Дарагі Чэслаў,
ноч сёньня бяз зорак, і я думаю пра тваю паездку да Эйнштэйна ў Прынстан па параду, эміграваць ці вяртацца на радзіму, і ён даў параду, але ты не прыняў яе, і я разумею вас абодвух, калі еду з хуткасьцю 160 км у гадзіну і не парушаю правілы, і ты б, канечне, здагадаўся, што еду я па
мультыкультуралізм праваліўся як марксізм, камунізм ці нацызм, але не як асабістыя паводзіны свабоднага чалавека
Нямеччыне, адзінай краіне ў Эўропе, дзе на трасе дазваляюць неабмежаваную хуткасьць і такім чынам адлегласьць паміж Прагай, куды я еду, і Мюнхэнам, адкуль я выехаў, сапраўды адносная, справа часу, куды, аднак, трэба дадаць магутнасьць аўтамабільнага рухавіка, якасьць дарожнага пакрыцьця, інтэнсіўнасьць спадарожнага руху, надвор’е, узаемаадносіны кіроўцы зь пэдальлю газу і з самім сабой, і я ня пэўны, што нават Эйнштэйн здолеў бы ўключыць у гэту формулу тое, што я еду з пахаваньня, дзе мы разьвіталіся з Паўлам У., які нарадзіўся на некалькі гадоў пазьней і на адну гадзіну далей на ўсход за цябе, гадзіну – гэта калі ехаць так, як еду я гэтай ноччу, а калі паспрабаваць праплыць, як ты зь сябрамі на каноэ ў вашым “Падарожжы на Захад”, будзе, канечне, даўжэй, і не таму, што супраць цячэньня, а таму, што супраць гісторыі, і падарожжа на Ўсход магло б зацягнуцца на дзесяцігодзьдзі, але вернемся да Паўла У.: яго эмігранцкі лёс настолькі паўтарае твой, што нават няёмка пераказваць, скажу толькі пра кульмінацыю – напісаньне яго “Радзіннай Эўропы”, трылёгіі пра Вялікае Княства Літоўскае, ВКЛ, яго мовы, этнічныя прыналежнасьці, саюзьнікаў і ворагаў у мінулым і ў сучаснасьці, якая яшчэ нядаўна звалася афіцыйнай савецкай гістарычнай навукай, і рукапіс апошняй працы нябожчыка, дзе ён тлумачыць славянскія і ліцьвінскія паганскія імёны, я вязу з сабой у Прагу, і там няма тлумачэньня імя “Чэслаў”, але калі б я папрасіў, ён напэўна дапісаў бы разьдзел, прысьвечаны твайму імя, і я спадзяюся, што пасьля прачытаньня і ты прызнаў бы некалькі яго аргумэнтаў, напрыклад, замяніў бы ў сваім тэксьце “усходнеэўрапейскі дыялект”, на якім гаварылі ў Вялікім Княстве, на “старабеларускую мову”, ну і яшчэ тое-сёе, магчыма, вы пра гэта ўжо і дамовіліся там, дзе вы абодва цяпер, хаця гэта спрэчка працягваецца і тут, дзе вас ужо няма, напрыклад пра мультыкультуралізм, які практыкаваўся ў Княстве і які цяпер, у твой стогадовы юбілей, палітыкі ў Эўропе абвясьцілі правалам, і я не не пагаджаюся, а толькі ўдакладню, што мультыкультуралізм праваліўся як марксізм, камунізм ці нацызм, але не як асабістыя паводзіны свабоднага чалавека, не як, напрыклад, каханьне, бо каханьне пачынаецца з падзеньня:
tomber amoureux-to fall in love, і невядома, як скончыцца гэты палёт, ты сам кажаш, што
falling in love is not the same as being able to love.Дарагі Чэслаў,
на пахаваньні было чалавек дваццаць, і зьлева ад мяне за памінальным сталом сядзела жанчына з балтыйскай эмігранцкай сям”і з тваёй, паваеннай хвалі эміграцыі, затым яе муж – праваслаўны сьвятар з Палесься, за ім беларуска, жонка нябожчыка, яе дачка, якая не гаворыць на мове бацькі, яе муж-чыліец, чые бацькі ўцяклі ў Эўропу ад Піначэта, за сталом былі габрэі, якія эмігравалі з СССР за часам Брэжнева, і армянін быў, і украінец, і татарын – мультыкультуралізм у дзеяньні, ВКЛ за адным сталом, і гаварылі пра розныя рэчы, напрыклад, хто возьме котку нябожчыка, белую і такую прыгожую, і я ведаю, што ты паўдзельнічаў бы ў дыскусіі і, можа, нават прачытаў бы пару радкоў са свайго верша
