Сэнат ЗША асуджае выбары, дамагаецца вызваленьня палітвязьняў

Сэнат ЗША аднагалосна прыняў рэзалюцыю, якая асуджае прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў сьнежні 2010 году як нелегітымныя і ашуканскія ды заклікае беларускія ўлады да вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў.
Рэзалюцыя заклікае прэзыдэнта ЗША і дзяржсакратара ЗША каардынаваць палітыку ЗША адносна Беларусі з палітыкай Эўразьвязу; узнавіць тэхнічную і матэрыяльную падтрымку апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі; пашырыць амэрыканскі сьпіс службовых асобаў Беларусі, адказных за перасьлед апанэнтаў рэжыму пасьля 19 сьнежня 2010, і накласьці мэтанакіраваныя санкцыі на гэтыя асобы ды іх сямейнікаў; вызначыць далейшыя прадпрыемствы, якія ўзбагачаюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ды забараніць гандаль зь імі і замарозіць іх актывы.

Рэзалюцыя заклікае Эўразьвяз далучыцца да амэрыканскіх санкцыяў супраць "Белнафтахіму" ("Лякафарбы" і "Шкловалакна"); спыніць усе праекты ў адносінах да беларускіх уладаў, адказных за падаўленьне апазыцыі і парушэньні правоў чалавека, ды выключыць беларускіх службовых асобаў з удзелу ў сустрэчах Усходняга партнэрства; пашырыць эўрапейскі сьпіс службовых асобаў Беларусі, адказных за перасьлед апанэнтаў рэжыму пасьля 19 сьнежня 2010, і накласьці мэтанакіраваныя санкцыі на гэтыя асобы ды іх сямейнікаў.

Рэзалюцыя таксама заклікае Міжнародную хакейную фэдэрацыю забраць у Беларусі права на арганізацыю чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе, калі беларускія ўлады ня вызваляць усіх палітзьняволеных.

Рэзалюцыя была ўнесеная на разгляд Сэнату ЗША 9 сакавіка сэнатарамі Дыкам Дэрбінам, Джозэфам Лібэрманам, Джонам МакКэйнам, Бэнджамінам Кардынам.

Прадстаўляючы рэзалюцыю ў Сэнаце, сэнатар Джозэф Лібэрман сказаў, сярод іншага, што рэзалюцыя "скажа дысыдэнтам у Беларусі, што мы не забылі і не забудзем ні пра іх, ні пра іхную справу, што мы памятаем іх імёны і будзем салідарна стаяць побач зь імі, пакуль яны не дасягнуць сваёй мэты – свабоднай і дэмакратычнай Беларусі."