Суды за Плошчу
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
21.00 Праваабаронца Алег Гулак: «Канечне, мы задаволеныя, бо можна адзначыць як станоўчы момант даволі мяккія прысуды ў параўнаньні з тым, што патрабавалі абвінаваўцы. Але ж, але ж… Віна ўвогуле нічым не даказаная. Пры ўсім тым, што пакараньне даволі мяккае, але ж суд прызнаў іх вінаватымі ва ўсім тым, у чым іх абвінавачвалі. У чым, на нашу думку, доказаў не было. Таму вельмі неадназначныя ацэнкі. З аднаго боку, не такое цяжкае пакараньне, як пагражала. Але гэта ня можа выклікаць поўнага задавальненьня, бо віна не даказана, доказаў недастаткова, каб прызнаць іх вінаватымі».
20.20 Старшыня зарэгістраванага ў Вільні «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова такім чынам пракамэтавала прысуды расейскім грамадзянам Арцёму Брэўсу і Івану Гапонаву ды беларусу Дзьмітрыю Мядзьведзю:
«У нашай сытуацыі абсурду трэба адштурхоўвацца ад таго, што мы маем, і казаць пра тое пазытыўнае, што адбылося зараз. Гэта крок наперад — што не засадзілі хлопцаў за краты на доўгі тэрмін, як гэта было на папярэдніх судах, калі давалі па 4 гады. Таму гэта ўжо добра. Дрэнна тое, што яны не вінаватыя ў тым, у чым іх усё ж такі абвінавацілі.
Канечне, сёньняшняе рашэньне грунтуецца на той палітычнай сытуацыі, адносінамі з Расеяй напярэдадні візыту ў Менск Пуціна. На гэтым фоне прысуд Мядзьведзю, якому пракурор прасіў 4 гады зьняволеньня, выглядаў бы вельмі жорстка. Таму яны вынесьлі таксама больш мяккі прысуд»
Брэўса і Гапонава вызвалілі ў залі суду з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе.
20.20 Прадстаўнік амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў сказаў, што расейскі бок задаволены такім рашэньнем суду. Ён пры гэтым адзначыў, што расейская амбасада адразу казала, што віны грамадзянаў Расеі не было. І што доказаў іх віны было недастаткова. На пытаньне, ці зьвязана гэта рашэньне з маючым адбыцца візытам прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна ў Менск, спадар Гусеў адказаў: "Без камэнтароў".
20.00 Дзьмітрый Мядзьведзь выйшаў і абдымае жонку і родных.
19.48 Прысуд Мядзьведзю — 3 гады абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Прызнаны вінаватым. Будзе знаходзіцца пад наглядам міліцыі. Зараз Мядзьведзя вызваляць з-пад варты ў залі суду.
У судзе аб’яўлены перапынак да 19 гадзінаў, калі будзе вынесены прысуд.
17.25 Адвакатка просіць Брэўса апраўдаць. Цяпер выступае адвакатка Гапонава Алена Сяргеева. Яна таксама кажа, што не было масавых беспарадкаў. А сьведкі дапамагалі сьледзтву. Адвакатка просіць Гапонава апраўдаць.
16.55 Адвакат Людміла Казак ў сваім выступе кажа, што масавых беспарадкаў не было, а быў мітынг зь лякальнымі парушэньнямі парадку.
16.40 Жонка Дзьмітрыя Мядзьведзя Тацяна спадзяецца на апраўдальны прысуд, бо, маўляў, ніякіх доказаў прадстаўлена не было. «Я спадзяюся ня столькі на справядлівасьць, колькі на сумленьне тых, хто прымае рашэньне», — заявіла яна.
16.26 Суд сышоў у дарадчы пакой. У працэсе над Дзьмітрыем Мядзьведзем — перапынак. Супрацоўнік суду паведаміў «Свабодзе», што вырак Мядзьведзю зачытаюць а 18.30.
Апошняе слова Дзьмітрыя Мядзьведзя
16.22 Дзьмітрый Мядзьведзь выступае з апошнім словам: «Калі я трапіў у гэтую сытуацыю, ніякай агрэсіі ў мяне не было, я адбіваўся ад удараў. Сам атрымаў два ўдары. Наглядна бачна на відэа, што ніякіх удараў я не наносіў».
«Па-сутнасьці я мірны чалавек. У мяне былі вялікія пляны на развіццё бізнэсу, выкарыстанне новых тэхналёгій для будаўніцтва сацыяльнага жытла. Гэта жахліва ўсё».
16.12 Допыт 15-га пацярпелага амапаўца Івашка. Ён кажа, што яго ўдарылі ў сьпіну. Аднак у экспэртызе гаворыцца пра ўдары па галаве.
адвакат Мядзьведзя: масавых беспарадкаў не было
16.01 Суд над Мядзьведзем. Выступае адвакат Сяргей Лепеш. Ён кажа, што Мядзьведзя абвіначваюць ва ўчыненьні злачыства групай асобаў паводле папярэдняй змовы. У папярэдніх абвінавачваньнях гэтага пазначана не было.
Няма ніякіх ня тое што пераканаўчых доказаў, а зусім ніякіх доказаў абвінавачваньне не прадставіла. Тыя зьвесткі пра абвінавачванага — гэта спроба выдаць жаданае за сапраўднае.
