Што стаіць за непрыдатнай турэмнай ежай?

"У параўнаньні з тым, што ты пазбаўлены волі, такое пытаньне, як турэмная ежа, можа падацца драбязой. Але ж калі ты ведаеш справу знутры, то за гэтай драбязой можаш убачыць, бадай, усе заганы беларускай турэмнай сыстэмы: карупцыю, гвалт, наўмыснае нанясеньне шкоды здароўю зьняволеных, прыніжэньне іх чалавечай годнасьці паводле расавай, сэксуальнай, рэлігійнай ды іншай прыналежнасьці" — так напісаў у лісьце на "Свабоду" берасьцеец Генадзь, які нядаўна быў вызвалены з Івацэвіцкай калёніі.

У сваім ліставаньні Генадзь расказвае аб праблемах яго былых таварышаў па няшчасьці, якія прынесла турэмная баланда.

"Спагнаньні за тое, што адмовіўся ад ежы з рэлігійных перакананьняў"

38-гадовы берасьцеец Генадзь распавядае пра лёс свайго колішняга сябра па атрадзе — 43-гадовага турэцкага грамадзяніна Эрола Башоза. У 2007 годзе Башоз быў асуджаны на чатыры гады калёніі за кантрабанду. Меў шанцы вызваліцца ўмоўна-датэрмінова яшчэ летась, каб не яго прынцыповая пазыцыя наконт харчаваньня ў турэмнай сталоўцы. Як вядома, Каран забараняе вернікам есьці сьвініну. Нягледзячы на тое, што мяса ў рацыёне вязьняў амаль няма, кухары ўсё ж дадаюць у супы ды кашы варанае сала са скуркамі. За адмову ад гэтай ежы Эрола Башоза пакаралі карцэрам, яму не даюць сустрэцца з прадстаўнікамі турэцкай амбасады ды консульства, з адвакатамі ды блізкімі. Яшчэ ён пазбаўлены права на атрыманьне пасылак і перадач, а грашовую суму, на якую можна купляць у турэмнай краме, яму скарацілі з 140 тысяч да 35. З боку турэмнай адміністрацыі на адрас вязьня гучаць абразы. Адзін з кіраўнікоў калёніі казаў яму: "Ненавіджу ўсіх мусульманаў".
Харчаваньне ў СІЗА, у турмах і папраўчых калёніях не адпавядае нормам, якія зацьверджаныя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Рэальны кантроль над якасьцю і колькасьцю харчаваньня адсутнічае

"Нават цяжкае атручэньне турэмнай ежай ня лічыцца хваробай"

Як сьцьвярджае былы вязень Івацэвіцкай калёніі, дзе, дарэчы, адбывае пакараньне Мікалай Аўтуховіч, самыя розныя пагрозы наконт спагнаньняў у сувязі з адмовай ад ежы гучалі і на адрас ваўкавыскага прадпрымальніка. Палітвязень адмаўляўся хадзіць у турэмную сталоўку і называў тамтэйшую ежу небясьпечнай для здароўя і жыцьця.

Цімафей Дранчук
Тым часам, паводле колішняга палітзьняволенага Цімоха Дранчука, які сядзеў у СІЗА на Валадарцы, а таксама ў менскай калёніі, захварэць ад турэмнай ежы можна элемэнтарна.

Дранчук:
"Усё робіцца з прадуктаў, якія ёсьць. Гэта і гнілая бульба, і гнілая морква, даўно пратэрмінаваныя, так бы мовіць, мяса ці рыба. Назваць гэта ежай язык не паварочваецца. Атруціцца — элемэнтарна. Калі мець на ўвазе нейкую мэдычную дапамогу, то нават цяжкае атручэньне турэмнай ежай абсалютна ня лічыцца хваробай".

"Лепш надгаладзь, чым на такой ежы", – перакананы вязень адной зь беларускіх калёній Антон. Гэты 35-гадовы мужчына набывае сабе прадукты ў турэмнай краме.

"Адкуль такія высокія цэны на нізкаякасныя прадукты ў турэмных крамах?"


Са слоў Антона, крама ў ягонай калёніі "абслугоўвае тысячы зэкаў. Уся фішка ў тым, што касавых апаратаў тут няма. Цэны на тавары такія, якія толькі дазваляе фантазія гандляроў. Якасьць шмат якіх прадуктаў вельмі нізкая".

Антон: "Асуджаныя не аднойчы ўздымалі пытаньні адносна продажу ў краме калёніі няякасных, пратэрмінаваных прадуктаў. Пры мне адзін асуджаны хацеў вярнуць вялікі кавалак сала, якое пахла селядцом. Не памянялі і не вярнулі грошай. Мінулым летам зьняволеных зьдзівіла якасьць памідораў, гуркоў ды яблыкаў. Яны былі нетаварнага выгляду. Склалася ўражаньне, што супрацоўнікі нясуць гэта ў краму з уласных гародаў. Цэны на гэтыя прадукты зашкальвалі. Так, кіляграм памідораў каштаваў 5500—5700. У лісьце я пацікавіўся ў сваякоў, колькі каштуюць у сярэднім памідоры. Яны адказалі, што самыя лепшыя і самыя дарагія каштуюць на волі ад 2800 да 4000. Адкуль такія цэны?".
Маці вязьня: "Ім сапраўды вельмі голадна"

Як кажа Тамара, маці асуджанага за бойку 18-гадовага юнака, які адбывае пакараньне на Магілёўшчыне, калі малады чалавек ня мае прадуктовай падтрымкі звонку, у яго ў сувязі з пачуцьцём голаду могуць узьнікнуць самыя розныя праблемы. Аднойчы ён проста возьме чыюсьці цукерку, а за такі крадзеж яго могуць і "апусьціць".

Тамара: "Тым, каму з дому не дапамагаюць, выжыць у такіх умовах вельмі цяжка. Малады чалавек можа стаць "паўзуном", ён выйдзе моцна прыгнечаны, зь яго зробяць незразумела каго. Ім сапраўды вельмі голадна. Яны ўсе тут такія худыя".

Леванеўскі: "Галоўная прычына — карупцыя"


Валеры Леванеўскі ў калёніі
Колішні палітвязень, заснавальнік сайту "Зона" Валер Леванеўскі называе галоўную прычыну гэтай сытуацыі — карупцыю.

Як піша ён на старонках свайго сайту, паводле афіцыйных нормаў харчаваньня асуджаным павінны даваць у дзень: 500 грамаў бульбы, 250 грамаў гародніны, 100 грамаў крупаў, 70 грамаў рыбы, 70 грамаў мяса і шмат што яшчэ, але ўсё гэта "зьнікае" па дарозе ў камэру, хоць зь дзяржаўнага бюджэту грошы на гэтыя прадукты выдаткоўваюцца.

Рэальна вязьні атрымліваюць: 200 грамаў вады, у якой плаваюць 20—30 грамаў крупаў, як правіла, сечкі ці іншых танных гатункаў. Гэта каша. Рысу ці грэчкі аўтар за два гады зьняволеньня ня бачыў ані разу. У якасьці супу даюць 500 грамаў вады, у якой плавае 20 грамаў бульбы і трохі кіслай капусты. Замест належных 70 грамаў рыбы ў дзень "зэкі" атрымліваюць у лепшым выпадку пару грамаў костак ад рыбіных галоў і хвастоў, а мяса (таксама належных 70 грамаў) шмат хто ня бачыць наагул. Харчаваньне ў СІЗА, у турмах і папраўчых калёніях не адпавядае нормам, якія зацьверджаныя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Рэальны кантроль над якасьцю і колькасьцю харчаваньня адсутнічае".