Ірына Багданава: Пазоў супраць Лукашэнкі — беспрэцэдэнтны

Сястра Андрэя Саньнікава Ірэна Багданава з плякатам падчас акцыі пратэсту перад амбасадай Беларусі ў Лёндане 21 сьнежня 2010 году

Створаная ў Англіі грамадзкая ініцыятыва "Free Belarus Now" пры падтрымцы лёнданскай юрыдычнай фірмы "H20 Law LLP" мае намер прыцягнуць беларускага кіраўніка да адказнасьці ў міжнародных судах за зьбіцьцё, катаваньні, забойствы і зьнікненьні беларускіх грамадзянаў.

Заснавальнікамі "Free Belarus Now" сталі сваякі палітзьняволеных Ірына Багданава (сястра Андрэя Саньнікава), Ева Някляева (дачка Ўладзіміра Някляева), Кацярына Статкевіч (дачка Мікалая Статкевіча), Алена Эдвардс (сястра Міланы Міхалевіч), а таксама беларускі "Свабодны тэатар", палітыкі Міхаіл Гарбачоў, Вацлаў Гавэл, Рычард Дэрбін, драматург Том Стопард, акторы Джордж Клуні, Майкл Дуглас, Марк Нопфлер, Сігурні Ўівэр і іншыя.

Як паведаміла "Свабодзе" Ірына Багданава, якая жыве і працуе ў Брытаніі, цяпер прадстаўнікі арганізацыі разам зь юрыстамі зьбіраюць факты злачынстваў рэжыму, каб падаць іх у Раду бясьпекі ААН. Пра некаторыя зь іх напісала сёньняшняя "Іndependent". Ірына Багданава распавяла таксама пра бліжэйшыя мэты "Free Belarus Now" і выказала занепакоенасьць у сувязі са станам здароўя брата, які ўчора сустрэў свой дзень народзінаў у СІЗА КДБ, а таксама лёсам іншых беларускіх вязьняў.

"Свабода": "Ірына, вашу ініцыятыву "Free Belarus Now" падтрымала столькі вядомых людзей, што гэта выглядае нейкай фантастыкай. Напрыклад, Клуні, Стопард, многія іншыя. Як прыйшлі яны да вас у арганізацыю? Якая ваша роля ў ёй?"
У спэцслужбаў увогуле нейкія вычварэнскія мэтады катаваньняў, у тым ліку псыхалягічных....

Багданава: "Па сутнасьці, гэта было маёй ініцыятывай — прыцягнуць увагу міжнародных юрыстаў да сытуацыі з палітзьняволенымі ў Беларусі. Спачатку я зьвязалася з сваякамі вязьняў, а цяпер ужо са мной зьвязваюцца розныя людзі. Зразумела, я не кірую арганізацыяй. Мы ўсе ў ёй кіруем, мы ўсе разам прасоўваем адну і тую ж ідэю палітычнай і прававой справядлівасьці ў Беларусі. Мая цяперашняя роля больш каардынацыйная. Таму канцэнтравацца на нейкім адным моманце ў мяне пакуль не атрымліваецца. Трэба вырашаць шмат арганізацыйных пытаньняў. Спачатку стваралася каманда валянтэраў, у якую ўваходзяць як беларусы, так і брытанцы, якія згодныя ахвяраваць свой час на такую працу. Шмат дапамог беларускі "Свабодны тэатар". У актораў былі свае кантакты, свае выхады на розных вядомых людзей. Напачатку нам трэба было набраць нейкую крытычную масу імёнаў, а цяпер імёны самі пачынаюць да нас прыходзіць".

"Многіх цікавіць, як "H20 Law LLP" будзе дапамагаць палітрэпрэсаваным Беларусі. Ці гэта нейкія адвакацкія кансультацыі, а можа, адстойваньне правоў пацярпелых у міжнародным судзе? Раней выказвалася ідэя, што, напрыклад, ня толькі грамадзяне павінны разьбітыя дзьверы кампэнсаваць, а трэба прымусіць рэжым заплаціць за разьбітыя галовы, за паламаныя ногі і гэта далей".
Я свайму брату не магу даслаць ліст, нават віншавальную паштоўку ў сувязі з днём народзінаў ...

"Мы сёньня робім заяву і выпускаем адпаведны прэсавы рэліз адносна таго, што лёнданская юрыдычная кантора "H20 Law LLP", якая падтрымлівае нас, выступае з крымінальным пазовам да Лукашэнкі ад сваякоў у сувязі з катаваньнямі, забойствамі, зьнікненьнямі. Мы цяпер працуем у гэтым напрамку, зьбіраем самыя розныя зьвесткі. У нас няма такой магчымасьці — дапамагаць усім. Мы будзем рабіць усё, што магчыма, аднак гэта ня будзе нашым моцным бокам. Мы будзем больш змагацца за правы чалавека, каб выстаўляць розныя зваротныя пазовы ўладам за нанесеную імі шкоду — фізычную, маральную, матэрыяльную".

"Наколькі вялікі ўплыў, аўтарытэт мае "H20 Law LLP" у юрыдычных колах?"