«Што і каго грамілі? — рытарычна пытаецца адвакат. — Якія былі падпалы? Якая маёмасцьць была зьнічшаная? З дапамогай чаго рабіўся ўзброены супраціў міліцыі?»
Адвакат даводзіць, што ніякай зброі не было, рыдлёўкі і чаранкі зброяй не зьяўляюцца.
«Масавых беспарадкаў не было» — заявіў адвакат.
Адвакат знайшоў шмат недакладнасьцяў і неадпаведасьцяў матэрыялам спарвы ва ўступнай частцы афіцыйнага абвінавачваньня.
«Абваінавачваньне прапануе, каб Мядзьведзь адказваў за ўсе дзеяньні ўсіх асобаў, якія знаходзіліся на Плошчы. Гэта незаконна,— кажа адвакат. — Асоба адказвае толькі за свае дзеяньні. Высьветліць, хто біў пацярпелых, павінны паркуратура і сьледзтва. Мядзьведзь гэта не рабіў. Нельга недапрацоўкі пракуратуры перакладваць на плечы Мядзьведзя».
Адвакат перакананы: гаварыць пра тое, што падсудны наносіў удары рукамі па дубінках спэцназа, няправльна. Ён абараняўся, на відэа добра бачна, як Мядзьведзю наносіцца ўдар дручком. «Ніводнага доказу, які пацьвярджае абвінавачанне няма», — зрабіў выснову адвакат Сяргей Лепеш. Ён папрасіў апраўдаць Мядзьведзя за адсутнасьцю складу злачынства.
16.01 Мядзьведзю абвінавачваньне просіць 4 гады ўзмоцненага рэжыму.
Пацярпелы: «Людзі называлі нас прыхвасьнямі рэжыму»
Масальскі бачыў у некага ледаруб. Ён сказаў: «Бабулі крычалі нам: „Фашысты!“. Адвакат запытала пра ледаруб. Аказалася, што гэта прут з пласьцінай для сколу лёду на ходніку».
Your browser doesn’t support HTML5
абвінаваўца: пакараць мядзьведзя 4 гадамі
15.54 Суд над Мядзьведзем. Пачаліся спрэчкі бакоў. Выступае дзяржаўны абвінаваўца Мазоўка.
Абвінаваўца: з улікам дасьледаваных доказаў, вінаватасьць Мядзьведзя даказаная цалкам. Яна ў тым, што па папярэдняй змове ён удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу. Такім чынам, дзеяньні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна. Абвінавачаны меў магчымасьць пакінуць мітынг, але не зрабіў ніякіх спробаў. У сувязі з чым віна яго даказаная. Мазоўка папрасіў пакараць Мядзьведзя чатырма гадамі ўзмоцненага рэжыму.
Алена Рудніцкая адключыла гук. Абвінаваўца Мазоўка засланіў экран спіною.
Абвінаваўца пасунуўся ўлева. Цяпер уся заля нічога ня бачыць і ня чуе. Людзі абураюцца. Экспэрты АБСЭ сьмяюцца. Міліцыянт пагрозьліва ходзіць па залі, каб супакоіць тых, хто абураецца.
Мядзьведзь, які знаходзіцца бліжэй да экрану, пазнаў сябе на відэазапісе. Мядзьведзь кажа, што яго выштурхнуў натоўп да шэрагаў спэцназу. Ён стаяў у натоўпе і закрываў галаву рукамі.
Рудніцкая і Мазоўка паспрачаліся наконт зьместу відэа. Судзьдзя нарэшце пасадзіла абвінаваўцу на месца.
15.31 Прадстаўнік абвінавчваньня пытаецца ў Мядзьведзя, пры якіх умовах ім былі зробленыя здымкі на плошчы Незалежнасьці? Навошта ён рабіў здымкі? Мядзьведзь адказвае, што здымкі рабіў бязь нейкіх асаблівых мэтаў.
Абвінаваўца Мазоўка распытвае, калі і каму тэлефанаваў Мядзьведзь з плошчы. Хоча давесьці, што ён там быў і раней за 22 гадзіны. Адвакат Лепеш просіць далучыць да матэрыялаў справы хадайніцтва працоўнага калектыву ў абарону Мядзьведзя, які зьяўляецца дырэктарам прыватнай фірмы. У хадайніцтве — выключна пазытыўныя характарыстыкі Мядзьведзя.
15.30 Суд над Мядзьведзем. Агалошваньне пісьмовых матэрыялаў скончана.
15.26 Суд над Мядзьведзем. Судзьдзя зачытвае мэдычныя даведкі і агучвае дыягназы «пацярпелых» міліцыянтаў.
камэнтар МЗС РАСЕІ
У Маскве спадзяюцца, што рашэньне суду ў Менску па справе расейцаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава будзе адпавядаць нормам міжнароднага права, заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі Аляксандр Лукашэвіч. Ён адзначыў, што «сытуацыя далёкая ад якой-небудзь пазытыўнай разьвязкі». Паводле Лукашэвіча, у дачыненьні да расейскіх грамадзянаў вылучаюцца ўсё новыя абвінавачваньні, расьце колькасьць прыцягнутых сьведак, што ня можа не турбаваць, перадае «Інтэрфакс».«Тым ня менш, будзем спадзявацца на тое, што рашэньне суду будзе справядлівым, аб’ектыўным і будзе адпавядаць нормам міжнароднага права, у тым ліку ў галіне асноватворных правоў чалавека», — адзначыў прадстаўнік МЗС Расеі.
