Маньяк-пэдафіл у Віцебску

У сакавіку ў Віцебску адбыліся некалькі нападаў на малалетніх дзяўчынак. Міліцыя праводзіць прафіляктычныя гутаркі ў школах.

Як паведамляюць "Народныя навіны Віцебску", маньяк дзейнічае ў раёнах Поўдзень-3, Поўдзень-4 і Поўдзень-6 побач зь дзіцячымі садамі і школамі. Ён нападае ў пад'ездах дамоў альбо кабінах ліфтаў на дзяўчатак 9—10 гадоў.

Паводле паказаньняў пацярпелых міліцыя склала два фотаробаты і слоўны партрэт злачынцы: на выгляд 55 гадоў, твар авальны, хударлявага целаскладу, рост каля 170 см, гарбаваты, сьветлыя валасы, невялікі шнар каля левага вока, на галаве чорная скураная шапка з казырком, у падоўжанай карычневай скураной куртцы і чорных штанах…

Нагадаем, што ў 2007 годзе ў Віцебску злавілі сэрыйнага гвалтаўніка, які з 2005 году зьдзейсьніў некалькі згвалтаваньняў у Першамайскім раёне Віцебску. У 2008 годзе арыштавалі маньяка, які нападаў на жанчын каля вёсак Баронікі, Лятохі і Старынкі Віцебскага раёну, а ў 2009 годзе было прад'яўленае абвінавачваньне пэдафілу, які зьдзейсьніў распусныя дзеяньні ў дачыненьні да чатырох дзяўчатак 8—11 гадоў. Дагэтуль у вышуку нехта Дзьмітрый Іванавіч Шарко, які абвінавачваецца ў шэрагу згвалтаваньняў непаўналетніх у 1999—2004 гадах.