Статкевіч скончыў знаёміцца з крымінальнай справай

Мікола Статкевіч скончыў азнаямленьне з крымінальнай справай. Допыты Аляксандра Фядуты спыніліся, а пра далейшы лёс крымінальнай справы невядома. У справе 19 сьнежня можа зьявіцца тры новыя абвінавачаныя.

Мікола Статкевіч
24 сакавіка былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч скончыў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, у якой палітык фігуруе як арганізатар масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Пра гэта адвакат Тацяна Станкевіч паведаміла грамадзянскай жонцы Мікалая Марыне Адамовіч.

«Скончылі знаёміцца з справай. Адвакат будзе пісаць нейкія скаргі, потым скажа, якія дакладна. Хаця не сумняваецца, якія на іх будуць адказы. І далей будзе чакаць рашэньня аб перадачы справы ў суд. Якая была рэакцыя Статкевіча? А якая можа быць рэакцыя? Думаеце, ён будзе абурацца ці нейкія лёзунгі кідаць? Безумоўна, не. Што да таго, прызнае сябе вінаватым ці не, я такія пытаньні й не задаю. Бо, па-першае, гэта таямніца сьледзтва, і па-другое, я не сумняваюся ў адказе. Калі чалавек зь імі не супрацоўнічае, ня лічыць іх легітымнымі, то пра што магчыма казаць?»

Азнаямленьне праводзілася цягам трох дзён. Часткова ў КДБ, часткова на вуліцы Сапёраў, у сьледчым камітэце МУС. Марына Адамовіч мяркуе, што справа можа трапіць у суд ужо ў красавіку, а працэс можа пачацца ў другой палове красавіка. Таксама Марына Адамовіч мяркуе, што разам зь Мікалаем Статкевічам будуць судзіць былога кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса і яшчэ некалькі ўдзельнікаў падзей 19 сьнежня.


Аляксандар Фядута
Марына Фядута, жонка Аляксандра Фядуты, паведаміла, што ўжо болей за тыдзень з удзелам мужа допыты не праводзяць. Вязень турмы КДБ Аляксандр Фядута шмат чытае. У лістах да жонкі выяўляе бадзёрасьць духу, бо часта жартуе.

Марына Фядута: «Піша, што хоча дамоў. Піша, што вусы не згаліў, хоць я яму прынцыпова гэта рэкамэндавала. На судзе, піша, будзе сядзець у клетцы з вусамі, хай здымаюць. Хоць памяць нейкая застанецца, акрамя дрэннай».

Зьвестак пра тое, калі завершыцца крымінальная справа Аляксандра Фядуты, адвакат ня мае.


Паводле праваабаронцаў «Вясны», яшчэ тры чалавекі былі затрыманыя паводле падзеяў 19 сьнежня. Наста Лойка называе прозьвішчы двух зь іх, пра трэцяга пакуль праваабаронцам больш нічога не вядома:

«Гэта Шарстоў Аляксей, а другі Мацукевіч Віталь. Яны абодва былі затрыманыя 21 сакавіка. Увечары да іх прыехалі, затрымалі, правялі ператрусы. Затрымалі на 3 дні паводле падазрэньняў, і таму ўжо мусяць вырашаць, ці працягнуць арышт ці вызваліць. Таксама ёсьць зьвесткі, што яшчэ адзін затрыманы зьявіўся на Акрэсьціна паводле гэтай справы, але больш зьвестак пра гэтага чалавека няма».

Усяго больш як сарака ўдзельнікам падзей 19 сьнежня выстаўленыя абвінавачаньні ва ўдзеле альбо ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Увесь час сьпіс абвінавачаных папаўняецца.