Ператрус у рэчыцкага сябра БНФ

Супрацоўнікі Гомельскай управы КДБ правялі ператрус у Рэчыцкім раёне ў доме сябра Партыі БНФ Алега Карбалевіча. Падчас выбарчай кампаніі актывіст працаваў у камандах альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнта — Рыгора Кастусёва і Ўладзімера Някляева.

Як паведаміў спадар Карбалевіч, ператрус у доме трое супрацоўнікаў УКДБ, якіх ачольваў капітан Коласаў, праводзілі ў межах крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі ў Менску.

У актывіста сканфіскавалі сыстэмны блёк кампутара, рызограф, невялічкую камэру відэаназіраньня, а таксама брашуры пра вынікі маніторынгу БХК, сытуацыю з правамі чалавека за 2009 год, агляд-хроніку парушэньняў правоў чалавека праваабарончага цэнтру «Вясна». Забралі нават аркушы для сацыялягічнага апытаньня.

Ператрус цягнуўся амаль дзьве гадзіны.

У доме спадара Карбалевіча ў вёсцы Перасьвятое мае юрыдычны адрас рэчыцкая суполка БНФ.