15.16 Суд над Мядзьведзем. Агалошваюць пратаколы ператрусаў. Судзьдзя пачала чытаць яшчэ цішэй.
Судзьдзя Алена Рудніцкая зачытвае характарыстыкі на Мядзьведзя, даведкі з дыспансэраў. Нічога кампрамэтуючага ў іх няма.
15.03 Суд над Мядзьведзем. Допыт сьведкаў закончаны. Суд перайшоў да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы. Судзьдзя Рудніцкая зачытвае пратакол агляду мясцовасьці ля Дома ўраду. Чытае хутка, ціха і невыразна.
У дакумэнтах распавядаецца пра бутэлькі, арматуру іншыя прадметы, якія знайшлі на плошчы Незалежнасьці пасьля 19 сьнежня.
Пацярпелыя міліцыянты. Фота Эўрарадыё
14.56 Суд над Мядзьведзем. Наступны сьведка — Аляксандр Грыцэнка, таксама міліцыянт спэцназу. Кажа, што бачыў абвінавачанага 19 сьнежня.
Грыцэнка паведаміў, што ў 22.00 удзельнічаў у ачапленьні Дома ўраду: «Там было шмат людзей, некаторыя спрабавалі прарвацца праз ачапленьне. Потым паступіла каманда перамясьціцца да Пэдунівэрсытэту, расьсекчы натоўп. Мы іх атачылі, падагналі службовы транспарт і прапанавалі прайсьці, пагрузілі іх і адвезьлі. Абвінавачаны быў сярод тых, каго мы затрымалі».
Сьведка чуў, як абвіанвачаны Мядзьведзь выкрыкваў лёзунг «Жыве Беларусь!» Іншых актыўных дзеянняў Мядзьведзя ён не бачыў. Апісаньне адзеньняў Мядзьведзя ў Грыцэнкі адрозьніваецца ад таго, што казаў папярэдні сьведка. Той казаў пра чорную дублёнку, гэты — пра карычневую.
14.41 Допыт сёмага пацярпелага. Ён кажа, што яго білі вудамі, «кінулі ў нас сьметніцай, сьляпілі ў вочы». Яго ўдарылі ў скроню. Усяго было тысяч шэсьць чалавек. Ня ведае, чаму гэтыя агрэсіўна настроеныя людзі не прарвалі ланцуг міліцыі, хаця маглі б.
Сьведка: Мядзьведзь выкрыкваў антыдзяржаўны лёзунг «Жыве Беларусь!»
14.46 Суд над Мядзьведзем. Пачаўся допыт сьведак. Першы — Алег Дударчык, супрацоўнік міліцыі Менску, які затрымліваў Мядзьведзя пасьля мітынгу.
Дударчык заявіў, што спачатку на Кастрычніцкай плошчы сядзеў у службовым транспарце, потым іх адвезьлі на плошчу Незалежнасьці. Ён накіраваўся да Дома ўраду, да цэнтральнага ўваходу. Апісвае, як дэманстранты імкнуліся трапіць у будынак, білі іх вудзільнамі і гумовымі дручкамі, якія забралі ў міліцыі. Ля будынку пэдунівэрсытэту ён удзельнічаў у расьсяканьні натоўпу і затрыманьні ўдзельнікаў акцыі. Дударчык кажа, што Мядзьведзь пры затрыманьні «выкрыкваў лёзунгі антыдзяржаўнага характару».
Мядзьведзь спытаўся ў сьведкі, дзе і калі ён стаяў перад затрыманьнем, з кім стаяў. Дударчык дакладна ня змог сказаць. Антыдзяржаўнымі лёзунгамі міліцыянт назваў воклічы «Жыве Белаурсь!» і «Сыходзь!»
Мядзьведзь цалкам не падтрымаў паказаньні сьведкі і кажа, што ня бачыў гэтага чалавека. Паводле Мядзьведзя, сьведка няправільна апісаў ягоную вопартку.
14.45 Суд над Мядзьведзем. Допыт пацярпелых завершаны. Усяго дапыталі 15 міліцыянтаў. Ніхто зь іх падсуднага Мядзьведзя ня ведае, ад яго дзеяньняў не пацярпеў і прэтэнзіяў да яго ня меў.
14.39 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы міліцыянт — Камар. Ён быў у ачапленьні Дома ўраду. Кажа, што мітынгоўцы білі нагамі па шчытах. Што крычалі мітынгоўцы, Камар ня чуў, бо слухаў свой радыёэфір. Камар кажа, што падчас прарыву яго ўдарылі ззаду.
14.33 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы міліцыянт — Ігар Зянкевіч. Абвінавачанага таксама ніколі ня бачыў.
Зянкевіч расказаў, што дэманстранты ў спэцназ кідалі розныя прадметы, лёд. Ён кажа, што дэманстранты, якія прарываліся праз ланцуг спэцназу, накіравалі на яго струмень з вогетушыцеля. Пена трапіла ў вочы і рот. Ён быў шпітіалізаваны машынай хуткай дапамогі.
Пацярпелы: мітынгоўцы спрабавалі паставіць амапаўцам падножку
14.28 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы — Аляксандар Кудравец — кажа што абвінавачанага бачыць у першы раз.
Кажа, што яго пабілі жалезнымі прутамі па твары і што пасьля гэтага ён быў на бальнічным. Хто гэта рабіў — ён ня памятае.