ты пішаш у вершы, што каты ня адрозьніваюць дабро ад зла і, па-мойму, ты памыляесься, народы часам менш за катоў здольныя правесьці мяжу паміж тэрыторыяй дабра і зла
“Спадарыні прафэсарцы ў абарону гонару майго ката і ня толькі”, і цябе горача падтрымала б жонка сьвятара, у якой дома восем беларускіх катоў, яна іх прывозіць у Баварыю зь вёскі мужа, і яна загарэлася была ўзяць нямецкую котку, але потым засумнявалася, бо мультыкультуралізм катоў абмяжоўваецца памечанай тэрыторыяй, а далей пачынаюцца баявыя дзеяньні, а калі межаў няма, як няма іх цяпер у эўрапейскай Эўропе, дык няма як і ваяваць, бо няма чаго прарываць, абыходзіць, абараняць, адстрэльвацца да апошняга патрону, а можна проста ехаць з французскай
Autoroute на нямецкі
Autobahn, на чэскую
Dálnice, на польскую
Autostrada і не зважаць на пустынныя памежныя пераходы, якім так і не прыдумалі ніякага новага прымяненьня, нават шампіньёны там не разьвядзеш як на лініі Мажыно, і гэтыя канцэнтраваныя выявы гістарычнага працэсу папярэдніх стагодзьдзяў стаяць помнікамі дзяржаўнай гордасьці ці прыніжанасьці, нічым не адрозныя ад адзнакаў, якімі каты пазначаюць сваю тэрыторыю, але ты пішаш у вершы, што каты ня адрозьніваюць дабро ад зла і, па-мойму, ты памыляесься, народы часам менш за катоў здольныя правесьці мяжу паміж тэрыторыяй дабра і зла, усё што для гэтага трэба – пазбавіць іх гісторыі, чым заўсёды карыстаюцца розныя паскуды, бо чалавечая мяжа ня ёсьць праблемай прасторы і выгады, а, перш за ўсё, пытаньнем каштоўнасьцяў, і для гэтага недастаткова мэханізмаў дэмакратыі, мала нават тэорыі Эйнштэйна, хоць хопіць проста любові.
Дарагі Чэслаў,
цікава, як бы ты паставіўся да папулярнага слогану беларускай апазыцыі пачатку ХХ1 стагодзьдзя: “Беларусь – у Эўропу!”, не ў Эўразьвяз, ня ў Раду Эўропы, не ў шэнгенскую ці эўразоны, ня ў НАТА, а менавіта так брутальна – брутальна не таму, што ў слогана ёсьць яшчэ і другая частка, якая ўдакладняе, каго канкрэтна ў міжчасе трэба адправіць у дупу, і не геаграфічна брутальна, бо ніхто не заклікае зьмяніць атласы і перанесьці мяжу Азіі з Уралу на бераг Дняпра, а неяк татальна брутальна, бо тут
пасьля савецкай улады ў Беларусі на тваё стагодзьдзе жыхары Вялікага Княства ізноў прамаўляюць слова “Эўропа” як мэту, як мару
адразу гучыць адказ на пытаньне, а дзе ж мы цяпер, і хто мы цяпер, і гэты адказ вельмі зьдзівіў бы, напрыклад, майго дзядзьку, які, калі захварэў, пайшоў у суседняе мястэчка Воўчын, дзе ў касьцёле быў пахаваны народжаны тут апошні кароль Польшчы і вялікі князь літоўскі Аўгуст Панятоўскі, і купіў у аптэцы нейкі аўстрыйскі лек у прыгожай бляшанцы з малюнкам, а потым пабачыў, што на лузе, дзе ў нас дояць каровы, растуць кветачкі як на бляшанцы, нарваў і паслаў у Вену, і былыя імпэрскія фармацэўты неўзабаве прыслалі яму ліст, у якім хвалілі за батанічную назіральнасьць, тлумачылі, як правільна рыхтаваць лек, і прыклалі невялічкі падарунак за ініцыятыву, а паслаў бы ў Маскву, дык вядома, куды б паслалі яго самога, але гэта было ў Заходняй Беларусі, да вайны і да савецкай улады, і вось пасьля савецкай улады ў Беларусі на тваё стагодзьдзе жыхары Вялікага Княства ізноў прамаўляюць слова “Эўропа” як мэту, як мару, як скрадзены вырай, як выбар, а ня як тое, што належыць па праву нараджэньня, батанікі, граматыкі ды іншых недакладных навукаў уключна зь гісторыяй як lovestory.
