Алесь Міхалевіч падаў голас і рыхтуе відэазварот з-за мяжы

Алесь Міхалевіч

Экс-кандыдат на прэзыдэнта, які пакінуў Беларусь без пашпарта, даслаў гукавае паведамленьне, начытанае сваім голасам.

Your browser doesn’t support HTML5

Зварот Алеся Міхалевіча



Паведамленьне выстаўленае на сайце "Руху за свабоду", у ім палітык пацьвярджае, што знаходзіцца за мяжой Беларусі, і што ў яго ўсё добра. Цягам бліжэйшага тыдня ён зьбіраецца зрабіць відэазварот.

Палітык гэта зрабіў, каб разьвеяць сумневы наконт ягонага месцазнаходжаньня, паколькі зь мінулай нядзелі нібыта ніхто не чуў ягонага голасу.

Тым часам намесьнік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч распавёў пра сваю гутарку з Міхалевічам:

“У ноч на 16 сакавіка я гаварыў з ім караценька праз скайп менавіта голасам”.

Губарэвіч упэўнены, што Алесь Міхалевіч жывы-здаровы і ў бясьпечным месцы. Ён кажа, што на пытаньне пра сваё цяперашняе месцазнаходжаньне Міхалевіч не адказаў:

“Але ён паведаміў, што сочыць за падзеямі ў Беларусі і ведае пра рэзананс, выкліканы яго ад’ездам. Алесь зьбіраецца зрабіць відэазварот, каб зьняць усе магчымыя пытаньні ў зьвязку з ягоным “зьнікненьнем” і распавесьці пра тое, як ён зараз уладкаваны і якія мае пляны”, -- кажа Юрась Губарэвіч.