Мэдэкспэртызу пацярпеламу правялі праз 2 месяцы

У рэгіёнах Беларусі працягваецца перасьлед дэмакратычных актывістаў на падставе крымінальнай справы аб падзеях на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ў Менску. Разам з тым мясцовыя аддзелы пракуратуры, міліцыі і КДБ адмаўляюцца разглядаць скаргі апазыцыянэраў на супрацьпраўныя дзеяньні.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У чацьвер Берасьцейскі абласны суд не задаволіў скаргу Дзяніса Турчыняка — назіральніка руху "За свабоду" на мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбарах.

Дзяніс Турчыняк
Раней Дзяніс Турчыняк накіраваў скаргу ў ЦВК на дзеяньні Берасьцейскай выбарчай камісіі. Лідзія Ярмошына прызнала, што сапраўды на выбарчым участку № 98 у Берасьці было парушэньне Выбарчага кодэксу. Але чыноўнікі гарвыканкаму адмовіліся складаць адміністрацыйны пратакол на старшыню камісіі.

Па выніках сёньняшняга судовага разгляду Дзяніс Турчыняк заявіў, што суд стаў на бок чыноўнікаў:

"Судовае паседжаньне было даволі кароткім. Была зачытаная мая прыватная скарга. Суд пасьля гэтага вынес рашэньне, згодна зь якім мая скарга не была задаволеная".

Дакумэнты аб парушэньнях на выбарах у Берасьці будуць накіраваныя ў Камісію па правах чалавека ААН.

Дзяніс Турчыняк лічыць, што ня мае сэнсу зьвяртацца па справядлівасьць у Вярхоўны суд. Разам зь берасьцейскім праваабаронцам Раманам Кісьляком ён пачынае рыхтаваць дакумэнты да падачы іх у камісію па правах чалавека ААН. Тлумачыць Раман Кісьляк:

"Парушэньняў сапраўды даволі шмат. Цяпер вядзем збор сьведчаньняў пра такія парушэньні. Дакумэнты будзем перадаваць да разгляду ў камісію ААН па правах чалавека".

Пракуратура Ганцавіцкага раёну не пачынае разглядаць скаргу Маі Абромчык

Мая Абромчык з Ганцавічаў, якой пры разгоне акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску міліцыянты зламалі нагу, яшчэ ў студзені накіравала скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Маскоўскага раёну Менску. Да гэтага часу пракуроры не пачалі разглядаць справу, кажа Мая:

"Там пакуль справа не заведзена. Але гэта ўжо незаконна. Бо пракуроры спасылаюцца на тое, што пакуль ня маюць вынікаў судова-мэдычнай экспэртызы. Тым ня менш праваабаронцы кажуць, што гэтыя дакумэнты не патрэбныя. Справа магла б быць заведзена і бяз гэтых вынікаў".

Мая кажа, што рыхтуе скаргу на пракуратуру, якая, на думку дзяўчыны, адмыслова адкладвае рашэньне:

"Мне прыйшло паведамленьне з пракуратуры пра тое, што рашэньне па маёй скарзе працягнута да 18 сакавіка. Разам з праваабаронцамі і юрыстамі мы рыхтуем дакумэнты, каб падаць скаргу на пракуратуру, калі рашэньне ня будзе прынята ў хуткім часе".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


УКДБ па Магілёўскай вобласьці дапытала Аляксандра Сілкова


Аляксандар Сілкоў
У чацьвер у абласной управе КДБ дапыталі актывіста стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Аляксандра Сілкова. У будынак на вуліцы Ленінскай, 79 разам зь ім прыйшлі пятнаццаць ягоных калегаў па грамадзкай дзейнасьці.

Як патлумачыў Аляксандар Сілкоў, пасьля заявы Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў ізалятары КДБ ён асьцерагаецца бязь сьведак хадзіць да камітэтчыкаў. Таму й прыйшоў на допыт са сваімі калегамі.