14.22 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы Ўладзімер Бортнік. Ён кажа, што дэманстранты хуткім крокам імкнуліся прарваць ланцуг спэцназу, у якім ён стаяў. Яго асабіста выцягнулі з ланцугу і зьбілі з ног, нанеслі некалькі ўрадаў па галаве і корпусе: «Магчыма, білі нагамі. Калі натоўп адсунулі, я на карачках здолеў выбрацца адтуль і зноў стаў у шэрагі».
14.15 Працэс у справе Дзьмітрыя Мядзьведзя адноўлены. Працягваецца допыт пацярпелых. Першы — міліцыянт Дзяніс Булавацкі.
14.05 Суд над Мядзьведзем. На судзе прысутнічаюць два назіральнікі БДІПЧ АБСЭ, яны паведамілі Свабодзе, што ўважліва сочаць за працэсам, але пакуль камэнатваць яго ня будуць.
14.00 У кавярні суду ў абед быў невялікі інцыдэт. Дзяўчына, якая была на працэсе, гучна пашкадавала пацярпелых міліцыянтаў: «Бедныя, пабітыя». На што спэцназавец абразіўся і накрычаў на дзяўчыну: «Бярыце свае коржыкі, а нас не чапайце!»
камэнт у Фэйсбуку
Tatsiana Elavaya ў Фэйсбуку з залі суду над Гапонавым і Брэўсам: «Адвакаты задавалі пытаньні пацярпеламу Булавацкаму. Ён заблытаўся ў часе свайго знаходжаньня на плошчы Незалежнасьці. Таксама ня змог назваць дакладнага месца, дзе зь яго сарвалі шлем. Тым часам паказаньні Булавацкага ўсхвалявалі двух іншых пацярпелых спэцназаўцаў. Яны пачалі спрачацца паміж сабой і ў выніку назвалі адзін аднаго «дэбіламі».14.03 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пасьля перапынку аднавіўся судовы працэс над грамадзянамі Расеі Брэўсам і Гапонавым. Для допыту ў судзе прыбылі яшчэ 10 пацярпелых амапаўцаў.
13.25 У судзе над Дзьмітрыем Мядзьведзем перапынак да 14.00.
Бажок апісвае падзеі 19 сьнежня: «На плошчы я ўбачыў шмат народу, людзі крычалі „Сыходзь!“ Яны крычалі, пагражалі, наносілі ўдары, хісталі шчыты».
«Ніякіх прадметаў у руках людзей я не бачыў. Зусім ня бачыў. Мяне ўдарылі чымсьці, але хуценька і са сьпіны. У мяне пасьля падзеяў каля Дома ўраду балелі сьпіна і галава, нас павезьлі ў шпіталь».
Прадстаўнік абвінавачваньня зноў знайшоў супярэчнасьці ў паказаньнях пацярпелага ў судзе з тым, што ён казаў падчас папярэдняга сьледзтва.
Судзьдзя скорагаворкай зачытвае ранейшыя паказаньні.
Зь іх вынікае што мітынуючыя лаяліся, кідаліся бутэлькамі і біліся палкамі.
Пацярпелы Бажок прызнаў ранейшыя паказаньні. Але на пытаньне адваката Лепеша зноў сказаў, што палак у людзей не было. Пацярпелы заблытаўся, кажа, што немагчыма было ўсё запомніць.
камэнтар праваабаронцы
13.05 Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што адвакаты правільна не пагаджаліся з далучэньнем пацярпелых да працэсу. Мяркуючы па папярэдніх матэрыялах, яны нічога не маглі сказаць непасрэдна пра абвінавачаных і гэта пацьвердзілася ў судзе. Ніводзін з пацярпелых не сказаў, што непасрэдна Гапонаў ці Брэўс нешта ім зрабілі і наогул іх ня бачылі і не маглі пазнаць. Стэфановіч адзначыў таксама трафарэтнасьць паказаньняў і тое, што шмат хто з пацярпелых ня памятае, дзе і калі яго дапытвалі. І паказаньні ў судзе ў некаторых пацярпелых разыходзіліся з тым, што было ў пратаколах. Праваабаронца адзначыў, што ў адным месцы два пацярпелыя давалі фактычна адны і тыя ж паказаньні: фразы пра наяўнасьць у натоўпе моцных мужчын у кажухах. Гэта фраза была ў паказаньнях двух пацярпелых. Ён мяркуе, што гэта фраза была «ўкладзена» сьледчымі ў паказаньні.
Прадстаўнікі АБСЭ і пасольства Расеі ў Беларусі, якія назіраюць за працэсам, пакуль устрымаліся ад камэнтароў.
12.45 У судзе над Брэўсам і Гапонавым аб’яўлены перапынак да 14 гадзін.
12.33 Перапынак у працэсе над Дзьмітрыем Мядзьведзем.
Your browser doesn’t support HTML5
допыт пацярпелага
12.30 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пяты пацярпелы амапавец Ігар Зянкевіч кажа, што яго білі палкамі, і адзін удзельнік мітынгу выкарыстаў вогнетушыцель. Ён атрымаў апёкі дыхальных шляхоў.Зянкевіч зьвяртаўся ў шпіталь. Ён сказаў, што яго дапытвалі ў сьледчым камітэце. Адвакат запатрабавала дапытаць яшчэ 10 пацярпелых амапаўцаў.
