Мытнікі скардзяцца ў ААН

Дваццаць два былыя інспэктары мытні "Заходні Буг" і сем мэханікаў тэрміналу "Вэстаўта" учора абскардзілі ў Камітэце ААН па правах чалавека парушэньне ў дачыненьні да іх прынцыпаў справядлівага судовага разбору.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, аўтары скаргі былі асуджаныя Беларускім вайсковым судом да розных тэрмінаў пазбаўленьня волі за злоўжываньне службовым становішчам і дапамогу ва ўхіленьні ад выплаты мытных плацяжоў групай асоб.

У дачыненьні да 17 аўтараў скаргі прысуд быў вынесены 26 Кастрычніка 2004 году, у адносінах да 12-ці -- 5 жніўня 2005 году. У 2006 годзе вайсковая пракуратура выставіла грамадзянскі пазоў да ўсіх фігурантаў справы, які быў задаволены судом Маскоўскага раёну Берасьця. Паводле рашэньня суду, кожны асуджаны мусіць выплаціць ад 80 млн. да 2 млрд. рублёў.

Па словах Кісляка, у скарзе ў камітэт ААН былыя інспэктары і мэханікі заяўляюць, што яны невінаватыя і асуджаныя з парушэньнем шэрагу прынцыпаў справядлівага судовага разбору. У прыватнасьці, на іх думку, хадайніцтва па разглядзе дадатковых доказаў іх невінаватасьці былі адхіленыя судом без дастатковага абгрунтаваньня.

У заяве яны зьвяртаюць увагу на тое, што крымінальныя справы разглядаў Беларускі вайсковы суд, хаця ніводзін з абвінавачаных не зьяўляўся вайскоўцам і не прымаў прысягу. Заяўнікі лічаць, што суд не адпавядаў крытэру незалежнасьці і бесстароннасьці.

Як адзначаецца ў скарзе, у 2005 годзе пасьля вынясеньня прысудаў Дзяржаўны мытны камітэт прызнаў, што асуджанымі "не былі дапушчаныя парушэньні службовых абавязкаў".

Пасьля неаднаразовых зваротаў асуджаных сьледчая група, створаная ў 2007 годзе ў Генэральнай пракуратуры для правядзеньня дадатковага расьсьледаваньня, высьветліла, што з 40 асуджаных толькі 10 непасрэдна прымалі ўдзел у злачынстве. Астатнія 30 былі выкарыстаны злачынцамі "наўгад".

Як адзначыў праваабаронца, у камітэт ААН скардзяцца 29 зь іх, адзін асуджаны памёр у 2010 годзе.