Беларусь можа забараніць уезд больш як 150 прадстаўнікам ЭЗ і ЗША

Беларусі падрыхтавала і ўжо рэалізуе захады ў адказ на рашэньне Эўразьвязу пра санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.

Захады ў адказ могуць закрануць больш за 150 асобаў з Эўрапейскага Зьвязу і ЗША, заявіла Інтэрфаксу крыніца ва ўрадавых колах.

"Зваротныя захады закрануць больш як 150 асобаў з краінаў Эўразьвязу і ЗША, сярод якіх старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк, дэпутат ЭП Яцэк Пратасевіч і шэраг іншых палітыкаў, парлямэнтарыяў, журналістаў, якія праславіліся найбольш адыёзнымі ініцыятывамі ў дачыненьні да Беларусі", — адзначыў суразмоўца агенцтва.

Суразмоўца таксама адзначыў, што "аднымі візавымі санкцыямі Беларусь ня мае намеру абмяжоўвацца і распрацавала таксама шэраг іншых захадаў у адказ".

"Ня выключана, што яны закрануць пытаньні транспамежнага супрацоўніцтва, дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі асобных замежных фондаў і няўрадавых арганізацый", — сказала крыніца агенцтва.

Пры гэтым, дадаў ён, "прынятыя меры будуць насіць больш прапарцыйны і дыферэнцыяваны, а не люстраны характар у адносінах да санкцыяў ЕЗ і ЗША".

MЗC Беларусі не пацьвярджае, але і не абвяргае гэтую інфармацыю.

31 студзеня сёлета Рада міністраў замежных спраў Эўрапейскага Зьвязу забараніла ўезд на сваю тэрыторыю 158 беларускім чыноўнікам на чале з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі сталі адказам на рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.