12.30 Суд над Мядзьведзем. Суд апытвае прадстаўніка пазоўніка — Дзьмітрыя Лепеша, Галоўная гаспадарчая ўправа справамі прэзыдэнта. Лепеш распавядае пра шкоду будынку.
Лепеш кажа, што былі пашкоджаныя дзьвяры і вокны, вадасьцёкавая труба і зялёныя насаджэньні. Агульная сума стратаў — больш за 14 мільёнаў. 21 лютага сума шкоды была кампэнсаваная. У сувязі з гэтым грамадзянскі пазоў адклікаецца.
Судзьдзя Рудніцкая пайшла ў дарадчы пакой, каб вынесьці рашэньне адносна адмовы ад грамадзянскага пазову.
12.06 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачаўся допыт чацьвёртага пацярпелага амапаўца Івана Камара. Ён кажа, што яго ўдарылі адзін раз кулаком. Ён назваў дзеяньні натоўпу ня вельмі актыўнымі, але што ён хацеў прарвацца ў Дом ураду. Камар таксама не пазнаў абвінавачаных Брэўса і Гапонава, як і іншыя пацярпелыя.
Пацярпелы міліцыянт: нас сьляпілі ўспышкамі фотакамэр
12.15 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы міліцыянт — камандзір узводу Юры Далідовіч. Ён кажа, што з трыбуны былі заклікі прарваць ланцугі міліцыі, што людзі былі агрэсіўна настроеныя і кінуліся на міліцыятаў. Пачалі біць шчыты, білі рукамі і нагамі, паляцела жалезная сьметніца. Выцягнулі аднаго байца з ланцугу, сарвалі шлем. Сьляпілі ўспышкамі фотакамэр. І ўрэшце накіравалі на іх струмень з вогнетушыцеля.
Пацярпелы апісвае: «Такое адчуваньне было, што людзі прыйшлі з канкрэтнай мэтай зладзіць пабоішча. Там ня дзеці былі, а нармальныя здаровыя мужыкі, крычалі нам „Вас бы ў Чачню!“ Я лічу, што гэта ўсё было ад пачатку падрыхтавана, каб нас справакаваць».
Пацярпелы кажа, што яму разбілі губу.
Са зброі ў дэманстрантаў пацярпелы ўбачыў толькі вудзільны і сьметніцу. Міліцыянт нічога ня можа сказаць пра дзеяньні Мядзьведзя.
12.09 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы — міліцыянт Руслан Волкаў. Ён апісвае падзеі ля Дома ўраду, расказвае, як яны выцясьнялі людзей ад ганку будынка. Кажа, што, як білі шкло, ня бачыў, бо там было шмат людзей перад ім.
«Пры выцясьненьні мы сутыкнулся з актыўным супрацівам, штурхалі нас. Празь нейкі час яны зразумелі, што ня змогуць прарвацца, і спыніліся. Потым нам паступіла камнанда вярнуцца ў транспарт, і мы пакінулі плошчу».
Допыт пацярпелага
11.59 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Пачаўся допыт трэцяга пацярпелага супрацоўніка міліцыі Аляксандра Кудраўца. Ён просіць зачытаць яго паказаньні, бо ня памятае падрабязнасьцяў.Кудравец кажа, што яго ўдарылі мэталёвым прадметам, што ў яго быў балявы шок. Аднак у матэрыялах допыту гэтага няма. Кудравец таксама ня памятае, дзе яго дапытвалі і калі.
11.59 Суд над Мядзьведзем. Прыйшлі яшчэ тры, як сьцьвярджаецца, пацярпелыя, адзін зь іх — падпалкоўнік у міліцэйскай форме. Першы — Аляксандар Кашталанаў (у форме) — намесьнік камандзіра палка спэцназу міліцыі.
«Пасьля таго як мы адцясьнілі іх з ганку, яны агрэсіўна былі натроеныя, аказвалі актыўны супраціў, перашкаджалі руху нашай калёны. Пасьля таго як мы іх адцясьнілі зь сілай і спэцсродкамі, яны выкарысталі вогнетушыцель і паводзілі сябе агрэсіўна, выкарыстоўвалі падручныя сродкі. У тым ліку вудзільны. Білі па шчытах, па супрацоўніках».
Кашталанаў кажа, што ў час супрацьстаяньня ён асабіста атрымаў удар тупым прадметам, што некалькі мітынгоўцаў хацелі правацца праз шарэнгу, і адзін раз вырвалі шчыт.
Адвакат пытае Кашталанава, што ён можа сказаць канкрэтна па справе Мядзьведзя, той кажа, што нічога ня ведае.
11.58 Суд адпусьціў пацярпелых спэцназаўцаў з залі. Іх допыты скончаныя.
11.52 Наступны пацярпелы міліыянт — Ягор Каравай. Кажа, што атрымаў на Плошчы ўдар цьвёдым прадметам у патыліцу. Больш ня яго білі. Кажа, што пасьля звярнуўся ў шпіталь МУС , дзе яго агледзелі і адпусьцілі дадому. Таго, як міліцыянты білі дэманстрантаў дубінкамі, ня бачыў.
11.36 Суд над Мядзьведзем. Наступны пацярпелы — міліцыянт Віталь Піліпейка. Усе пацярпелыя сядзяць у залі і могуць чуць паказаньні адно аднаго.
Піліпейка кажа, што 2 чалавекі перашкаджалі ягонаму руху на плошчы Незалежнасьці — падставілі падножку і ўдарылі. Ён упаў у натоўп. Але ягоныя калегі выцягнулі яго з натоўпу. І ён дайшоў да будынку Дома ўраду.