"Яны юрысты-міжнароднікі. Яны працавалі ўжо з падобнымі рэжымамі, з падобнымі пазовамі, і пакуль яшчэ аніводнага не прайгралі. Зразумела, пазоў супраць прэзыдэнта — беспрэцэдэнтны. Падобнага пакуль яшчэ не было. Але ж усё калісьці здараецца ў першы раз. Затое падобныя справы ў дачыненьні да чыноўнікаў вельмі высокага ўзроўню былі, і пакуль яны гэтыя справы не прайгравалі".

"Ваша арганізацыя зьбірае сьведчаньні пацярпелых беларусаў. Як можна дабіцца міжнароднай рэакцыі, калі многае ў Беларусі замоўчваецца? Ваша асабістая рэакцыя на заявы Алеся Міхалевіча?"

"Мы цудоўна разумеем, што ўсё, што да нас даходзіць, — вяршыня айсбэргу. І нягледзячы на тое, што я жыву тут, у мяне вельмі цесная сувязь зь Беларусьсю. Я ведаю, як і мае суайчыньнікі, якія жывуць тут, мы ведаем, што адбылося на радзіме за ўсе гэтыя гады. Мы спадзяемся, што паціху гэта складзецца ў агульную карціну і дапаможа нам і расказаць сьвету пра гэта, і стварыць справу супраць Лукашэнкі.

Што да заявы Міхалевіча, то на яе я зрэагавала цяжка.

Вядома, я разумела, што ёсьць катаваньні. Аднак заўсёды існуе маленькі працэнт надзеі: а раптам у дачыненьні да людзей такога калібру — не крымінальнікаў, не злачынцаў — будзе ўсё ж інакш.

Аднак пасьля заявы Міхалевіча я не магу прыйсьці ў сябе, бо ўсё гэта перажываю і думаю: а вось так могуць і брата катаваць, і, напэўна, катуюць. Калі зыходзіць з таго, у якім стане ён быў падчас арышту, як яго жорстка зьбілі, а потым тыдзень ён быў без дапамогі мэдычнай, увогуле без анальгетыкаў, каб элемэнтарна зьняць боль. Ну як жыць з такімі болямі, калі пераламаныя косьці! Я ведаю, хоць гэта шырока не публікавалася ў прэсе, аднак яго зьбівалі вельмі жорстка. І ёсьць відавочца, які распавёў маме, што на яго паклалі вось гэты шчыт спэцназаўскі і па ім скакалі. І хоць Андрэй чалавек дастаткова моцнага целаскладу, высокі, але ж самі разумееце.

У спэцслужбаў увогуле нейкія вычварэнскія мэтады катаваньняў. Нават псыхалягічныя. Я свайму брату не магу даслаць ліст, нават віншавальную паштоўку ў сувязі з днём народзінаў. Нічога не дазваляецца. Ізаляцыя поўная. І нават калі б іх фізычна не катавалі, то ўжо дастаткова такіх псыхалягічных катаваньняў".

"Праваабаронцы, былыя палітвязьні, які сядзелі ў розны час у беларускіх турмах, лічаць, што ўвесь гэты досьвед, які агучваюць "палітычныя", ён вельмі важны, бо гэта адзіная магчымасьць раскрыць таямніцу беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы, паказаць калясальныя парушэньні правоў чалавека... Калі ўявіць сабе, што ўдзельнікі акцыі 19 сьнежня неўзабаве будуць вызваленыя, ці будзеце вы працягваць сваю дзейнасьць?"
Я змагаюся за ўсіх. Я ведаю, што Андрэй ніколі б не змагаўся за аднаго чалавека...

Вы ведаеце, мы ўчора гаварылі пра гэта паміж сабой: а што далей, калі, напрыклад, іх заўтра іх выпусьцяць? Я лекар, я не праваабаронца, не палітык, я не люблю займацца рознымі кампаніямі, гэта не маё хобі. Жыцьцё мяне прывучыла гэта рабіць. Як і многіх іншых. Мы лічым, што мы сваю кампанію не распусьцім, а перадамо яе тым, хто будзе вызвалены. Бо ўсё тое, што адбываецца з палітычнымі — гэта вяршыня айсбэрга. Мы памятаем пра ўсіх. Пра таго ж Аўтуховіча. Проста цяпер пра гэта не гаворыцца так шмат. Але хачу запэўніць, што мы абсалютна пра ўсіх іх памятаем. У нас вельмі шмат палітзьняволеных, несправядліва пакараных.

Я казала, што сама знайшла гэтых юрыстаў "H20 Law LLP". Тэарэтычна я магла клапаціцца толькі пра свайго брата і прасіць выключна за яго. Аднак я лічу гэта няправільным. Я змагаюся за ўсіх. Зразумела, найперш, у тым ліку, за свайго брата. Дзеля таго, каб людзі ў Беларусі маглі жыць свабодна. Я ведаю, што Андрэй ніколі б не змагаўся за аднаго чалавека. Ён змагаўся б за справядлівасьць, вось гэта мы і робім".