Дарагі Чэслаў,
ты будзеш сьмяяцца, але, далібог, гэта праўдзівая гісторыя, якая здарылася са мной у баварскім курортным мястэчку, якое ляжыць пасярэдзіне паміж Пльзенем і Ліндаў, якраз на трасе твайго даўняга падарожжа праз Эўропу, я заблукаў і пытаўся дарогу ў некалькіх мінакоў, але яны не гаварылі па-ангельску, а я ніхт шпрэхэ дойч, пакуль, нарэшце, не сустрэлася англамоўная дама, нам аказалася па дарозе, і пакуль мы ішлі, яна спыталася адкуль я, і я сказаў “
Weißrussland”, бо гэты літаральны і
і на пытаньне пра адрозьненьне беларусаў ад рускіх я адказаў, што гэта вельмі проста: мы – белыя, яны – не
недарэчны пераклад назову доўга заставаўся папулярным у Нямеччыне нават пасьля незалежнасьці, калі афіцыйна краіна стала называцца Рэспубліка Беларусь, і дама ажывілася і сказала – О,Чарнобыль! і таксама сказала, што даўно хацела ўведаць, у чым розьніца паміж намі і рускімі, і я мог, канечне, пераказаць як мінімум тры разьдзелы з тваёй “Радзіннай Эўропы” (“Месца нараджэньня”, “Нацыянальнасьці”, “Расея”), але ў небе зьзяла нямецкае сонца, навокал сьпявалі баварскія птушкі, на гарызонце бялелі аўстрыйскія Альпы, ну ня будзеш выпадковай спадарожніцы пераказваць гісторыю Вялікага Княства, і на пытаньне пра адрозьненьне беларусаў ад рускіх я адказаў, што гэта вельмі проста: мы – белыя, яны – не, і яна спынілася як аслупянела, узяла мяне за руку і гледзячы ў вочы пранікнёна сказала: я вас вельмі разумею, я сама з Паўднёвай Афрыкі, і я сказаў, што заўсёды кажу, калі ня ведаю што сказаць: I love you too.
Дарагі Чэслаў,
я меўся напісаць табе ліст з падзякай роўна дзесяць год таму, калі мы папрасілі цябе прыслаць верш на свабоду для аднайменнай перадачы Радыё Свабода, якая гучала штодня ўвесь 2001 год – аўтары чыталі верш пра сваё разуменьне свабоды на пачатку новага тысячагодзьдзя, і мы
мы ізноў запрасілі нашых слухачоў напісаць верш на свабоду, якая ў маёй краіне абмежавана кратамі турмы КДБ
атрымалі больш за тысячу вершаў зь Беларусі і трыццаці шасьці краінаў, самай малой аўтарцы было 9 гадоў, самаму старому за 90, і свае вершы прыслалі два Нобэлеўскія ляўрэаты зь Вялікага Княства Літоўскага, Віслава Шымборска і ты, ты пісаў пра чалавечы розум, прыўкрасны і непераможны, якому не перашкодзяць ані краты, ані адданьне кніг пад нож, ані выгнаньне, ты назваў яго непрыхільнікам адчаю і прыхільнікам надзеі, але я ня ведаю, ці зьдзівіўся б ты, калі мы б ізноў зьвярнуліся да цябе з такой самай просьбай, бо сёлета, у год твайго стагодзьдзя, мы ізноў запрасілі нашых слухачоў напісаць верш на свабоду, якая ў маёй краіне абмежавана кратамі турмы КДБ, калючым дротам лягераў строгага рэжыму, выключэньнямі з унівэрсытэтаў, памыямі зь дзяржаўных СМІ і здушэньнем незалежных газэт, паляваньнем на ўдзельнікаў мірных пратэстаў пад дзьвюма сьцягамі, бел-чырвона-белым, які