Калі Піліпейка стаяў у ачапленьні Дома ўраду, мітынгоўцы, якія знаходзіліся перад ім, мелі «чаранкі» ад рыдлёвак. Кажа, што ўдзельнікі акцыі аказвалі актыўны супраціў, спарабвалі ўдарыць, але не яго асабіста.
У нейкі момант выбег мужчына з вогнетушыцелем у руках і распыліў на спэцназ. У тым ліку ў твар Піліпейку.
«Калі расьсяклі натоўп, ніякага супраціву ўжо я не заўважыў».
Піліпейка пасьля тых падзей «адчуў недамаганьне, моцнае голавакружэньне, млосьць і зьвярнуўся ў шпіталь МУС».
Абвінаваўца Мазоўка зноў лічыць, што ёсьць супярэчнасьці ў паказаньнях на судзе з папярэднімі. Судзьдзя Рудніцкая зачытвае папярднія паказаньні. У папярэдніх паказаньнях Піліпейкі таксама нашмат больш гаворыцца пра гвалт над міліцыянтамі, у тым ліку пра ўдары арматурай і палкамі. Піліпейка ў судзе пацьвярджае іх.
11.23 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Другі пацярпелы супрацоўнік міліцыі Дзьмітрый Скараход пачаў даваць паказаньні.
Сьведка Скараход кажа, што яго выцягнулі з ланцуга, ён паваліўся. Яго ўдарылі два ці тры разы па галаве і ў яго была гематома на плячы і драпіны на твары. Супрацоўнік міліцыі лячыўся 5 дзён у шпіталі.
Скараход ня змог згадаць, калі і дзе дакладна яго дапытваў сьледчы. Хаця гэта было два тыдні таму.
Масальскі як і Лявіцкі ня ведае падсуднага.
Масальскі распавядае, што ён рабіў на плошчы 19 снежня. Кажа, што прыехаў на плошчу Незалежнасьці ў апошняй машыне. І стаяў у шарэнзе.
Масальскі сьцвярджае, што маладыя людзі зь пярэдніх шэрагаў мітынгоўцаў білі іх вудзільнамі і нагамі ў шчыты.
Масальскі кажа, што мітынгоўцы спрабавалі выцягнуць супрацоўнікаў міліцыі з шарэнгі, наносілі ўдары. «Я атрымаў удар нечым цяжкім, пасьля чаго супрацоўнікі спэцназу мяне зноў уцягнулі ў шарэнгу».
Міліцыянт кажа, што ня ведае, ці выкарыстоўваліся натоўпам нейкія прадметы супраць міліцыі.
Абвінаваўца Мазоўка зноў знайшоў супярэчнасьці ў паказаннях пацярпелага ў судзе ў параўнаньні зь ягонымі паказаньнямі на папярэднім сьледзтве. Судзьдзя Рудніцкая іх зноў хутка і неразборліва зачытвае.
Як можна зразумець са скорагаворкі судзьдзі, у паказаньнях Масальскага на папярэднім сьледзтве падрабязна апісваецца, як дэманстранты «білі» міліцыянтаў спэцназу.
Масалькі кажа, што ня бачыць супярэчнасьцяў у ягоных паказаннях — ранейшых і цяперашніх.
Булавацкі ўжо кажа, што было 3-4 удары па ім.
11.08 Суд над Мядзьведзем. Новы пацярпелы — Дзьмітры Лявіцкі, міліцыянт-кіроўца.
«Стаялі паміж двума натоўпамі».
Лявіцкі паказаў, што сілавых дзеяньняў у адносінах да яго і калег у ланцугу не было. Людзі крычалі толькі «Паліцаі! Фашысты!!»
«Калі мы зрабілі калідор і саджалі людзей у спэцтранспарт, у гэты момант нехта ўпаў і ўдарыў мяне пад шчыт».
«Калі асноўная маса ішла ў машыну, хтосьці мог упасьці... Тады я адчуў боль у правым локце».
«Потым мы зачыcьцілі плошчу, перайшлі дарогу, там стаялі людзі і крычалі на нас «Фашысты!». Мы ж дачакаліся свой спэцтранспарт, селі ў машыну і паехалі.
Абвінаваўца Мазоўка зноў знайшоў супярэчнасьці ў паказаньнях Лявіцкага ў судзе зь ягонымі папярэднімі паказаннямі на сьледзтве.
Судзьдзя хутка і неразборліва чытае ранейшыя паказаньні пацярпелага Лявіцкага.
У ранейшых паказаньнях Лявіцкага сказана пра сілавыя дзеяньні супраць міліцыі, удары натоўпу нажамі і нагамі.
Пацярпелы кажа, што ня бачыць тут супярчэнасьці з сваімі паказаннямі ў судзе. Хоць у судзе ён кажа, што гвалтоўных дзеянняў натоўпу не было.
10.56 Суд над Мядзьведзем. Другі пацярпелы Андрэй Палавінкін, службоўца палка міліцы спэцыяльнага прызначэньня.
Палавінкін кажа, што працаваў 19-га ў цывільным адзеньні ў натоўпе: «Было вялікае скапленьне людзей. Мы былі ў натоўпе».
Абвінаваўца: Што рабілі мітынгоўцы?
Палавінкін: Людзі зьбіраліся ў кучы, крычалі. Лёзунгі, транспаратны там былі. Фразы ў іх былі незразумелыя...
