоджаны будынак. Дзеяньні Дразда, Вінаградава, Хамічэнкі і Пратасені відавочныя. Удары наносілі яны. Што да Кіркевіча, то атрымалася цэлае слайд-шоў, кажа пракурор. У Вінаградава знойдзеная шапка з прарэзамі для вачэй, а ў Пратасені — жоўтая куртка і шапка. Пракурор настойвае, што на плошчы былі масавыя беспарадкі. Свае дзеяньні збольшага ўсе прызналі. Хтосьці цалкам, хтосьці часткова. У дзеяньнях на ганку Дома ўраду ўдзельнічалі ня ўсе мітынгоўцы. Але ўсе абвінавачаныя крыху пазьней, ужо пасьля біцьця шкла, апынуліся на ганку і паддаліся дзеяньням натоўпу. Дзьверы біла шмат народу. Але і абвінавачаныя таксама. Ён зьвяртаецца да прысудаў, якія ўжо ўступілі ў сілу, як да даказаных, што былі масавыя беспарадкі. Пракурор лічыць, што ў Вінаградава і Хамічэнкі, якія былі судзімыя, гэта ўжо рэцыдыў.

17:31 — 17:50 Пачынаюцца судовыя спрэчкі, выступае пракурор Бароўскі. Пракурор настойвае, што былі масавыя беспарадкі. Зьнішчаная маёмасьць, нанесена шкода адміністрацыйнаму будынку, нанесены пабоі супрацоўнікам АМАПу. Пералічвае, колькі ўдараў хто нанёс. Пратасеня, паводле пракурора, нанёс ня менш за 15 удараў. Хамічэнка наносіў шмат удараў па агароджы, дзьвярах Дома ўраду. У судзе апыталі 9 супрацоўнікаў міліцыі. Паказаньні 19-ці зачыталі. У момант разьбіваньня шкла АМАПу не было. Ён быў у рэзэрве, бо спадзяваўся на мірны характар акцыі. Але на плошчы Незалежнасьці пачаліся беспарадкі. Яны прыбылі пазьней. На думку пракурора, і АМАП наносіў удары, і мітынгоўцы білі АМАПаўцаў. Яны таксама моцна пацярпелі. Да прыкладу, Дрозд ударыў нават відэаапэратара.

17:29 Судзімасьць у Хамічэнкі за крадзеж. Скрасьці ўдалося, а вось вынесьці — не. Што плянавалася на плошчы 19 сьнежня, ён загадзя ня ведаў. Прызнаў, што ўсіх дзеяньняў кожны не ажыцьцяўляў. Але кожны ў нечым браў удзел.

17:27 Хадайніцтва адваката Мацкевіч судзьдзя адхіліла. Мацкевіч просіць Хамічэнку распавесьці пра сябе.

17:20 Адвакат Кіркевіча просіць далучыць яшчэ адзін відэазапіс да справы і паказаць у працэсе. Пракурор просіць адхіліць гэта хадайніцтва — маўляў, там будуць іншыя ракурсы. А інтэрвію Рымашэўскага да справы ня мае дачыненьня. Адвакат пярэчыць. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва адвакаткі Гарбаток. Яна сказала, што, маўляў, карціна ясная і так. Дыск працягласьцю 11 хвілінаў прадставіў таксама БХК. Адвакаты просяць яго далучыць да справы і паглядзець. Пракурор супраць. Пракурор кажа, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі не зьяўляюцца прадметам разгляду ў канкрэтным судовым сьледзтве.

17:09 Адвакатка Сьвятлана Гарбаток зачытвае хадайніцтвы вядомых навукоўцаў у абарону Зьмітра Дразда.

17:04 Судзьдзя спыніла крымінальную справу па артыкуле 370 адносна Вінаградава.

16:27 У судзе аб’яўлены перапынак на 5 хвілінаў.

16:26 Абвінавачаньне па артыкуле № 370 — зьнявага дзяржаўных сымбаляў — зьнятае ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўніны для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці.