некалі лунаў на полі Грунвальдзкай бітвы, і пад блакітным сьцягам з дванаццацьцю залатымі зоркамі, якія рэпрэзэнтуюць завершанасьць і адзінасьць і, як сьцьвярджаецца, прадстаўляюць усе народы Эўропы, нават тыя, якія апынуліся па-за інтэграцыяй, і што б ты, апостал надзеі, напісаў сёлета, калі рэвалюцыі на Блізкім Усходзе загараюцца як саламяныя скірды, а ў геаграфічным цэнтры Эўропы за адзін месяц напісалі і прыслалі нам больш за сто вершаў на свабоду, і што гэта значыць, што тут на абшарах ВКЛ нацыя здэградавала ў дыктатуру і ўзьнялася ў паэзію, бо і там і там словы не зьвязаныя са справамі? ці толькі часова не зьвязаныя? ці мала яшчэ словаў і трэба больш? і што такое больш словаў? бо ты пісаў пра строгую герархію, якая існуе ў паэзіі, а гэта значыць, словы ня роўныя, і як бы ты цяпер расставіў па парадку веру, праўду, справядлівасьць, мудрасьць, надзею і любоў?
Дарагі Чэслаў,
у тым неадпраўленым лісьце з падзякай было і пытаньне: чаму ў тым тваім вершы ні разу ня згадваецца слова “свабода” – верш прагучаў у эфіры, канечне, і мы ўключылі яго ў кнігу, але я стаў гартаць “Радзінну Эўропу”, і неяк вока не чапляецца за слова “свабода”, і я спытаўся свайго калегу Джона О., якія аднойчы правёў з табой цэлы дзень у Сан-Францыска, вы гулялі па горадзе, заходзілі ў кафэ, потым абедалі разам, абмяркоўвалі новага прэзыдэнта Картэра, які ўяўляўся крыху замяккім для пагрозы камунізму, якую Захад з розных прычынаў недаацэньваў, ты быў менш катэгарычны, чым толькі што высланы Салжаніцын, але падобны ў сваіх перасьцярогах і пэсымізьме, і О., тады журналіст кансэрватыўнай газэты, падумаў – вось яшчэ адзін незадаволены эўрапейскі інтэлектуал, які патрапіў у Эдэмскі сад і лічыць сваім абавязкам выяўляць недахопы раю, гэта было за пяць гадоў да тваёй Нобэлеўскай лекцыі, і ты ня быў яшчэ публічнай зоркай – сelebrіty –
культуры могуць існаваць толькі на сваіх тэрыторыях
на Захадзе цябе ведалі і паважалі перш за ўсё як аўтара “Радзіннай Эўропы” і “Скуты розум”, як інтэлектуала і маральнага аўтарытэта, і я спытаўся О., ці гаварылі вы пра свабоду, і О. сказаў, што свабода цябе цікавіла больш як прадмет мастацтва і індывідуальнасьці, чым прадмет палітычнага абмеркаваньня, а мультыкультуралізм, спытаўся я, ну, Мілаш адразу пабачыў бы, што гэта таталітарная хлусьня, любое навязваньне культуры дзяржавай – таталітарызм, культуры могуць існаваць толькі на сваіх тэрыторыях, трэба з павагай ставіцца да людзей іншых культураў, але культуры няроўныя, з рознымі каштоўнасьцямі, і яны ня могуць мець роўныя правы ўсюды і заўсёды, і я ўзгадаў твае словы пра немагчымасьць патлумачыць невызначальнае зло татальнага рацыяналізму людзям, якія не перажылі яго, як немагчыма адчуць дыктатару, што такое свабода, і немагчыма патлумачыць чалавеку, які ніколі ня быў закаханым, што такое каханьне.
Дарагі Чэслаў,
прабач, я забыўся прадставіцца, ня тое, што забыўся, проста гэта ня проста, вось табе спатрэбілася цэлая кніга, каб прадставіцца, паспрабую і я хоць бы пачаць, хоць бы вось так: мяне зрабілі мае бацькі, а іх – іхныя, і гэта трывіяльна, але праўдзіва, бо як ты сам прыгожа пішаш, веды пра сваё паходжаньне усё роўна як якарны ланцуг, які трымае цябе на пэўным месцы, але гэта мэтафара марской нацыі, радзімы твайго нараджэньня Літвы, ці радзімы тваёй мовы Польшчы, а ў акружанай з усіх бакоў лясным гарызонтам Беларусі найчасьцей гавораць пра хатку-родную матку, і я пачну нават больш лякальна, з ложка з бліскучымі нікеляванымі шарыкамі і накрытымі карункавымі накідкамі падушкамі нечалавечай велічыні, такія багатырскія падушкі былі ў хатах абедзьвюх бабуляў, ва ўсіх маіх цётак, ва ўсіх нашых суседак, імі ганарыліся, яны былі абавязковай часткай пасагу, але спаць на іх можна было толькі седзячы, – чаму яны былі такія вялікія? адказ я пачуў у адным з замкаў, якімі, як
веды пра сваё паходжаньне усё роўна як якарны ланцуг, які трымае цябе на пэўным месцы
грыбамі пасьля дажджу, засыпаная цэнтральная і заходняя Эўропа – каб не памерці ў сьне, бо яшчэ Лукрэцый пісаў, што ў сьне душа распадаецца на часткі і яны вылятаюць зь цела, і лічылася, што калі чалавек сядзіць, душа не вылеціць, магчыма, гэтая засьцярога і рабіла падушкі ў хатах маіх бабуляў і цётак выстарчана тугімі і гладкімі як шчака немаўляці і вялікімі як для каня, на паўложка, потым не заставалася месца, каб выцягнуць ногі і спалі так, і душа не вылятала, ніхто не паміраў у ложку ў сьне, і ўвогуле ніхто не паміраў, столькі там было любові.
Дарагі Чэслаў,
“Дзе” для мяне такое ж асабістае пытаньне як “хто”, я маю на ўвазе месца майго нараджэньня, і, на жаль, не магу прыкласьці да сябе тваю бліскучую формулу “радзіма – гэта мова”, бо мая бабуля і яе сястра, жывучы ў адной вёсцы, называлі суседні горад, дзе я нарадзіўся, па-рознаму, праўда, яны й сваю вёску называлі па-рознаму: першая – з трыма глыбокімі “о” –Рогозно, з націскам на другі склад, другая – з адным выразным “о”, але націскам на “і” -- Рогізнэ, і гэта нягледзячы на афіцыйны надпіс белымі літарамі на сінім дарожным знаку “Рагозна” на шашы міжнароднага значэньня Brest-Moskva, на якую выходзіла задняя сьценка хлява, але не зьвяртай увагу на хлеў, гэта я ўсё яшчэ спрабую напісаць першы сказ, патлумачыць адкуль узяўся – з Бэрэстя, як казала бабушка, зь Бярэсьця, як вымаўляла яе сястра, из Бреста, як вучылі ў школе, z
паказала мне лэйбл:
Made in Belarus і сказала гм, дык і цябе там зрабілі? Няблага ў вас робяць, зь любоўю.
Bresca-nаd-Bugem, як казалі нашы сваякі з Польшчы, ці нават from Brest-Litovsk, як удакладніць мой адказ твой знаёмы паэт Робэрт Конквэст, легендарны аўтар клясычнага дасьледаваньня савецкай гісторыі “Вялікі тэрор”, якога ты некалі назваў “паэт, які меў рацыю”, і я не спрачаюся, што ён мае рацыю, а вось яго шматгадовая памочніца Эмі Д. ня мела рацыі, калі ў заваленым кнігамі, брашурамі, часопісамі, офісе ў Гувэраўскім інстытуце мы ўтрох гаварылі пра гісторыю маёй радзімы, бо ня верыла, што сапраўды ёсьць такая краіна, адкуль я ўзяўся, хаця чыя б карова мычала, ад яе сямейнай гісторыі галава ідзе кругам – індыйская племя, якое не ўжылося з суседзямі і мусіла ратавацца аж у Афрыцы, дзе з новымі суседзямі стварыла Кенію, у тым ліку ў ложку, што, канечне вельмі фігуральна, бо дзе ж там ложкі, з нікеляванымі шарыкамі ці без, але другая, не індыйская палова яе продкаў – Маасаі, пародзістая афрыканская гвардыя, мужчыны, створаныя для паляваньня і жанчыны, створаныя для мужчын, -- дык вось аднойчы Эмі прыйшла ў мой маленечкі офіс у Гувэраўскай вежы, зьняла новы піджак колеру майскай травы, які купіла напярэдадні ў гандлёвым цэнтры Стэнфардзкага ўнівэрсітыту, паказала мне лэйбл:
Made in Belarus і сказала гм, дык і цябе там зрабілі? Няблага ў вас робяць, зь любоўю.
Дарагі Чэслаў,
Ня ведаю, ці ты любіш салодкае, але напэўна любіў, як усе дзеці, як мая маці, якая ледзь не загінула ў першы ж тыдзень вайны, якая для Заходняй Беларусі пачыналася двойчы, у 1939 і потым яшчэ раз у 1941, але ледзь не загінула не ад кулі ці бомбаў, не пад гусеніцамі танкаў ці на міне, а ад шакаляду – афіцэры пяхотнай часткі Вэрмахта, якія паставілі палаткі ў дзедавым садзе, пачаставалі наймалодшае дзіця, 14-гадовае дзяўчо ніколі ня бачаным чорна-карычневым дзівам у траскучай срэбнай фальзе, і яна зьела ўсё, што далі, а потым яе скруціла так, што думалі – усё, капец, але не таму, што слодыч быў атручаны, а таму што ад такой колькасьці тлустай какавы пачаўся заварот кішак і шчасьце, што побач быў нямецкі лекар, які пасьпеў яе ўратаваць ад салодкай сьмерці, за што ад мяне як чалавека асабіста зацікаўленага яму вялікі дзякуй, але я зусім ня ўдзячны
на столькі ж болей прыметнікаў мультыкультуралізму, на колькі болей падушак, на мове якіх бесьсьмяротнасьць перакладаецца словам, якім ты скончыў сваю кнігу:
love.
амаль за тое самае камсамольцам, у якіх праз пару гадоў рукі не дайшлі яе забіць, хаця й пастанавілі, бо яна ўжо настаўнічала ў вясковай школцы, і ня толькі вучыла чытаць і пісаць і малых і сваіх раўналеткаў, але ў 16 гадоў была дырэктаркай, а значыць супрацоўнічала з акупацыйнай уладай і падлягала зьнішчэньню, дык вось да нямецкага лекара ёсьць удзячнасьць, а да камсамольцаў чамусьці няма, відаць справа ў намеры, які ня менш важны за вынік, фактычна значэньня без намеру няма, бо, узяць, скажам, сьмерць як вынік, і нягледзячы на яго незваротную завершанасьць гэты вынік можа азначаць зусім рознае нават для аднаго чалавека – памерці ў сьне (маладым? старым?), у авіякатастрофе (стукнула маланка? Зламаўся рухавік? Падклалі бомбу?), ад рака (пасьля Чарнобыля? Такая спадчыннасьць? Позна заўважылі?), скончыць самагубствам (няшчаснае каханьне? Зьдзекі? Эўтаназія?), падавіцца рыбнай косткай, стаць ахвярай маньяка, ахвяраваць сабой для выратаваньня іншага, атрымаць сьмяротны вырак у судзе, і таксама трэба ўдакладняць – за што: за словы, за справы, за прозьвішча бацькоў, з-за формы носу, з-за колеру скуры, за адрасата сваіх малітваў, з-за судовай памылкі, па загадзе, і вось так нават самая агульная, звычайная, самая частая (разам з нараджэньнем) у сьвеце рэч, цалкам і незваротна завершаная, але без таго, што было перад, пасьля і вакол (і не забыцца пра падушкі!)– не азначае амаль нічога, як і слова “Эўропа” голая без прыметніка “Радзінная”, які азначае намер і мае на год твайго стагадовага юбілею 850 мільёнаў жыхароў, на чвэрць мільярда болей чым ў год, калі выйшла твая кніга, гэта значыць на столькі ж болей прыметнікаў мультыкультуралізму, на колькі болей падушак, на мове якіх бесьсьмяротнасьць перакладаецца словам, якім ты скончыў сваю кнігу:
love.