Палавінкін, як і першы пацярпелы, ня змог згадаць, што крычалі мітынгоўцы.
Пацярпелы кажа, што карыстаўся ў натоўпе радыёстанцыяй. «Мне быў насесены ўдар, калі я быў у натоўпе, удар ззаду па галаве. Хто гэта зрабіў, я ня ведаю. Я адвярнуўся і ўбачыў чалавека, які ўцякаў».
Палавінкін нічога ня змог сказаць суду пра дзеяньні мітынгоўцаў у адносінах да міліцэйскага ачапленьня.
Абвінаваўца Мазоўка заўважыў супярэчнасьці ў паказаньнях пацярпелага ў судзе і на папярэднім сьледзтве.
Судзьдзя Рудніцкая чытае папярэднія паказаньні пацярпелага Палавінкіна. Чытае вельмі хутка і неразборліва.
Палавінкін часткова пацьвердзіў у судзе свае ранейшыя паказаньні.
У судзе Палавінкін сказаў, што знаходзіўся на праспэкце і ня бачыў, як разьбівалі вокны. У папярэдніх паказаньнях падчас сьледзтва пацярпелы казаў, што бачыў, як адбываліся сутычкі ля Дома ўраду, бачыў пруты і іншыя сродкі. Пасьля новых пытаньнях адваката і абвінаваўцы, пацярпелы заблытаўся.
10.47 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Агучылі паказаньні Гапонава на сьледзтве: ён прыйшоў на плошчу на заклік кандыдатаў у прэзыдэнты для выказваньня пратэсту. Гапонаў настойвае, што прыйшоў на плошчу з-за цікаўнасьці.
10.38 Гапонаў сказаў, што ня чуў заклікаў прарывацца ў Дом ураду і міліцыянтаў ня біў.
10.36 Суд над Мядзьведзем. Суд пераходзць да допыту пацярпелых. Андрэй Сакач, спэцназавец міліцыі.
Сакач кажа, што 19-га нёс службу ля Дома ўраду. «У 22.30 мы сталі перад ганкам Дома ўраду ў ланцуг. Там быў несакцыянаваны мітынг. Білі шкло ў Доме ўраду. Празь некаторы час людзі хлынулі на нас з ударамі па шчытах, вялі актыўныя дзеяньні. Мы бачылі натоўп, шмат людзей агрэсіўна настроеных. Яны крычалі. Атрымалася, што мы адсяклі людзей ад Дома ўраду, натоўп знаходзіўся перад намі».
Што крычалі людзі, спэцназавец, згадаць ня змог. Сакач кажа, што ён апусьціў забрала, якое запацела і адчуў што яго пацягнулі за шчыт і пачалі біць. Чым білі і колькі ўдараў было, згадаць ня можа.
Кажа, што дэманстранты хацелі яго выцягнуць з шэрагу, але не змаглі. «Ад удару ў мяне забалела левая рука. Адчуў удар», — завіў Сакач.
«Гэта доўжылася нядоўга, — кажа пацярпелы. — Пасьля гэтага мы перайшлі на правы бок, сабраліся каля свайго транспарту і пазьней рушылі ў натоўп у два шэрагі. Расьсяклі натоўп, пачалі затрымліваць людзей.
Абвінаваўца: Ці запомнілі вы ў твар тых, хто вам насносіў улады?
Сакач: Не.
Абвінаваўца: Ці запомнілі вы ў твар тых, хто вам насносіў удары?
Сакач: не.
Абвінаваўца: Ці зьвярталіся па мэдычную дапамогу?
Сакач: Так, зьвяртаўся ў шпіталь МУС. З нагоды запясьця.
Абвінаваўца: Ці выкарыстоўваліся натоўпам нейкія прадметы ў якасьці зброі?
Сакач: Не, гэтага я ня бачыў. Супрацоўнікі нашы казалі пра жалезныя пруты, інструмэнты для ачысткі лёду, але я гэтага ня бачыў.
Адвакат заявіў, што абвінаваўца задае наводзячыя пытанні. Суд адхіліў партэст адваката.
10.21 Суд над Брэўсам і Гапонавым. Суд прызнаў 15 міліцыянтаў (Булавацкі, Скараход, Кудравец, Кшталанаў, Івашок, Волкаў, Зянкевіч, Далідовіч, Камар, Сапач, Палавінкін, Лявіцкі, Масальскі, Піліпейка, Караваеў) пацярпелымі ад дзеяньняў Івана Гапонава і Арцёма Брэўса. Адвакат была супраць гэтага. З 15 міліцыянтаў у суд прыйшлі пяцёра. Дапытваюць Брэўса. Ён кажа, што ня біў міліцыянтаў.
ДОПЫТ ДЗЬМІТРЫЯ МЯДЗЬВЕДЗЯ
10.17 Суд над Мядзьведзем. Пачынаецца допыт абвінавачанага.
Абвінаваўца: Калі апынуліся на плошчы Незалежнасці?
Мядзьведзь: У 22 гадзіны я домовіўся сустрэцца са знаёмым на вакзале па пытаньнях бізнэсу, каб перадаць яму тэхнічныя дадзеныя. Мы сустрэліся. Я загадзя дамаўляўся зь сябрамі сустрэцца на прыпынку на плошчы Незалежнасьці. Пасьля сустрэчы са знаёмым я спазьняўся. Паставіў машыну і ўбачыў, што на плошчы шмат людзей сабралося, я пачаў шукаць сяброў і падыйшоў да помніка Леніну. Там было мора людзей.