16:23 Пракурор задае пытаньне Вінаградаву, ці будзе ён адказваць на пытаньне адносна абвінавачаньня па артыкуле № 370. Там тэрмін даўнасьці прайшоў.

16:20 Пракурор папрасіў далучыць да справы прысуды, якія ўжо былі — у дачыненьні ўжо асуджаных Парфянкова, Атрошчанкава ды іншых. Пракурор настойвае, што масавыя беспарадкі даказаныя.

15:56 — 16:15 Выступае сьведка Наста Палажанка. Судзьдзя адразу ж зрабіла заўвагу, што яе выклікалі не для кантактаў з абвінавачанымі. Наста Палажанка кажа, што народ паводзіў сябе мірна. Намеру штурмаваць Дом ураду не было. Лёзунгі былі кшталту: «Міліцыя з народам!». Агрэсіўных лёзунгаў, агрэсіі, ніякай зброі і прыладаў ў людзей не было. АМАП меў на мэце не адцясьніць і не затрымаць людзей, а зьбіць. Вельмі жорстка паводзіў сябе спэцназ. З боку кандыдатаў у прэзыдэнты гучалі заклікі да перамоваў. Канкрэтныя прозьвішчы і пасады, зь кім ісьці на перамовы, не агучваліся.

Сказала, што ведае Кіркевіча і Вінаградава. Была на плошчы. Але менавіта Кіркевіча і Вінаградава ня бачыла. На плошчу Незалежнасьці прыйшла крыху раней за натоўп.

Бачыла, як білі шкло. І гэтых людзей ніхто не спыняў. Чула толькі шум потым. Міліцыя зьявілася значна пазьней. Людзям далі шанец і магчымасьць пабіць шкло. АМАП зьявіўся праз хвілінаў 20. Паводле Палажанкі, масавыя беспарадкі ўчыняла міліцыя, а не народ на плошчы.

15:45
Дапытваюць сьведку Качагура, які раніцай прыйшоў без пашпарту. Сябруе зь Кіркевічам. 19 сьнежня быў у Менску. На Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці Кіркевіча бачыў на мітынгу. Прыход спэцназу таксама застаў. Стаяў каля помніка Леніну. Кажа, што спэцназ зьявіўся, каб зьбіваць людзей.

Да дзьвярэй падыходзіў, але бачыў толькі сьпіны журналістаў. Настойвае, што спэцназ зьбіваў людзей. Прыладаў і зброі, апрача вудзільняў са сьцягамі, у народа ён ня бачыў.

15:39
Пратасеня памятае, як спрабаваў захапіць шчыт, а пра ўдары ня памятае. Пацьвердзіў, што куртка і шапка жоўтага колеру належаць яму.

15:35
Судзьдзя зачытвае паказаньні Пратасені. У іх акцэнт на эфэкт натоўпу, што дзейнічаў пад уплывам натоўпу.

15:33
Судзьдзя зачытвае паказаньні Кіркевіча. У студзені ён шмат чаго адмаўляў.

15:30 Хамічэнка
на пытаньні адказвае з усьмешкай, весела.

15:28
Нібыта Хамічэнка фізычную сілу не ўжываў, маёмасьць не пашкодзіў. Калі ён падышоў, было ўжо ўсё пабіта. Прызнаў, што праўдзівыя паказаньні даваў у судзе.

15:24 Дрозд
раней даваў паказаньні, што ў кадры ня ён. Дрозд тлумачыць, чаму. Судзьдзя зачытвае паказаньні Хамічэнкі.

15:20
У сувязі з разыходжаньнямі і супярэчнасьцямі паказаньняў абвінавачаных судзьдзя прыняла рашэньне: зачытаць іх.

15:17
Пракурор задае пытаньні Кіркевічу. Пытаецца, ці спрабаваў Кіркевіч наносіць удары. Той адказаў. што не спрабаваў. Кіркевіч атрымаў удар па галаве ад спэцназаўцаў. Кіркевіч тлумачыць, што рабіў на плошчы.