Актывіст быў даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча. Ягонай выбарчай кампаніяй і цікавіўся опэрупаўнаважаны КДБ Аляксандар Церахаў. Актывісту ён задаваў восем пытаньняў.

"Я даў падпіску, што гэтыя пытаньні я ня буду разгалошваць. Не было ніводнага пытаньня пра мой удзел у падзеях 19 сьнежня. Яны адразу сказалі: "Мы й так ведаем, што вы ў гэты час займаліся іншымі справамі, і нас гэта не цікавіць. Нас цікавіць спадар Міхалевіч". Спадар Міхалевіч два месяцы змагаўся за сваё чэснае імя, а пасьля таго як ён зрабіў свой мужны ўчынак, у мяне такое склалася адчуваньне, што на яго “наскрабаюць” артыкул", — паведаміў адразу пасьля допыту Аляксандар Сілкоў.

Актывіст заяўляе, што будзе скардзіцца ў пракуратуру на камітэтчыка. Учора, як сьцьвярджае Сілкоў, ён абяцаў дапусьціць на допыт грамадзкага прадстаўніка альбо бясплатнага адваката. Абяцаньня свайго ня выканаў.

Юры Новікаў
Што да групы грамадзкіх актывістаў, то іх зьяўленьне ў будынку КДБ сталася нечаканасьцю для супрацоўнікаў спэцслужбы. Хвілін пятнаццаць за грамадой назіраў дзяжурны. Потым выйшаў апэратыўны супрацоўнік КДБ і загадаў усім выйсьці з будынка, бо, маўляў, гэта рэжымны аб’ект і знаходзіцца ў ім забаронена. Ля кабінэта, дзе праходзіў допыт, дазволілі застацца толькі актывісту Юрыю Новікаву. Ён апавядае:

"Я сядзеў побач. Нават мне было чуваць, што там ідзе гутарка. Там не было ні крыкаў, ні ніякага ціску. Наколькі маглі, мы спрабавалі кантраляваць працэс допыту Сілкова. У сьвятле той інфармацыі пра катаваньні, якую распавёў раней Міхалевіч — гэта проста жах — мы цяпер дужа хвалюемся за кожнага. Не выключаем, што такія захады могуць ужывацца да любога чалавека".

Аляксандра Сілкова ў КДБ выклікалі 1 сакавіка тэлефанаваньнем. 2 сакавіка на допыт актывіст прыйшоў са сваімі калегамі. Ад Аляксандара Церахава запатрабаваў выкананьня ўсіх фармальнасьцяў зьвязаных з выклікам. У выпісанай позьве камітэтчык пазначыў, што Сілкова зьбіраецца дапытаць як сьведку ў справе масавых беспарадкаў у Менску 19—20 сьнежня.

Аляксандар Сілкоў ідзе на допыт
Група падтрымкі Сілкова заходзіць у рэжымны аб’ект — КДБ

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Жонка актывіста нечакана стала… ваеннаабавязанай


У Гомелі Савецкі райаддзел міліцыі намагаецца ўзяць адбіткі пальцаў у Ірыны Кузьняцовай, жонкі кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі руху "За свабоду" Пятра Кузьняцова.

Калі сям’я Кузьняцовых стала высьвятляць у міліцэйскага дазнаўцы, на якой падставе ў Ірыны хочуць узяць адбіткі пальцаў, ім адказалі, што прозьвішча Ірыны Кузьняцовай значыцца ў сьпісах Міністэрства абароны.

Кузьняцоў: "Мне проста незразумела, як прозьвішча маёй жонкі магло трапіць у сьпісы Мінабароны, бо яна ня мэдык, а пэдагог. Гэта жанчыны-мэдыкі ваеннаабавязаныя, а мая жонка — не. Я не лічу, што тут можа быць палітыка. Тут проста нейкі маразм сыстэмы".