Пабачыў, што ў Доме ўраду былі пабітыя шыбы. Пачалася патасоўка. Я ўбачыў, што адзін чалавек упаў. Я падняў яго. Ён сказаў, што зь ім усё добра. Потым мяне падхапіў народ і мяне вынесла да міліцэйскіх шчытоў. Спэцназ пачаў малаціць. Я, як мог, закрываў твар рукамі, абараняўся.
Абвінаваўца: Ці самі вы рабілі нейкія актыўныя дзеяньні?
Мядзьведзь: Не, я толькі закрываў твар.
Адваакат: Ці бачылі вы якія-небудзь пагромы? Што-небудзь гарэла?
Мядзьведзь: Нічога такога ня бачыў.
Адвакат: Ці вядома нешта пра зброю і мэталічныя прадметы?
Мядзьведзь: Не, нічога такога ня бачыў.
Адвакат: Ці прарываліся вы ў Дом ураду?
Мядзьведзь: Не.
10.16 Суд над Мядзьведзем. Судзьдзя Алена Рудніцкая папрасіла ўстаць пацярпелых. Устала у першым шэрагу 6 моцных хлапцоў у цывільным. У залі засьмяяліся. Судзьдзя зрабіла прысутным заўвагу.
10.15 Суд на Брэўсам і Гапонавым. Ня ўсім хапіла месцаў у залі суду. Кацярына Садоўская выказвае пратэст. Працэс пачаўся.
10.15 Мядзьведзь не прызнае сябе вінаваным.
10.10 Суд над Мядзьведзем. Паседжаньне пакуль не пачалося. У залі — жонка Мядзьведзя Тацяна, ягоныя родныя, кіраўніца Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідранасьць» Іна Кулей і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.
10.00 У залі, дзе неўзабаве пачнецца суд над Брэўсам і Гапонавым, журналісты вядуць відэа і фотаздымкі. Тут каля 30 чалавек. Сярод іх прадстаўнік пасольства Расеі Вадзім Гусеў, праваабаронцы Гары Паганяйла, Кацярына Садоўская, Раіса Міхайлоўская, Валянцін Стэфановіч.
Суд над Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэўсам быў прыпынены 1 сакавіка, каб адвакаты змаглі азнаёміцца з новым абвінавачаньнем і дадатковымі матэрыяламі, далучанымі да справы.
Прозьвішчы міліцыянтаў, якія нібыта пацярпелі ад дзеяньняў Брэўса і Гапонава: Булавацкі, Скараход, Кудравец, Кшталанаў, Івашок, Волкаў, Зянкевіч, Далідовіч, Комар, Сапач, Палавінкін, Лявіцкі, Масальскі, Піліпейка, Караваеў. У суд прад’яўлены пратаколы іхніх допытаў, пастановы аб накіраваньні іх на мэдычныя экспэртызы.
У судзе Маскоўскага раёну судзяць прадпрымальніка Дзьмітрыя Мядзьведзя.
Судзьдзя — Алена Рудніцкая, адвакат — Сяргей Лепеш, прадстаўнік абвінавачваньня спадар Мазоўка.
Мядзьведзя вінавацяць у збройным супраціве і гвалтоўных дзеяньнях супраць некалькіх міліцыянтаў. Нібыта ён імкнуўся прарваць ачапленьне, наносіў удары нагамі. Пры гэтым Мядзьведзь нібыта карыстаўся мэталічнымі прутамі, бутэлькам.
Справа «Плошча-2010»
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 2 сакавіка 2011 году па справе аб масавых беспарадках у статусе абвінавачаных знаходзіцца 38 чалавек, зь іх 26 утрымліваюцца пад вартай у чаканьні суду, 2 — пад хатнім арыштам, 9 — пад падпіскай аб нявыезьдзе. У статусе падазраваных — 12 чалавек, зь іх 2 знаходзяцца па-за межамі краіны, пераважная большасць — пад падпіскай аб нявыезьдзе. Чатыры фігуранты крымінальнай справы асуджаныя да пазбаўленьня волі: Васіль Парфянкоў на 4 гады ў калёніі строгага рэжыму, Аляксандар Артрошчанкаў на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, Дзьмітры Новік на тры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандар Малчанаў на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Артыкул 293 «Масавыя беспарадкі»
1. Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады,
караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.
2. Удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным зьдзяйсьненьні дзеяньняў, названых у частцы першай, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.
Арцём Брэўс
Затрыманы падчас акцыі пратэсту 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці. Быў арыштаваны на 15 сутак, вызвалены 29 сьнежня разам зь іншымі расейцамі. Аднак у той жа дзень быў затрыманы зноў у межах крымінальнай справы.
Іван Гапонаў
Маці Сабіра Атакішыева родам з Кіргізстану, а бацька — з Расеі.
Іван Гапонаў — удзельнік акцыі пратэсту 19 сьнежня. Быў пакараны арыштам на 10 сутак. 29 сьнежня яго вызвалілі разам зь іншымі расейцамі, а праз гадзіну забралі з дому ў межах крымінальнай справы.
Дзьмітры Мядзьведзь
Быў затрыманы на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня і асуджаны на 10 сутак, пасьля адбыцьця якіх затрыманы зноў, ужо ў рамках крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі.