"Казюкі" ў Горадні — дзясяты раз

У Горадні распачаўся кірмаш народных майстроў "Казюкі". Ён праводзіцца дзясяты раз, будзе працягвацца два дні.

На адкрыцьці гучала польская мова, беларуская, літоўская, расейская. Са сцэны пераважна сьпявалі польскія песьні. Раней арганізатары стараліся, каб была раўнавага зь беларускімі народнымі сьпевамі. Дарэчы, сьвяточны транспарант заўсёды быў на польскай і беларускай мовах. Сёлета беларускую замянілі на расейскую.




Назва сьвята “Казюкі” паходзіць ад імя сьвятога Казіміра — патрона Вялікага княства Літоўскага і заступніка рамесьнікаў. Ён быў сынам караля Казімера ІV Ягелончыка, памёр у Горадні ў Старым замку 4 сакавіка 1484 году, яму было 26 гадоў. Пахаваны ён быў у Вільні.