15:12 На відэакадрах бачна, як Пратасеня зь іншымі падштурхоўваюць чалавека ў шапцы, выкарыстоўваючы яго ў якасьці тарану.

15:07
На чарговым дыску Пратасеня ў жоўтай куртцы б’е па шчытах. Відэа ў запаволеным тэмпе.

14:52
Зноў паўтараюць кадры з Кіркевічам. Ідуць застаўкі — «Кіркевіч штурмуе Дом ураду». Трапляў буйным плянам твар Кіркевіча. Але агрэсіўных дзеяньняў зь яго боку ня бачна.

14:48
Курсанты, якіх прыгналі ў залю суду дрэмлюць.

14:38 На відэа маладзёны штурхаюць амапаўцаў у шчыты. Фігуруюць Класкоўскі і Рымашэўскі. Часам ідуць застаўкі — «Кіркевіч у натоўпе каля Дома ўраду», «Кіркевіч штурмуе дом ураду». На кадрах дзьверы Дома ўраду, застаўленыя шафамі, агульныя пляны плошчы, людзі на ганку Дома ўраду, каля помніка. Беспарадкаў не відаць.

14:32
Дэманструюць здымкі Кіркевіча і Рымашэўскага каля палаца прафсаюзаў.

14:30
Дэманструюць начныя здымкі вогнішча. Але што гарыць — зразумець цяжка.

14:23
Дэманструюць фота Вінаградава на лецішчы альбо пікніку. Бачнае вогнішча, што гарыць — не разабраць. Відэа з кампутара Вінаградава. Нешта чырвонае, кшталту кавалка тканіны кідаюць у вогнішча.

14:16 Вінаградаў
на пытаньні адказваць адмовіўся.

14:15
Пачаўся прагляд трэцяга дыску. Файлы вельмі кароткія. Відаць як маладзёны лупяць па дзьвярах Дома ўраду.

14:12 Хамічэнка
сябе пазнаў і кажа, што быў нецьвярозы. Інакш, так бы сябе не паводзіў.

14:10
Паўтараюць кадры з Пратасенем, калі ён выхоплівае шчыт амапаўца.

14:10 Працэс аднавіўся

13:05 Аб’яўлены перапынак у судзе да 14 гадзінаў.

13:01
Пратасеня сябе пазнаў. Памкненьня трапіць у Дом ураду ў яго не было. Дзейнічаў не асэнсоўваючы, калі наносіў удары па супрацоўніках міліцыі. Не асэнсоўваў, што шчыт, які ён вырваў, зьяўляецца часткай экіпіроўкі міліцыянта.

12:54
На відэа мільганулі Натальля Каляда і Анатоль Лябедзька. Зноў бачны Класкоўскі. АМАП адганяе натоўп.

12:49
Буйным плянам Класкоўскі з палкай.

12:46
На відэакадрах бачна, што дзьверы ў Дом ураду застаўленыя шафамі і сталамі. Народ спрабуе іх адсунуць.

12:41 Пратасея ў жоўтай куртцы і жоўтай шапцы б’е. Валтузьня каля дзьвярэй. Зноў Хамічэнка буйным плянам.

12:37 На відэакадрах людзі б’юць па дзьвярах Дома ўраду. На першым пляне Федаркевіч. Класкоўскі грукае ў дзьверы.

12:32 Агульныя пляны плошчы. Хлопец у сіняй куртцы і акулярах б’е дошкай па дзьвярах Дома ўраду.

12:25 На відэакадрах бачныя Халіп і Саньнікаў.

12:24 На трэцім дыску бачна Рымашэўскага з мэгафонам. Зноў няма гуку. Кастусёў з мэгафонам, гуку няма. Прамаўляе Статкевіч, гуку няма.

12:21 Наступны дыск у судзе прагледзець немагчыма, сказаў тэхнічны супрацоўнік.

12:17 Пракурор пытаецца Пратасеню, ці ён быў апрануты ў жоўтую куртку. Пратасеня сказаў, што не. Дрозд прызнаў, што ён нанёс ад адчаю два ўдары па дзьвярах.

12:19 Хамічэнка пазнаў сябе на відэа. Але як наносіў удары ледасекам, не памятае.

11:54 — 12:09. Суд пераходзіць да дасьледаваньня відэазапісаў. Відэа ідзе бяз гука. На відэа бачна, як б’юць па дзьвярах. Здымае шмат відэаапэратараў. Б’юць палкамі. Пайшоў ланцуг АМАПу, які адсек натоўп ад ганку.

11:50 Сьведка, настаўнік ліцэю з Горадні Госьцеў. Кіркевіча ведае даўно. Аляксандар займаўся краязнаўствам, ствараў музэй, цікавіцца архэалёгіяй, музэйнай справай. Кіркевіч вельмі адказны, актыўны, цікаўны чалавек, вучыўся ў гістарычнай клясе ліцэю. Адказваў за фонды музэя. Ён характарызуе Кіркевіча як высокамаральнага чалавека, сумленнага і адказнага.

11:45 Сьведка, пастар пратэстанцкай царквы эвангельскіх хрысьціян- баптыстаў Павал Руды. Распавядае пра маральныя якасьці Кіркевіча. Кажа, што той сапраўдны хрысьціянін, які трымаецца хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.

11:2511:35 Слухаюць сьведку Казака з Наваградка. Ён сказаў, што ведае з абвінавачаных толькі Кіркевіча. Разам зь ім ён быў на плошчы. Казак быў у ахове Рымашэўскага, стаяў каля помніка Леніну. Бачыў зьяўленьне АМАПу на плошчы, Як і хто біў шкло ў Доме ўраду ня бачыў, бо стаяў далёка. АМАП біў дубінкамі людзей, адштурхоўваў шчытамі. Кандыдаты казалі пра перамовы з урадам. Пайшлі да Дому ўраду да таго, як пачалі біць шкло. Казак ахоўваў зону каля помніка, ачапленьне стрымлівала народ. Ён бачыў два ланцугі спэцназу. Другі ланцуг дзейнічаў даволі жорстка.

Адвакаты ўдакладняюць у сьведкі Казака, што рабіў, дзе знаходзіўся кандыдат у прэзыдэнты Рымашэўскі. Распавёў, што спэцназ выскачыў на кандыдатаў, калі тыя казалі пра перамовы. Ня памятае, ці бачыў Кіркевіча.

10:5511:08 Сьведка Ваўчок з Наваградка — знаёмы Кіркевіча. 19 сьнежня бачыў Кіркевіча каля чыгуначнага вакзала. На плошчы Кіркевіча ня бачыў. Бачыў, як спэцназ выходзіў на плошчу. Ён выйшаў праз паўгадзіны пасьля біцьця шкла ў будынку Дому ўраду. Быў у гэты момант у раёне елкі.

Пэўны час знаходзіўся каля Віталя Рымашэўскага. Потым, каля ёлкі. Бачыў, як натоўп пайшоў да Дому ўраду. Лічыць, што білі шкло правакатары. Ён кажа, што ніякага штурму Дома ўраду не было, гэта была правакацыя, каб паказаць, што былі беспарадкі, а ня мірны мітынг.

Судзьдзя запыталася, ці выносілі нейкія прадметы з кватэры, якія маглі выкарыстоўвацца на плошчы. Сьведка на пытаньне не адказваў.

Сьведка распавёў, што быў у офісе БХД разам з Віталём Рымашэўскім. Дамовіліся на плошчы трымацца разам. Кіркевіч нейкі час таксама быў зь імі. Але часам людзі губляліся. Кіркевіча згубіў недзе каля Чырвонага касьцёлу. Што казалі кандыдаты, дакладна ня памятае. Але ён ня чуў, каб хтосьці з кандыдатаў заклікаў на штурм Дома ўраду.