Гомельская журналістка дамагаецца вяртаньня забранай у яе працоўнай апаратуры

Ларыса Шчыракова
Сябра БАЖу, кіраўніца моладзевай суполкі "Талака" Ларыса Шчыракова, у якой падчас студзеньскага ператрусу супрацоўнікі Гомельскай управы КДБ забралі кампутары, дыктафон, відэакамэру, мабільныя тэлефоны, дыскі з архівамі беларускіх нацыянальных сьвятаў, патрабуе вярнуць усё гэта з чужога незаконнага карыстаньня:

"Я пісала на імя начальніка Гомельскага УКДБ, і я пісала ў пракуратуру. Мне адказала толькі пракуратура. Яны напісалі, што маю скаргу перанакіравалі ў генэральную пракуратуру, бо нібыта тая давала санкцыю. І больш нічога. А КДБ мне наагул не адказаў".

Непрыхаваны рабунак не дазваляе жанчыне займацца журналісцкай ды культурніцкай працай:

"Забралі, пазбавілі магчымасьці працаваць, выконваць прафэсійныя абавязкі. Трымаюць там. Проста нейкая шкадлівасьць у стылі старушэнцыі Шапакляк. Узяць, забраць — і трымаць да апошняга".

Уладзімер Кацора
Гомельскі грамадзкі актывіст, сябра АГП і руху "За свабоду" Ўладзімер Кацора лічыць, што перасьлед актывістаў у рэгіёнах, якія нават не былі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску, зьвязаны з "зачысткай" іншадумства і непадкантрольнай уладам ініцыятывы людзей:

"Гэтыя прэвэнтыўныя захады праводзяцца дзеля таго, каб паказаць у рэгіёнах, што ўсе актывісты — яны добра вядомыя і спэцслужбам, і ўладам. Гэта й напамінак пра тое, што калі яны й надалей будуць займацца грамадзкай дзейнасьцю, а тым больш палітычнай дзейнасьцю, то могуць быць і перасьледы, і новыя ператрусы, і допыты; і што для іх ня знойдзецца месца ў горадзе й раёне на працу й нават на пражываньне".


ВІЦЕБШЧЫНА


Журналіст Кастусь Шыталь чакае суду


Глыбоцкага актывіста, які працаваў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах, вінавацяць паводле адміністрацыйнага артыкула 9.10 у парушэньні выбарчага заканадаўства:

"Вінавацяць у тым, нібыта я праводзіў на ўчастку апытаньне выбарцаў, што назіральніку рабіць забаронена. Паводле гэтага артыкула пакараньнем можа быць або папярэджаньне, або штраф памерам да 15 базавых велічынь".

Кастусь Шыталь
Пратакол пра парушэньне быў складзены юрысконсультам Глыбоцкага райвыканкаму. А ініцыятарам судовай справы стала Марыя Мацулевіч, якая была назіральніцай на тым самым участку ад "Беларускага саюзу жанчын". Яна напісала скаргу ў пракуратуру, і пасьля праверкі было прынята рашэньне распачаць супраць Кастуся Шыталя судовы працэс.

У пратаколе з гарвыканкаму была пазначана дата пачатку — 3-га сакавіка. Але ў чацьвер, прыйшоўшы ў суд, журналіст убачыў, што разгляд справы не прызначаны.

"У нас не вяршэнства закону, а што выканкам скажа"

Судзьдзю, якую прызначылі разьбіраць справу, удалося адшукаць з дапамогай праваабаронцы Ганна Мартыноўскай, прадстаўніцы БХК, якая прыйшла ў суд падтрымаць актывіста:

"У сакратарыяце сказалі, што гэта Казак Ірына Станіславаўна. Яна спыталася: "Навошта ён прыйшоў?" Кажу: "Дык яго ж выклікалі, вось пратакол, там напісана, каб зьявіцца ў суд у столькі й столькі". Ясна, думаю, у нас жа не вяршэнства закону, а што Зібарава скажа".

Алена Зібарава была сакратаром раённай выбарчай камісіі, яна загадвае ў райвыканкаме аддзелам арганізацыйна-кадравай працы. Але судовыя органы не павінны падпарадкоўвацца выканаўчай уладзе, падкрэсьлівае праваабаронца, і таму недапушчальна, каб выканкам прызначаў дату суду без папярэдняга ўзгадненьня.

Тым ня менш так здарылася. Але на працэс не зьявіліся і самі прадстаўнікі выканкаму ды выбарчай камісіі. Кастусю Шыталю, чый асабісты час быў змарнаваны, загадалі чакаць позвы з афіцыйна прызначанай датай.

Актывіст лічыць, што ініцыяваная супраць яго адміністрацыйная справа — гэта спроба ціску за супрацоўніцтва зь незалежным сайтам www.westki.infо. Кастусь Шыталь піша на палітычныя тэмы, асьвятляў удзел прадстаўнікоў рэгіёну ў менскіх падзеях 19-га сьнежня, але самы вялікі рэзананс меў яго артыкул "Незалежны назіральнік пабачыў, як фальшавалі вынікі выбараў у Глыбокім", напісаны з уласнага назіральніцкага досьведу.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў раённая пракуратура праводзіць праверку і ў дачыненьні да яшчэ аднаго журналіста, рэдактара газэты "Вольнае Глыбокае" Ўладзімера Скрабатуна. Скаргу на яго напісалі таксама назіральнікі ад праўладных грамадзкіх структур. Яны цьвердзяць, што 19 сьнежня на выбарчым участку ён пагражаў "наладзіць рэвалюцыю" і "ўсіх узарваць", калі Аляксандар Лукашэнка набярэ больш за 35—40% галасоў. Спадар Скрабатун факт пагрозаў катэгарычна абвяргае.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Маці Алеся Кіркевіча: "Растаюць надзеі на вызваленьне сына з-за кратаў…"

Алесь Кіркевіч
Маладафронтавец з Горадні Алесь Кіркевіч сустрэўся з адвакатам у турме КДБ толькі празь месяц пасьля таго, як яму прад’явілі абвінавачаньне. Пра гэта паведаміла "Свабодзе" маці Алеся — спадарыня Ларыса.

Маці Алеся Кіркевіча, спадарыня Ларыса, распавядае, што першы раз адвакат бачыла яе сына 3 лютага, калі яму прад'яўлялі абвінавачваньне ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках на Плошчы.

І вось сёньня адвакат паведаміла ёй, што прысутнічала падчас правядзеньня мэдыцынскай экспэртызы ў адносінах да Алеся.

Са слоў маці, 19 сьнежня ў Алеся Кіркевіча была моцна разьбіта галава. Праўда, спадарыня Ларыса ня можа ўцяміць, якую экспэртызу можна праводзіць, калі пасьля гэтага прайшло больш за два месяцы.

Кіркевіч: "Якія цяпер можна знайсьці сьляды цялесных пашкоджаньняў? А ў яго галава 19-га была разьбіта сур’ёзна, таму што было шмат крыві. Калі ён прыехаў пасьля гэтых падзей дахаты, у яго куртка была ў крыві, і я яе адмывала. Галава была разьбітая ў двух месцах. А цяпер што? Ну, вядома, засталіся нейкія сьляды…"

Са слоў спадарыні Ларысы, адвакат ёй распавяла, што Алесь пачуваецца нармальна, болі ў сэрцы зьніклі. Зь яе слоў, адвакат ужо двойчы хадайнічала аб зьмене меры стрыманьня для Алеся Кіркевіча.

Кіркевіч: "Яна мне сказала, што чакае адказу на другое хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня, і калі адмовяць, то адразу напіша скаргу. І яшчэ я запыталася — якія пэрспэктывы справы? На што яна мне адказала: вы бачыце, як праходзяць суды…"

Спадарыня Ларыса кажа, што чым далей, тым болей яна губляе надзею на тое, што для яе сына ўсё можа скончыцца ўдала.

Нагадаю, што Алесь Кіркевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ у якасьці падазронага паводле часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Раней ён ужо адбываў у Менску 10-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасьці 24 сьнежня ля турмы на завулку Акрэсьціна ў Менску.