"Міжнародная амністыя" заклікала пісаць лісты Лукашэнку і Васілевічу

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна і безь якіх-колечы ўмоў вызваліць асуджанага Аляксандра Атрошчанкава і іншых беларускіх вязьняў сумленьня.

Праваабаронцы таксама патрабуюць правесьці незалежнае расьсьледаваньне заяў аб катаваньнях зьняволеных у ізалятары КДБ і дазволіць доступ мэдыцынскіх экспэртаў да ўсіх затрыманых.

"Міжнародная амністыя" таксама просіць нагадаць беларускім чыноўнікам, што Беларусь падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а значыць, павінна не дапускаць выпадкаў катаваньняў і нялюдзкага абыходжаньня, а таксама праводзіць апэратыўнае і незалежнае расьсьледаваньне заяў пра адпаведныя факты.

Нагадаем, аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя, акрамя Аляксандра Атрошчанкава, прызнала вязьнямі сумленьня Андрэя Саньнікава, Зьмітра Бандарэнку, Уладзімера Някляева, Мікалая Статкевіча, Ірыну Халіп, Натальлю Радзіну, Насту Палажанку, Аляксандра Фядуту, Паўла Севярынца, Анатоля Лябедзьку, Алеся Міхалевіча, Уладзімера Кобеца, Аляксандра Арастовіча і Сяргея Марцалева.