10:3810:48 Спадарыня сьведка з Наваградку. Прыехала ў Менск, была на плошчы. Была каля прыступак Дома ўраду, чула, як білі шкло. Яна ня чула, каб хтосьці заклікаў да штурму Дома ўраду.

Кажа, што кандыдаты гаварылі пра перамовы. Дзе яны меркавалі весьці гэтыя перамовы , сьведка ня чула.

10:26 Сьведка Качагур прыйшоў бяз пашпарту. Судзьдзя адмовілася слухаць яго паказаньні. Выклікана сьведка Бахар.

10:22 Зьявіліся новыя сьведкі. Сярод іх Віталь Рымашэўскі, які зараз дае паказаньні на судзе ў Андрэя Саньнікава. Але пракурор Бароўскі пярэчыць: калі зьявіцца Рымашэўскі,тады і будуць разглядаць. Аднак двое іншых сьведак будуць даваць паказаньні.

10:18 Працэс аднавіўся.

10:15 Працэс яшчэ не пачаўся, бо яшчэ наладжваюць тэхніку для прагляду відэаматэрыялаў. Два шэрагі ў залі суду займаюць
курсанты са школы міліцыі

Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам Пратасенем. Першы дзень
Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам Пратасенем. Другі дзень
Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам, Пратасенем. Трэці дзень

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў
Нарадзіўся 24 красавіка 1988 года ў Менску. Скончыў прафэсійна-тэхнічны ліцэй № 4. Вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Менскага педагагічнага ўнівэрсытэту.

Быў актывістам кампаніі «Эўрапейская Беларусь». За палітычную дзейнасьць затрымліваўся міліцыяй. У 2008 годзе зьяўляўся фігурантам «справы 14-ці» па артыкуле 342 крымінальнага кодэксу, якая была заведзеная за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года. Асуджаны на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Праз год амніставаны.

Апошнім часам быў актывістам кампаніі «Гавары праўду», сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011 года. Яму прад’яўлена абвінавачаньне па частках 1 і 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу (арганізацыя і ўдел у масавых беспарадках). Утрымліваецца пад вартай ў СІЗА № 1 Менска па вуліцы Валадарскага, 2.

Алесь Кіркевіч

Алесь Кіркевіч
Намесьнік старшыні «Маладога Фронту», кіраўнік яго Гарадзенскай філіі. Яму 21 год. Нарадзіўся ў Гародні ў сям’і гісторыкаў. Паступіў на гістарычны факультэт Гарадзенскага ўнівэрсытэта, аднак вырашыў адкласьці вучобу дзеля палітычнай дзейнасьці.

Арыштаваны 28 студзеня пасьля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гарадзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках. Адвезены ў Менск і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках.

Андрэй Пратасеня

Андрэй Пратасеня
Нарадзіўся 12 сьнежня 1981 года. Скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Белдзяржуніверсітэту. Працаваў праграмістам. Сябра АГП.

Быў валантэрам у агітацыйнай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Затрыманы 9 лютага 2011 года. Яму прад’яўлена абвінавачанне па частцы 2 артыкула 293 крымінальнага кодэкса – “актыўны ўдзел у масавых беспарадках”. Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.

Дзьмітрый Дрозд

Дзьмітрый Дрозд
Нарадзіўся 26 сакавіка 1973 году. Працаваў фатографам, захапляўся навукай, дасьледаваў архівы.

Палітыкай не займаўся.

У 2010 годзе выйшла яго вялікая праца — кніга «Землеўладальнікі Менскай губерні 1861-1900».

Пад час выбарчай кампаніі 2010 года быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава. За ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня адбыў 10-суткавы арышт. 1 лютага 2011 года быў узяты пад варту на 3 сутак як падазраваны па часты 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу. Прад’яўлена абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.