Дэмакраты спрабуюць выпрацаваць адзіную стратэгію

Нацыянальная каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў Беларусі абмяркоўвала сёньня адзіную стратэгію дзеяньняў. Палітычная апазыцыя і грамадзянская супольнасьць спадзяюцца праз палеміку і дыскусіі выпрацаваць агульны плян, які б дапамог пазьбегнуць ранейшых памылак.

Пад дэклярацыяй ад 9 студзеня 2011 году аб стварэньні Нацыянальнай каардынацыйнай рады дэмакратычнай апазыцыі паставілі свае подпісы прадстаўнікі 23 суб’ектаў, паведаміў сёньня «Свабодзе» намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў. Паводле яго, неўзабаве да іх далучацца яшчэ пара-тройка арганізацый. Каб дзейнічаць плённа, неабходна супольная стратэгія. А яе пакуль няма.

Аднак у Цэнтры эўрапейскай трансфармацыі падобны дакумэнт ужо зьявіўся. Гэта — «Стратэгія — 2012». Па часе яна прывязаная да выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца ў наступным годзе. І таму сёньня двух распрацоўнікаў дакумэнту — Андрэя Ягорава і Тацьцяну Вадаласкую — і запрасілі на паседжаньне Рады. Яны прадставілі стратэгію, адказалі амаль на 20 пытаньняў.

«Як вы ацэньваеце гэты дакумэнт і ці можа ён стаць плятформай для адзінай супольнай стратэгіі?» — з такім пытаньнем я зьвярнуўся да некаторых удзельнікаў сёньняшняга паседжаньня.

Уладзімер Колас лічыць: хоць у «Стратэгіі-2012» ёсьць шмат слабых месцаў, адкідаць яе нельга:

Уладзімер Колас
Аляксандар Казулін
Вацлаў Арэшка
«Тое, што нам неабходна мець агульныя мэты для таго, каб мы скансалідаваліся і прадстаўлялі вартую павагі сілу, гэта абсалютна бясспрэчна. Зараз ва ўладаў можа зьявіцца неабходнасьць сябе нейкім чынам легітымізаваць, паказаць сябе перад Эўропай у лібэральным сьвятле. І яны могуць чарговым разам імітаваць перамоўны працэс. Яны могуць прапанаваць некаторым фігурам увайсьці ў склад перамоўнікаў, каб зноў прыцягнуць людзей да выбарчых скрынак. І нават правесьці ў дэпутаты Палаты нейкіх гайдукевічаў альбо, не пабаюся гэтага слова, раманчукоў. І такім спосабам вырашыць гэтае пытаньне».

Аляксандра Казуліна найбольш непакоіць магчымасьць перамоваў з уладамі пры наяўнасьці палітвязьняў, чаго не выключае «Стратэгія-2012»:

«Мы ня ўдзельнічаем у ніякіх выбарах да тае пары, пакуль ня будуць выпушчаныя палітвязьні і ня зьменіцца выбарчае заканадаўства. Пра гэта прымаецца кансалідаванае рашэньне абсалютна ўсімі структурамі палітычнай і грамадзянскай супольнасьці. І менавіта гэта той парог, ад якога можна пачынаць рухацца. А ўсё астатняе — пустыя байкі, пустыя перамовы, пустыя словы».

Вацлаў Арэшка спадзяецца, што ўзгодненая стратэгія зьявіцца:

«Цяжка паверыць, што абсалютна ўсе прымуць адну стратэгію. Досьвед паказвае — заўсёды знаходзіцца нехта, хто прымае сваю стратэгію. Але шлях такі ёсьць. Трэба даць усім бакам сфармуляваць свае думкі. І пасьля дыскусію працягваць».